— Іван Філарэтавіч, калі немцы пачнуць наступаць, мы будзем змецены за гадзіну бою.
Чарназёмаў апусціў галаву — як бы задумаўся, што адказаць на гэта. Потым узняў галаву, бліснуў вачамі, агледзеўшы адразу ўсіх — Пастушэнку, Скуланя, Міру. Аднак спыніў позірк на Багуновічу.
— Што ж ты прапануеш? Адкрыць фронт без супраціўлення? Здаць немцам Петраград, Маскву? Няхай кайзер душыць рэвалюцыю?
На гэта Багуновіч не меў што адказаць. Спытаў няўпэўнена:
— А вы што прапануеце?
— Трэба стаяць насмерць! — адказаў Скулань.
— Навошта палохаеш людзей, Арвід? — ціха паправіў свайго камісара Чарназёмаў.— Будзем стаяць на жыццё. Трэба затрымаць немцаў. Да падыходу новых палкоў Чырвонай Арміі. Рабочых палкоў. Няма сумнення, што наша супраціўленне выкліча абурэнне нямецкіх салдат, якіх генералы кінуць у новую бойню. Два месяцы перамір'я, братанне, бальшавіцкая агітацыя — усё гэта не магло не прасвятліць іх мазгі. Хіба не так?
— Калі вы дэзерціруеце ўсе, Петраградскі полк усё адно будзе абараняць свой участак.,. Да апошняга байца! — усё з той жа рашучасцю, можа, залішне пафасна, сказаў латыш.— Таварыш Ленін як сказаў? Цяпер мы ўсе абаронцы...
— Мы не дэзерціры! — абурыўся Пастушэнка, але тут жа панізіў голас і ўсё роўна як растлумачыў: — Мы — ваенныя людзі, галубчык. Мы прысягалі... народу, рэвалюцыі. Канечне, мы будзем стаяць... Калі будзе загад...
Багуновіч прытуліўся да касяка акна, адчуваючы сябе бездапаможна знясіленым, загнаным у кут, з якога не было выйсця. Усё яшчэ кіпела злосць на ўрад, на галоўнае камандаванне. Што там робіцца наверсе? Адна рука не ведае, што робіць другая? Такога нават пры Керанскім не было. Аддаць загад аб дэмабілізацыі і праз суткі адмяніць. Чым яны думаюць?
Але агонь пад катлом патухаў. Ён разумеў, што паварот такі адбыўся не з-за чыйгосьці дзівацтва ці шаленства. І не з-за памылкі ад'ютанта ці тэлеграфіста. Нешта ж пэўна адбылося. Пятро Пятровіч сказаў разумна. Мы — ваенныя людзі. Так, мы гатовы абараняць свае пазіцыі. Але з кім, палкоўнік Пастушэнка? З кім? Праз тыдзень-другі мы застанёмся з вамі ўдвух. Ну, яшчэ Сцяпанаў, Міра... Можа, некалькі камітэтчыкаў-бальшавікоў, калі камітэт прагаласуе. Гэтымі сіламі вы хочаце спыніць немцаў? Наіўна. Неразумна. А што разумна? Што?
Чаму вы глядзіце на мяне? Чакаеце, што скажу я? Смешна. Панове... таварышы, я не фельдмаршал Кутузаў. Я ўсяго толькі паручнік Багуновіч, які ўзненавідзеў вайну праз тры месяцы пасля таго, як трапіў на яе, па дурасці сваёй, вольнапісаным. Калі вы хочаце ведаць, то салдаты выбралі мяне камандзірам за тое, што я ненавідзеў вайну. Я згадзіўся, паверыўшы ў мір. Я думаў, што памагу ім хутчэй скончыць вайну. А цяпер я павінен павесці іх на смерць?
Аднак яны сапраўды чакаюць, што я скажу. А што сказаць? Скласці з сябе камандаванне? Стаць дэзерцірам? Не! Дэзерцірам я не стану!
«Я знаю, што гэтага не даруеш і ты мне»,— сказаў ён Міры, набліжаючыся да яе, насцярожанай, бадай, спалоханай. Раптам вельмі захацелася ўзяць яе за руку і павесці з гэтага пакоя, дзе зноў запахла крывёю, ад лініі фронту, далёка-далёка, дзе цішыня, мір, спакой. А дзе ён, спакой? «Покой нам только снится».
Сяргей узяў Мірыну руку і, на здзіўленне ўсім і самому сабе, сказаў:
— Учора я ажаніўся. Гэта — мая жонка. Павіншуйце нас.
Былі моцныя лютаўскія маразы. Можа, апошнія перад прадвеснем. У такі сабачы холад нават у самы разгар вайны фронт заміраў, людзі, як краты, забіраліся ў зямлянкі, у падзямелле. Афіцэры пілі гарэлку і рэзаліся ў карты. Салдаты ў сваіх норах, там, дзе былі печкі і дровы, дасыпалі тая гадзіны, якія недаспалі ў час баёў.
Цяпер было не да сну. Багуновічу не спалася і ўначы, ды і астатнія, бачыў, былі даволі ўзбуджаныя, хоць да таго, што падпісанне міру сарвана, адносіліся па-рознаму: з горыччу, расчараваннем, недаўменнем, а некаторыя — з радасцю; радаваліся галоўным чынам эсэры. Багуновіча іх радасць не проста абурала, бо, здавалася, людзі гэтыя аплёўваюць тое, што робіць чалавека чалавекам. «Няўжо і Назар радуецца?» — думаў ён. Але заглянуць да суседа не было часу, ды і з'явілася нейкая боязь пакідаць полк. А раптам самае страшнае здарыцца, калі ён будзе адсутнічаць?
З цямна да цямна ён ездзіў з батальёна ў батальён, хадзіў з роты ў роту, прымушаў салдат чысціць акопы, прывесці ў парадак зброю, умацаваць кулямётныя гнёзды, пазіцыю батарэі, навучаў новых кулямётчыкаў і артылерыстаў замест тых, што самі сябе дэмабілізавалі; дэзерціравалі — слова было непапулярнае, бо, па сутнасці, Рэвалюцыя, Дэкрэты аб міры і аб зямлі як бы далі кожнаму свабоду вырашаць — заставацца ў арміі ці хутчэй ехаць дзяліць і араць зямлю.