Радавала хіба адно, што было амаль нечаканасцю: вучыліся салдаты новым ваенным спецыяльнасцям ахвотна. Можа, таму, што большасць такіх заняткаў праходзіла ў бліндажах, у цеплыні; батальёны займалі пазіцыі блізка ад лесу, і дроў хапала.
Але працаваць на марозе салдаты не хацелі. Гэта засмучала. Ён разумеў людзей, бо і сам амаль са страхам думаў раніцамі, што прыйдзецца нямала гадзін правесці пад нябеснай крышай, пад прыгожым, але вельмі ж астылым блакітам; здавалася, нават сонца выпраменьвала не цеплыню, а холад.
Аднак без працы немагчыма адрамантаваць даволі запушчаныя за два з палавінай месяцы перамір'я ўмацаванні. А без іх прыйдзецца або ўцякаць, падмазаўшы пяткі, ад першай жа нямецкай атакі, або паміраць бясслаўна, падставіўшы сябе пад нямецкія кулі.
Тое, што фронт, у выпадку нямецкага наступлення, утрымаць немагчыма — гэта Багуновіч ведаў, як «ойча наш». Але маюць рацыю Чарназёмаў, Скулань ды і свае — Пастушэнка, Сцяпанаў: кайзераўцам трэба паказаць, што рускія не страцілі здольнасці абараняць сваю радзіму, што паход немцаў у глыбіню рускіх зямель, на Петраград, Маскву не будзе трыумфальным, што за кожную вярсту новай тэрыторыі ім прыйдзецца дорага плаціць.
Толькі ў такім разе могуць працверазець нямецкія салдаты. Толькі ў такім разе!
Ён спрачаўся ў думках з самім сабой, з урадам, з Рудкоўскім, з Бульбай, з унтэрамі, з салдатамі, якія хаваліся ад работ, і з жонкай, якая спрабуе даказаць, што наступаць немцы не могуць, бо, як толькі будзе загад, салдаты, якія пазналі, што такое мір, пабраталіся з рускімі салдатамі, набраліся рэвалюцыйнага духу, тут жа павернуць штыкі супраць сваіх генералаў, афіцэраў. Ён хацеў верыць у гэта, але не мог. І Пастушэнка не верыў. Нават Сцяпанаў гатоў быў паверыць. Але яны з палкоўнікам лепш ведалі механізмы ваеннай машыны, асабліва нямецкай. «Заесці» гэтыя механізмы можа толькі наша супраціўленне. Першыя ж удары будуць зроблены па ўсіх правілах прускай ваеннай стратэгіі і тактыкі — на знішчэнне рэшткаў рускай арміі. На поўны разгром яе.
Міра таксама ўсе дні была ў ротах і ўзводах, вяла агітацыю.
Багуновіч папрасіў яе:
— Калі ласка, не ўбівай салдатам у галовы, што немцы не здолеюць наступаць. Ты будзеш аказваць дрэнную паслугу мне, камандзіру. Мы перашкодзім адно аднаму.
Міра спачатку разгубілася:
— Дык пра што ж мне гаварыць?
— Пра што? Я табе скажу — пра што. Мне вельмі спадабаліся словы Скуланя ці Чарназёмава, не помню, хто з іх гаварыў, ды гэта не мае значэння. Помніш, яны сказалі... Ленін вучыць, што цяпер усе мы сталі абаронцамі. Мы абавязаны абараняць Айчыну! Сацыялістычную. Было б добра, каб ты знайшла ў газетах ленінскае выступленне. Я хацеў бы пачытаць сам, уласнымі вачамі. Цяпер гэта вельмі важна, зразумей! Для мяне. Для салдат... Для ўсіх нас.
Міра здзівілася і ўзрадавалася: рэдка ён праяўляў такую цікавасць да работ Леніна, Маркса. Газетныя выступленні, праўда, чытаў. А каб кнігі іх пачытаў, дзе тэорыя рэвалюцыі... Заўсёды адбіваўся жартам:
— Я лепш пачытаю Чэхава. Мудрэйшы пісьменнік, я табе скажу.
У пачатку іх збліжэння Міра спрачалася да ахрыпласці. Пасля зразумела, што Сяргей дражніцца, бо ўбачыла неяк, што ўпотай ад яе заглядвае ён і ў марксісцкую літаратуру, якую яна прывозіла з аддзела агітацыі армейскага камітэта.
Пад вечар Багуновіч заглянуў у штаб — узнаць аб выніках паездкі інтэндантаў на армейскія склады. Божа літасцівы! Якія інтэнданты?! Непісьменныя яфрэйтары! З гэтай службы не засталося ніводнага афіцэра. Таму ён мусіў паслаць туды Пастушэнку. Парадаваўся, што таму ўдалося выбіць трохі патронаў, снарадаў і аўса. Авёс не толькі фураж, салдаты навучыліся абдзіраць авёс у ступах і варыць кашу. Голад усяму навучыць.
Чарназёмаву ён ахвотна расказваў пра свае справы па тэлефоне, па сутнасці, дакладваў, быццам каваль быў яго начальнікам; у іх нават выпрацаваўся код размовы — на выпадак таго, калі нямецкія разведчыкі могуць падключыцца да дроту. Цяпер ён не сумняваўся, што тады, калі ішлі з Мірай у штаб і ён падхапіў яе на рукі, з лесу выйшаў не рускі салдат — нямецкі. Пасля ахоўныя пасты пужалі варожых лазутчыкаў свістам — страляць Багуновіч строга забараніў: не даць немцам ніводнай, нават самай маленькай зачэпкі, каб сарваць перамір'е.
За правы свой фланг, дзе побач Петраградскі полк, можна было не турбавацца: гэтыя, трэба верыць, будуць стаяць насмерць. Трывожыў Бульба. Багуновіч двойчы пасылаў да яго веставога. Назар спачатку адказаў пісьмовым жартам, пасля лаянкай: «Сярожа! Свет — бардак! Плюнь на ўсё. Пайшлі яны...» — далей ішоў салёны салдацкі выраз, але незразумела было, хто — яны.