Яўна быў п'яны. Трэба з'ездзіць. Абавязкова трэба з'ездзіць.
Багуновіч лаяў штабы дывізіі і арміі, якія не давалі абсалютна ніякіх звестак ні аб стане абароны суседніх участкаў фронту, ні разведаных аб праціўніку: хто стаіць перад ім? Добра, што хлопцы Рудкоўскага яшчэ раней схадзілі ў нямецкі тыл і што-нішто прынеслі. Звесткі мала суцяшалі, але ўсё ж ён не адчуваў сябе сляпым і глухім. Ва ўсялякім разе, ён, камандзір, ведае, колькі батарэй можа ўдарыць па яго палку. Іншыя пры такой разладжанасці разведкі і гэтага, напэўна, не ведаюць.
4
Шаснаццатага лютага мароз аслаб, нахмурыла. Пырхаў сняжок. Уначы Багуновічу прыйшла думка змяніць пазіцыю батарэі, падцягнуць пушкі бліжэй, каб у выпадку нямецкай «псіхічнай» атакі маглі біць карцеччу.
Батарэйцам такая замена пазіцыі не спадабалася, бо трэба было вылазіць з абжытых зямлянак на пустое месца, дзе, пакуль укрыцці не пабудуюць, няма нават як пагрэцца. Батарэйцы ціха, без шуму, без бунту адмовіліся выконваць загад. Прыйшлося шукаць Сцяпанава, каб атрымаць рашэнне палкавога камітэта. Добра, што Сцяпанаў усе яго захады па абароне ўчастка палка лічыць правільнымі. Аднак усё роўна Багуновіч лічыў, што ў такі час падобная дэмакратыя не да месца. Сказаў пра гэта Сцяпанаву, Пастушэнку.
Палкоўнік змаўчаў. Сцяпанаў, які чуў пра гэта неаднойчы, сказаў без злосці, як бы з жалем, шкадаваннем:
— Ох, наляціш ты, Сяргей Валянцінавіч, на салдацкую кулю. Не ўсе ў рэвалюцыі разумныя, не ўсе адразу могуць сцяміць, што ты ім жа дабра хочаш.
Багуновіч не стаў спрачацца, толькі падумаў: «Добра, што Міра не чуе пра гэта».
Настрой яму сапсавала не абмежаванасць яго камандзірскай улады. Іншае.
Яго радавала, што, нягледзячы на магчымасць аднаўлення ваенных дзеянняў, самадэмабілізацыі было на дзіва мала, адзінкі дэзерціравалі, менш, чым у час трывалага перамір'я. Хацелася зразумець прычыну такой з'явы. Засталіся самыя свядомыя салдаты, якія разумеюць сваю адказнасць гэтак жа, як разумеюць ён, Пастушэнка, Сцяпанаў, камітэтчыкі-бальшавікі? Ці, можа, салдат стрымлівае яго расправа над дэзерцірам Межанем? Успамінаць Межаня было непрыемна, але Багуновіч пераконваў сябе, што ў любой арміі, у выключных выпадках, можа ўзнікаць сітуацыя, якая патрабуе і такой суровай меры. Больш турбавала, што лёгка вызваліўся ад пакут сумлення — чалавека забіў, не зайца! Ачарсцвеў, значыцца, і ён. Гэта палохала.
І раптам — як абухом па галаве звестка, што пасярод дня дэзерціраваў амаль увесь гаўбічны ўзвод. Гэта тым больш было незразумела, што са старой пазіцыі ён зняў пушкі, а гаўбіцы заставаліся там жа, каля цёплых зямлянак.
Багуновіч быў у штабе, калі звестку гэтую прынёс камандзір гарматы унтэр Рамашоў, член батарэйнага камітэта. Мабыць, ён моцна пабялеў, бо Пастушэнка папрасіў:
— Не трэба, Сяргей Валянцінавіч, голубе мой.
Палкоўнік, пэўна, думаў, што ён кінецца за батарэйцамі гэтак жа, як за Межанем.
Не, кінуцца другі раз ён не мог. Не было сілы нават на гнеў. Наступіла знясіленасць, з'явілася надзвычай небяспечнае пачуццё безвыходнасці, беспрасветнасці. А што, калі вось так здымуцца з перадавой усе роты, батарэі, батальёны?
Рамашова злосна распякаў Сцяпанаў: як ён, бальшавік, не ўбачыў змовы, не папярэдзіў такога масавага дэзерцірства?!
Кропляй суцяшэння было хіба адно, што Сцяпанаў ужываў тое ж слова — дэзерцірства, гаварыць якое некалі забараніў яму, каб не злаваць салдат.
Трэба было заткнуць шчыліну. Што што, а гарматы, калі спатрэбіцца, павінны біць усе — пушкі, гаўбіцы. Як і кулямёты. Але кім заткнуць? Дзе тыя людзі, якіх Молена за дзень, за тыдзень навучыць страляць з гаўбіцы? Кулямётчыкаў навучыць прасцей.
Але, як кажуць, бяда не ходзіць адна. Калі Багуновіч не вельмі ахвотна і без ведання мэты сабраўся ехаць на батарэю (Пастушэнка тут жа выказаў жаданне ехаць з ім), прыйшоў тэлеграфіст і з ленты спалоханым голасам прачытаў тэлеграму са штаба фронту:
«Нямецкае камандаванне заявіла, што яно аднаўляе ваенныя дзеянні васемнаццатага ў дванаццаць гадзін дня. Забяспечце эвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцей арміі, артылерыі і арсенала — у першую чаргу».
У Багуновіча пераняло дыханне, памлелі ногі. Не, ён не спалохаўся. Ён, можа, адзіны, хто ні на міг не сумняваўся, што немцы пачнуць наступленне, і рыхтаваўся да гэтага актыўна, дзейсна. Але ўсё ж тэлеграма яго ашаламіла. Перш за ўсё тэрмінам, пасля — указаннямі штаба. Ашаламленне перайшло ў абурэнне, і ён, пры тэлеграфісце, ужываючы самыя моцныя словы, пачаў выказваць сваё абурэнне: