Уладзімір Ільіч уважліва прачытаў парадак дня. Колькі пытанняў выкрасліў, некаторыя, наадварот, падкрэсліў, адзначаючы іх выключную важнасць.
Большасць пытанняў было гаспадарчых, эканамічных — мірных.
Напрыклад, аб'яўленне капіталаў пазыка-ашчадных, дапаможных, пенсійных, эмерытальных кас недатыкальнымі. Ці асігнаванне ста тысяч рублёў на Паўночную экспедыцыю СНК па ахове скарбаў РСФСР, якія знаходзіліся ў Архангельскай губерні. Хоць наўрад ці «мірнае» гэтае пытанне. Скарб трэба захаваць не толькі ад сваіх зладзеяў, але і ад замежных: на Архангельск «востраць зубы» англічане. У выпадку іх высадкі не даць ім захапіць народныя багацці. Не даць ім вывезці ні грама золата, ніводнай карціны.
Крыленка і Падвойскі вельмі своечасова папрасілі прыняць дэкрэт аб выплаце сутачных дэмабілізаваным салдатам, якія часова застаюцца ў сваіх часцях. Архіважна затрымаць у франтавых часцях людзей, якія ў выпадку нямецкага наступлення маглі б аказаць хоць якое-небудзь супраціўленне, хоць такое, каб Вільгельм і Гіндэнбург зразумелі, што наш фронт не адкрыты, як паабяцаў ім гэта Троцкі сваёй формулай «ні міру, ні вайны».
Ад думкі пра мір у Леніна трывожна ёкнула сэрца. Непадпісанне Троцкім міру насуперак яснай дырэктыве Саўнаркома падобна на грандыёзную правакацыю. За такое наркома трэба аддаваць суду, партыйнаму — абавязкова. Каб не пазіцыя «левых» камуністаў і левых эсэраў, якія падтрымліваюць авантуру Троцкага, Ленін патрабаваў бы партыйнага суда. Але ў такой сітуацыі ўдар па Троцкаму можа прывесці да адстаўкі наркомаў-эсэраў, да расколу ў ЦК бальшавіцкай партыі. А гэта непажадана ў такі адказны час. Гэтым карыстаецца Троцкі. З Брэста ён вярнуўся з выглядам пераможцы. Вясёлы. Як заўсёды ўпэўнены ў правільнасці свайго рашэння.
Леніна абурала такая нахабная самаўпэўненасць. Але пры сваім становішчы главы ўрада ён мусіў вельмі спакойна выслухоўваць даклад кіраўніка дэлегацыі. Так, нямецкія імперыялісты — разбойнікі, навязвалі яны архіцяжкі мір. Аднак няма сумнення, што ён быў бы лягчэйшы, чым той, які прыйдзецца заключаць, калі немцы пачнуць ваенныя дзеянні. «Ваяваць» можа толькі Бухарын і яго левыя фразёры. На паперы. У безадказных выступленнях. Рэспубліка ваяваць не можа. Непісьменныя салдаты гэта выдатна разумеюць, а да высокаадукаваных інтэлігентаў, якія называюць сябе марксістамі, гэта не даходзіць, ніяк нельга ўцяльмяшыць простыя ісціны ў іх занадта мудрыя галовы.
Троцкі даводзіў, што нямецкі генштаб не адважыцца аднавіць ваенныя дзеянні — пабаіцца працоўных. Наступаць на рэспубліку рабочых і сялян, якая абвясціла аб міры і дэмабілізуе сваю армію,— гэта такая подласць, якую пралетарыят Германіі ніколі не даруе.
Ленін хацеў верыць... Ленін верыў у рэвалюцыйнасць нямецкіх рабочых. Аднак рэвалюцыйная сітуацыя — рэч даволі складаная, яна патрабуе спалучэння многіх фактараў. У Германіі чагось не хапае. Чаго? Ах, як мала часу! А так патрэбна прааналізаваць становішча ў краінах, якія ваююць. Англію і Францыю корміць багатая Амерыка. Выступленні пралетарыяту ў гэтых краінах эпізадычныя і ў няпоўнай меры скіраваны супраць вайны — не выветрыўся яшчэ чад урапатрыятызму. У Германіі становішча іншае. І аднак усе спадзяванні нашы на блізкую рэвалюцыю не апраўдваюцца. У чым прычына? Раскол сацыял-дэмакратыі? Зараза нацыянал-шавінізму? Слабасць інтэрнацыяналістаў? Знаходжанне ў турме Карла Лібкнехта?
Учора Ленін яшчэ раз прынімаў Рамана Аўрамава, які паехаў у Берлін. Яны абгаварылі многія праблемы сацыял-дэмакратычнага руху і адносін з Германіяй, паколькі Аўрамаў — член эканамічнай камісіі Чацвярнога саюза. Але, можа, самае галоўнае ў іх размове — гэта яго, Леніна, даручэнне Аўрамаву перадаць арганізатару групы «Спартак» Тышке, што нямецкія таварышы не павінны ні на міг забываць: далейшае ўмацаванне Савецкай улады ў Расіі з'яўляецца справай і абавязкам не толькі рускіх, але і нямецкіх рабочых.
Будзе найвялікшым шчасцем, калі генералітэт кайзера з боязі рэвалюцыйнага выбуху не адважыцца кінуць свае войскі на Расію. Паступленню на ўсходзе маглі б перашкодзіць актыўныя дзеянні войск Антанты на захадзе. Але актыўнасці такой няма. Наадварот, усё — ад прамовы Вільсана да дзеянняў нават такіх дыпламатаў, як Робінс і Садуль,— гаворыць за тое, што былыя саюзнікі Расіі вельмі зацікаўлены, каб немцы пайшлі на Савецкую Расію. Жак Садуль у гутарцы тры дні назад даў зразумець, што пасол Нуланс і яго калегі надзвычай узрадаваліся таму, што мірныя перагаворы сарваліся. Гэтак жа радуецца, безумоўна, і Клемансо.