— Сволачы! Па ўмовах перамір'я яны павінны былі заявіць аб гэтым за тыдзень. А нашы... тупагаловыя дурні! Я без вас ведаю, што пры адступленні трэба вывезці ў першую чаргу. Вы скажыце, што нам рабіць тут, на лініі фронту. Што нам рабіць? — крыкнуў ён Пастушэнку, спыніўшыся перад ім.
Стары палкоўнік, можа, упершыню ў жыцці не адказаў з армейскай дакладнасцю і інтэлігентнай далікатнасцю, а толькі паціснуў плячамі; ён таксама не ўяўляў, што можна рабіць у такой сітуацыі, як разумець тэлеграму: абараняцца? адступаць?
Сцяпанаў таксама нічога не сказаў, але моцна закашляўся. Адвярнуўшыся ў кут, выплюнуў макроту ў бруднаватую хусціну, падышоў да тэлефонаў і пачаў круціць ручку апарата сувязі з Пралетарскім палком. На другім канцы дроту яму адказаў Скулань.
Сцяпанаў спытаў без вітання, без звычайных уступных слоў:
— Вы маеце тэлеграму?
— Так, мы маем,— адказаў Скулань гучна, каб перакрычаць шумы.
— Што будзеце рабіць?
— Петраградскі пралетарскі полк будзе стаяць насмерць,— выразна, як прадыктаваў, адказаў латыш.
Сцяпанаў прыкрыў далонню трубку і паведаміў, бадай, з радасцю:
— Яны будуць стаяць...— толькі слова «смерць» не сказаў, палічыў, што яно лішняе.
Гэтая спакойная радасць сухотнага старшыні камітэта, што суседзі застаюцца верныя слову, надзвычай уразіла Багуновіча. Яму зрабілася сорамна за сваю нявытрыманасць. Раскрычаўся, як істэрычная паненка.
— Мы хочам сустрэцца,— крычаў між тым у трубку Сцяпанаў і, выслухаўшы адказ, паведаміў: — Чарназёмаў і Скулань прыедуць да нас увечары.
Але раней, чым прыехалі пралетарцы, з'явіўся Бульба-Любецкі. На падпітку. Вясёлы, ліхі, як казацкі атаман. Шапка па-заліхвацку ссунута набакір, бекеша расшпілена. Але Багуновіч, які лепш, чым хто, ведаў сябра, адразу адзначыў, што ўсё гэта паказное, У сапраўднасці Назар не толькі разгублены, але, бадай, спалоханы, хоць з жыцця яго і ўсіх паводзін можна было вывесці, што чалавек гэты ніколі нічога не баяўся. Ні бога, ні чорта, ні ўлады, ні немцаў.
Бульба спытаў з парога, не павітаўшыся:
— Чулі? Яны хочуць укусіць нас за с... Тэўтонскія сабакі! Кайзераўскія халуі!
Пастушэнка без слоў падняў са стала тэлеграфную ленту.
— Яны не ўкусіць хочуць. Задушыць.
— Няўжо яны думаюць, што мы падставім ім свае кадыкі? — сказаў Багуновіч.
Бульба здзівіўся яго спакою.
— Што ты будзеш рабіць?
— Ваяваць,— гэтак жа спакойна адказаў Багуновіч.
— З кім? — закрычаў Бульба.— Колькі ў цябе штыкоў?
— Пяцьсот чатырнаццаць,— адказаў Пастушэнка; яшчэ ўчора начштаба патрабаваў ад батальённых дакладныя спісы асабовага саставу.
— Адкуль? Дзе вы іх узялі? — не паверыў Бульба.
— Трохі менш,— удакладніў Багуновіч, маючы на ўвазе дэзерцірства гаўбічнага ўзвода.— Але ў нас ёсць добры рэзэрв — партызанскі атрад Рудкоўскага.
— Ну, ты проста Давыдаў! — скептычна выказаў сваё захапленне Бульба, але тут жа зноў як бы ўсумніўся: — Чым вы трымаеце гэтую сялянскую стыхію? У мяне... добра, калі набярэцца сотня. Полк,— хмыкнуў зняважліва.— Рэвалюцыя ўсіх дэмабілізавала. І нельга вініць іх! — і тут жа спытаў заклапочана і панура: — З кім ваяваць, Сяргей? Дарагі мой Давыдаў!
Кінуў папаху на стол, з разгону плюхнуўся на цвёрдае крэсла.
Багуновіч абышоў стол, стаў у Бульбы за спіной. Выслухаў пакручастую сябраву лаянку, паморшчыўся ад яе, убачыў, што і Пастушэнку яна не спадабалася, і, безумоўна, не таму, што ў іх такія ўжо па-жаноцку далікатныя вушы, проста абодва адчулі, што чалавек выплёсквае сваю роспач, можа, нават страх.
Калі Бульба вычарпаў набор нецэнзурных слоў, Сяргей сказаў:
— Не пакрыўдзішся, калі я зраблю табе адну прапанову?
— Давай! Я знаю — гэта прысуд вялікаму Бульбе! Але я не паненка. Я не пакрыўдзіўся, калі мяне асудзілі да смяротнай кары. Ад любога прысуду я раблюся толькі злейшы.
— У такім разе лепш маўчаць. Злосць твая нам без патрэбы, асабліва цяпер.
— Не ламайся, як салонная дзеўка. Пачаў — кажы.
Але Багуновіч яшчэ нейкі час думаў. Пасля адышоў да грубкі, прытуліўся спіной да гарачага кафелю і рашуча, як старэйшы камандзір, сказаў:
— Пастаў надзейны ўзвод на шляху, ля Былінкі. Задача яго: пратрымацца гадзіны дзве, не даць немцам зайсці ў тыл майго трэцяга батальёна. А сам... сам бяры батарэйцаў, запрагай гарматы і давай да мяне... камандзірам аб'яднанай батарэі.
Бульба не павярнуўся да Багуновіча, не здзівіўся, толькі нахіліўся над сталом, як бы схаваў вочы ад уважлівых вачэй Пастушэнкі, які сядзеў насупраць. Спытаў глуха: