Не вытрымаў: пазваніў дзяжурнаму ў штаб і папрасіў прыслаць веставога з яго канём. Імчаць! Аднаму ва ўсе бакі, ва ўсе батальёны, па ўсіх дарогах!
Але не паспеў прыехаць веставы, як Міра з'явілася на станцыі. Яе прывёз Скулань. Яна забрыла ажно да суседзяў, у Пралетарскі полк, і паўдня вывучала, як пастаўлена бальшавіцкая агітацыя ў петраградцаў.
Багуновіч уявіў маладога латыша, бадай, яго равесніка, з прыгожай каштанавай барадой і адчуў паганенькае пачуццё рэўнасці. Розумам усведамляў, што прыніжае гэтым пачуццём і сябе і жонку. Але адолець яго не мог. Чаго ён, гэты чортаў латыш, не пабачыўся з ім, не зайшоў пагрэцца, так хутка паехаў назад?
Раздражнёна папракнуў Міру: як можна ў такі час, нічога не сказаўшы, без суправаджэння забірацца бог ведае куды? Яна прызнавала сябе вінаватай. Але гэта толькі вярэдзіла рану рэўнасці. Асабліва не спадабалася, як яна пачала расказваць аб Петраградскім палку — узбуджана і радасна. А чаму радавацца? Чаму? Што паслязаўтра немцы абрушаць на нас свой агонь? Ён спытаў, ці ведае яна пра нямецкае наступленне. Ведае.
— Дык чаму ж ты радуешся? — спытаў ён амаль злосна.
— Я не радуюся. Я радуюся за тых людзей, Сярожа, гэта сапраўдныя рэвалюцыянеры!
— Гэта — мішэні для нямецкіх пушак!
Міра крыкнула ў роспачы:
— Сярожа! Не трэба так! Не трэба так! Я прашу цябе.
Стала шкада яе. Урэшце, не трэба забываць, што яна жанчына. Якая жанчына? Дзіця! І дагэтуль вайну бачыла толькі ў мінскім шпіталі, дзе рабіла па заданні бальшавіцкай арганізацыі; партыя пасылала сваіх людзей ва ўсе ваенныя ўстановы, таму і атрымала падтрымку салдат.
Яны ішлі да кватэры моўчкі, абое вінаватыя.
Рэўнасць у Сяргея знікла, але сапраўды засталася як бы вінаватасць за сваё абразлівае пачуццё, за дурныя думкі. Да чаго ж недасканалы яшчэ чалавек! Да чаго ж ён цёмны раб розных забабонаў, якія вякамі ўніжалі яго, фарміравалі такую ж рабскую псіхалогію.
У пакоі, асцярожна абыходзячы тое, галоўнае, што хвалявала абаіх, яны гаварылі пра розныя бытавыя дробязі.
Сяргея трывожыла, што яна больш не расказвае пра свой паход да пралетарцаў — безумоўна, адчула, што яму не спадабалася гэта. Ён выбіраў зручны момант, каб неяк тактоўна вярнуць яе да таго радаснага расказу.
Прыйшоў Баранскас, які пасля таго, як з'явілася Міра, далікатна пакінуў іх у дзяжурным пакоі станцыі.
Загады камандзіра аб знішчэнні маёмасці, за якую ён адказваў, моцна ўсхвалявалі яго. Яму хацелася шмат што высветліць. Як што рабіць? З якімі людзьмі? Якія дакументы для свайго апраўдання ён атрымае? Ва ўласнай кватэры ён адчуваў сябе больш упэўнена: у выпадку чаго паможа рашучая Альжбета, ды і кватарант тут, напэўна, «скіне мундзір».
Баранскас запрасіў Багуновіча на сваю палавіну. Добра, што Альжбета побач, але нежаночая гэта справа — іх ваенныя клопаты. Жонка і дачка сядзелі ў спальні. А яны гутарылі ў гасцінай, без чаю.
На гэты раз начальніка станцыі ўразіла абыякавасць камандзіра, які гадзіну назад аддаваў такія рашучыя загады. Цяпер ён выглядаў страшэнна змораным чалавекам, які слухаў і, здавалася, мала што чуў, адказваў неўпапад і думаў хіба пра адно: рабіце, як хочаце, толькі пакіньце мяне ў спакоі.
Баранскас здзівіўся такой розніцы ў паводзінах аднаго і таго ж чалавека, але не пакрыўдзіўся. Адчуваў: нешта іншае, тое, што кранае мацней, глыбей, усхвалявала камандзіра. Са свайго нялёгкага вопыту ён ведаў, што часта прычынай такой узрушанасці бывае родная жонка. Ах, гэтыя жанчыны! І без іх немагчыма, і з імі нялёгка!
Стары нават настроіўся супраць Міры: рана ты паказваеш кіпцюркі, а галоўнае, не ў час выбіваеш такога чалавека з раўнавагі.
Багуновіч вярнуўся ў свой пакой.
Міра сядзела на ложку, захутаўшыся ў коўдру.
— Зноў перамерзла? — сказаў Сяргей з папрокам.— Глядзі, хварэць больш не дам! Няма калі!
Яна ціхенька засмяялася. Смех яе растапіў апошнія льдзінкі яго рэўнасці, крыўды, злосці — за бяздумны ўчынак яе. Хоць чаму, уласна кажучы, бяздумны? Напэўна, у яе была душэўная патрэба схадзіць да петраградцаў.
— Я скіпячу чай.
— Дзякую. Не хачу. Мяне добра накармілі.
Зноў варухнулася ў ім нядобрае, ён хмыкнуў:
— Накармілі! Яны такія багачы?
— Сярожа! Я не панскага роду. Грачнёвая каша з алеем — найлепшы ласунак.
Хораша яна ўмее супакойваць! Самымі звычайнымі словамі.
Багуновіч прысеў да стала, дастаў паперу, завастрыў сцізорыкам каляровыя карандашы. Хацелася перанесці на паперу тое, што склалася за цяжкі дзень у галаве,— схему бою і схему вываду людзей з-пад агню. Што пасля нядоўгага бою прыйдзецца адступаць — сумненняў не было. Але бой павінен быць такі, каб немцы запомнілі яго. І адступленне каб не ператварылася ва ўцёкі, у панічнае бегства соцень людзей. Кутузаўскае павінна быць адступленне, пераможнае. Найменшыя страты — вось іх перамога ў такой сітуацыі. А гэта ў значнай ступені залежыць ад яго камандзірскага ўмення.