Выбрать главу

Чартоўскі хочацца верыць, што немцы не стануць наступаць! Няхай бы адчуваў сябе пераможцам Троцкі, абы не вайна!

Але вялікі рэвалюцыйны рамантык, Ленін заўсёды заставаўся самым цвярозым рэалістам.

Троцкі набраўся нахабства выказаць незадавальненне супраць таго, што Ленін адмяніў загад Крыленкі аб дэмабілізацыі арміі, які Глаўкаверх аддаў па тэлеграме Троцкага з Брэста.

Стрымліваючы гнеў, Уладзімір Ільіч адказаў:

— Мабілізацыя і дэмабілізацыя арміі — прэрагатыва ўрада, а не асобнага міністра, нават калі ён міністр замежных спраў і самы мудры ва ўрадзе.

Гнеўны ленінскі сарказм, схаваны за стоенай ветлівасцю, Троцкі даўно, з эміграцыі, навучыўся чуйна лавіць і разумець.

Нарком мусіў панізіць голас. Але не супакоіўся — падбухторыў Урыцкага зрабіць запыт на пасяджэнні Саўнаркома. Зачэпкай было распараджэнне Леніна аб закрыцці вячэрняй газеты «Эхо», якая апублікавала загад Крыленка

Ленін адказаў, што планы дэмабілізацыі, як і мабілізацыі, нават у самай спакойнай абстаноўцы з'яўляюцца ваеннай тайнай. Ён прачытаў нядаўняе пісьмо начальніка штаба арміі Міхаіла Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча, які звяртае ўвагу на недапушчальнасць публікацыі таго, што мае сакрэтнае значэнне.

Члены ўрада згадзіліся з Леніным. Троцкі хітра маўчаў; за яго гаварылі хаўруснікі.

Усе гэтыя дні Леніну было непрыемна размаўляць з Троцкім, па ўсіх замежных справах ён, цераз галаву наркома, звяртаўся да Чычэрына. Георгій Васільевіч актыўна і кампетэнтна ўключыўся ў работу наркамата, арганізуючы гэтую работу зусім па-новаму.

Троцкі гэта адчуў і пазбягаў сустрэч з Леніным, нават не з'явіўся на два пасяджэнні Саўнаркома. Займаўся тым, што згуртоўваў сваіх аднадумцаў і падбухторваў левых крыкуноў. Сам ён, між іншым, таксама не вельмі верыў, што немцы не будуць наступаць. Больш таго, яму хацелася, каб яны аднавілі ваенныя дзеянні. Тады Леніну прыйшлося б згадзіцца з «левымі» і пачаць рэвалюцыйную вайну. Ляснула б яго тэорыя перадышкі, а заадно — і яго тэорыя перамогі сацыялістычнай рэвалюцыі ў адной краіне, такой мужыцкай, дзікай, як Расія.

Ленін глыбока задумаўся. Не, трывожыць яго не Троцкі ў выпадку нямецкага наступлення. Пры ўсёй сваёй самаўпэўненасці ён плюхнецца ў лужыну і мусіць вызваліць пост наркома па замежных справах. Трывожаць «левыя», якія зноў актывізаваліся і з новай сілай даводзяць, што ніякага міру з імперыялістамі быць не можа.

Леніна моцна ўстрывожыла, што, нягледзячы на яго тэлеграму, якую паслалі ў Стаўку раніцой адзінаццатага, Мікалай Васільевіч Крыленка ўсё-такі аддаў загад аб дэмабілізацыі арміі. Прыйшлося адмяняць яго загад рашэннем Саўнаркома. Дзеянні камандуючага пацвярджаюць думку, што трэба сачыць пільна не толькі за «левымі», але і за ваеннымі патрэбен большы кантроль. Дэмакратыя — вялікая заваёва рэвалюцыі, аднак у арміі яна павінна мець пэўныя межы.

Крыленку можна зразумець: яму хацелася хутчэй пазбавіцца ад старой арміі. А пазбаўляцца зараз нельга. Нельга, таварышы! Трэба зрабіць максімум намаганняў для ўмацавання абароны рэспублікі!

Уладзімір Ільіч успомніў учарашняе пасяджэнне Саўнаркома, дзе па яго прапанове абмеркавалі стратэгічнае становішча на моры ў выпадку актыўных дзеянняў Германіі. Было суцешна, што абмеркаванне прайшло вельмі сур'ёзна. Дыбенка зрабіў грунтоўны даклад, хоць, магчыма, трохі з ухілам да самазаспакаення, да перабольшання баявой гатоўнасці рускага флоту. Безумоўна, матросы — апора рэвалюцыі. Але матросы — тыя ж сяляне, ім таксама хочацца дадому, дзе дзеляць памешчыцкія землі. Знамянальна, што ніхто, нават з левых эсэраў, не ўчыніў ніякай абструкцыі пастанове, усе пагадзіліся з неабходнасцю ўмацавання марскіх рубяжоў, асабліва на подступах да Петраграда.

У сённяшнім парадку — абвяшчэнне чыгунак на ваенным становішчы. Як пройдзе гэтая ідэя? Падвойскі, Свярдлоў, Сталін і Дзяржынскі, з якімі Уладзімір Ільіч паспеў параіцца, падтрымалі такую важную меру ва ўмацаванні абароны. Чыгунка з засіллем на ёй вікжэлеўцаў-меншавікоў, эсэраў можа стаць ахілесавай пятой пры абароне, а тым больш — пры адступленні арміі. Без наладжанай чыгункі накопленая ў прыфрантавой зоне ваенная маёмасць апынецца ў немцаў. Дапусціць гэтага ніяк нельга! Ваеннае становішча. Ваенная дысцыпліна. Падначаленне чыгуначных чыноўнікаў камандзірам і салдацкім Саветам! Толькі так перад пагрозай нямецкага нашэсця! Відаць, дэкрэт гэты пройдзе нялёгка. Хто можа выступіць супраць? Штэйнберг? Добра загадзя ведаць апанентаў і іх аргументы. З тактычных меркаванняў Ленін перанёс пытанне аб чыгунках з ліку першых у сярэдзіну парадку дня. Быццам бы радавое — побач з асігнаваннем 25 тысяч рублёў Савету горада Сольцы на неадкладныя патрэбы насельніцтва.