Няўжо «левыя» не чытаюць французскіх газет? На што яны спадзяюцца, заклікаючы да рэвалюцыйнай вайны? Як гэта небяспечна, калі людзі трымаюцца адной тэорыі, адных догм і лозунгаў і не хочуць бачыць таго, што робіцца навокал, ігнаруюць жывую практыку, тыя канкрэтныя ўмовы, якімі абумоўлена развіццё рэвалюцыі.
Цяпер памагчы пралетарскім рэвалюцыянерам на Захадзе, нацыянальна-вызваленчаму руху на Усходзе можа толькі Расійская Рэспубліка Саветаў, яе ўмацаванне, яе поспехі ў арганізацыі эканомікі на абсалютна новай аснове. Як гэта, здаецца, проста! І як, выходзіць, цяжка зразумець такую ісціну некаторым людзям!
Апартунізм, любы — левы і правы,— што цяжкія гіры. Няўжо да Бухарына, да Ломава гіры гэтыя прыкуты так моцна, што іх немагчыма збіць?
Законы барацьбы нярэдка аб'ядноўваюць апартуністаў усіх масцей. Троцкі, які займае нібыта «правую» пазіцыю, гатовы пайсці на паклон да англа-амерыканскага імперыялізму, аддаць ім Уладзівасток, Мурманск, у пытанні вайны і міру цесна змыкаецца з «левымі». Заканамерная з'ява! «Правыя» спаўзаюць улева, левыя, што маятнік, хістаюцца ва ўсе бакі. Можна было з дапамогай Троцкага сарваць мірныя перагаворы — пайшлі на змову з Троцкім.
Ленін адарваўся ад газет, задумаўся. Яму не хацелася б карыстацца такім словам, як змова, але іншага няма для вызначэння авантуры ў Брэсце.
Нечакана ў кабінет увайшоў Троцкі, ніколі не з'яўляўся так позна. Выгляд у яго быў як бы разгублены, чаго з Троцкім ніколі не здаралася, ён не губляўся ні ў якой сітуацыі. Ленін зразумеў, што здарылася незвычайнае. Сціснулася сэрца: вайна!
— Прашу прабачыць, Уладзімір Ільіч,— перапрасіў Троцкі.— Я адлучаўся ў наркамат. Мяне выклікалі. Тэлеграма ад генерала Самойлы, які знаходзіцца ў Брэсце... застаўся, каб ліквідаваць справы дэлегацыі, разлічыцца з немцамі.
Ленін не пажадаў, каб тэлеграму чытаў Троцкі,— рашуча працягнуў руку.
«Сёння ў 19 гадзін 30 мінут ад генерала Гофмана мне афіцыйна заяўлена, што 18 лютага ў 12 гадзін заканчваецца заключанае Расійскай Рэспублікай перамір'е і пачынаецца зноў стан вайны».
Кроў ударыла ў галаву. Гэта была ўжо не проста раздражнёнасць супраць Троцкага, з якой Ленін працаваў апошнія пяць дзён.
Уладзімір Ільіч трохі не скамечыў паперу, пальцы сціснуліся. Аднак спахапіўся. Яго становішча прымушае да стрыманасці. Дастаў з камізэлькі гадзіннік. Адзначыў, што Троцкі прабыў у наркамаце больш дзвюх гадзін. І не пазваніў. Чым ён займаўся там, атрымаўшы такую архітэрміновую тэлеграму? Звязваўся з немцамі? Правяраў?
Заспакоены раўнавагай Леніна, які ніводным рухам не выдаў свайго душэўнага стану, Троцкі плюхнуўся ў крэсла каля стала Старшыні Саўнаркома і з уласцівай яму самаўпэўненасцю сказаў:
— Думаю, што гэта правакацыя, Пузаты Самойла гэты — царскі выкармак. Контрразведчык. Шпіён. Невядома толькі — чый зараз. У Брэсце ён нюхаўся з Гофманам. Прагульваўся з графам Чарніным. Я не здзіўлюся, калі ён застанецца ў немцаў, учыніўшы нам правакацыю.
Ленін не ведаў асабіста Самойлу, але помніў, якую характарыстыку давалі генералу Крыленка і браты Бонч-Бруевічы.
У іншы час Ленін, напэўна, абурыўся б такім ганьбаваннем чалавека, ваеннага спецыяліста. Але цяпер ён не ўткнуў у паклёп Троцкага на Самойлу — не пра гэта думаў.
Ленін падумаў: усё ў тэлеграме праўда — і ўжо прыкідваў, што належыць зрабіць, каб абараніцца ад гэтай злавеснай праўды.
— Дапускаю іншы варыянт — што тэлеграма не ад Самойлы. Я спрабаваў звязацца з ім — немцы сувязі не далі. Магчыма, што Гофман вырашыў нас спалохаць, каб прымусіць прыняць ганебны мір. Але мы не з баязлівых. Няхай паспрабуе Гофман наступаць... Паглядзім, што з гэтага выйдзе. Нямецкі рабочы клас тут жа ўзніме сцягі рэвалюцыі.
«Якая дэмагогія!» — Ленін паморшчыўся. Выйшаў з-за стала, прайшоўся да дзвярэй і адтуль сказаў, стрымліваючы гнеў:
— Таварыш Троцкі! Даволі рэвалюцыйных фраз! Мы іх сказалі больш, чым трэба.
Троцкі, заўсёды самаўпэўнены, тут сумеўся, бо адчуў у голасе Леніна буру.
— Немцы пачнуць наступленне! У гэтым няма сумнення. Нямецкі рабочы клас нас не ратуе. Ратавацца трэба самім. Заключэннем міру! — Уладзімір Ільіч спыніўся перад Троцкім і сказаў токам камандзіра на полі бою: — Зараз жа тэлеграфуйце Кюльману наш пратэст. Па ўмовах перамір'я яны павінны аб'явіць аб аднаўленні вайны за тыдзень. А не за суткі. З сямі дзён немцы ўкралі ў нас пяць. Гэта бандыцкі прыём. Але мы мусім скарыцца перад разбойнікамі. Перадайце, што мы прынімаем брэсцкія ўмовы міру!..