Выбрать главу

— Я хачу зрабіць нечарговае паведамленне, каб членам ЦК было зразумела. Я па-ранейшаму лічу правакацыяй Самойлы ці Гофмана заяву аб аднаўленні ваенных дзеянняў. Я ўчора яшчэ даў радыё нямецкаму ўраду, штабу Гофмана з просьбай растлумачыць непаразуменне. Адказу няма. Тэлеграфнай сувязі не даюць ні з Брэстам, ні з Берлінам.

— Гэтага вам мала? — спытаў Ленін і звярнуўся да членаў ЦК: — Я ні на ёту не сумняваюся, што заўтра немцы пачнуць наступленне. Не трэба нас закалыхваць, таварыш Троцкі. Бесклапотнасць можа дорага абысціся.

— У страху вялікія вочы,— кінуў Урыцкі.

Ленін не адказаў на гэты бестактоўны выпад; «левыя» нярэдка вялі сябе, як гімназісты на класнай сходцы.

Ленін прадаўжаў:

— Якаў Міхайлавіч правільна сказаў: слоў было даволі, самых гучных фраз. А з фактамі нашы маладыя таварышы не хацелі лічыцца. А факты — вось яны... спыненне немцамі ўсялякіх зносін і відавочная актывізацыя іх часцей на лініі фронту. Троцкі стараецца нас закалыхаць. Не, таварышы! Цяпер мы не можам не лічыцца з фактамі. Скажам проста: еўрапейская рэвалюцыя, насуперак нашаму жаданню, пасмела запазніцца, а нямецкі імперыялізм, насуперак нашаму жаданню, пасмеў наступаць.

— Яшчэ не пасмеў,— сказаў Троцкі.

— Калі наступленне пачнецца, мы апынёмся перад катастрофай. Час рэвалюцыйных фраз мінуў. Наступіў час, каб дзейнічаць. Хадземце да рабочых, да сялян, і мы пачуем адзін адказ, што мы не можам весці вайну ні ў якім разе, у нас няма арміі, няма фізічных сіл. Масы зразумеюць нас і апраўдаюць падпісанне самага няшчаснага міру...

«Левыя» абурана заварушыліся, але змаўчалі — паважалі Леніна пры ўсёй сваёй нязгодзе з ім: Ленін ёсць Ленін.

— Таварышы, не падпісаць міру — значыцца, паддацца на правакацыю рускай буржуазіі, якая чакае наступлення немцаў, якая спадзяецца з дапамогай нямецкіх штыкоў звергнуць Савецкую ўладу. У сваіх студзеньскіх тэзісах я пісаў, што калі мы адмовімся падпісаць той мір, які нам прапанавалі, то паражэнне прымусіць Расію заключыць яшчэ больш нявыгадны сепаратны мір. І вельмі можа быць — падпіша яго іншы ўрад. Калі мы не звернемся сёння з нашай згодай прыняць брэсцкія ўмовы і будзем мець шырокае нямецкае наступленне, мы будзем вымушаны, я не сумняваюся ў гэтым, у бліжэйшыя дні прыняць больш цяжкія ўмовы, якія нам прадыктуюць. Калі толькі мы не хочам здаць рэвалюцыю на злом. Трэба сёння ж, неадкладна, не трацячы час на дыскусіі, звярнуцца да ўрада імперыялістычнай Германіі аб нашай згодзе ўступіць у новыя перагаворы для падпісання міру. Іншага выйсця ў нас няма.

За Леніным выступіў Троцкі. З непатрэбным у такой вузкай аўдыторыі пафасам ён сказаў, што не верыць у магчымасць нямецкага наступлення.

— У Германіі спыненне вайны было сустрэта з радасцю. Я веру, што наступленне выкліча сур'ёзны ўзрыў нямецкага пралетарыяту. Таму зусім лагічна, каб мы пачакалі, які эфект зробіць наступленне, калі яно ўвогуле будзе, я ўсё яшчэ сумняваюся ў яго магчымасці, думаю, што Гофман разлічвае на псіхалагічны эфект. Урыцкі правільна вызначыў стан некаторых таварышаў: у страху вялікія вочы. У рэвалюцыянераў не павінна быць страху ні перад якімі выпрабаваннямі.

«Якая дэмагогія»,— зноў падумаў Уладзімір Ільіч.

— Наступленне? Добра, няхай будзе наступленне. Масы — і ў нас, і ў Германіі — глыбей зразумеюць сутнасць імперыялізму. Мірнымі перагаворамі мы многіх збілі з панталыку. Масы павінны пераварыць сітуацыю. Падпісанне міру цяпер жа, да наступлення, толькі ўнясе сумбур у нашы рады...

Бухарын гаварыў больш асцярожна, чым звычайна, як бы з аглядкай, без пафасу і гучных фраз.

Ленін адразу адзначыў, што Бухарын раптам злез са свайго канька — ні слова пра тое, што ў адказ на нямецкае наступленне трэба тут жа ўзняць на «рэвалюцыйную вайну» сялянства. Лідэр «левых» стараўся адцягнуць увагу ад практычнага рашэння тэарэтычнымі разважаннямі.

Бухарын сказаў:

— Згода ка мір пры даных умовах з'яўляецца капітуляцыяй перадавога атрада міжнароднага пралетарыяту перад міжнароднай буржуазіяй. Гісторыя не даруе нам.

Ленін выслухаў Бухарына да канца, але тут жа ўзяў слова паўторна.

— Давайце ўнясём яснасць, таварышы. Першая недакладнасць у выступленні Бухарына: нямецкая буржуазія ў даных умовах не ёсць «міжнародная», бо англа-французскія капіталісты вітаюць наша адмаўленне падпісаць мір. Гэта мы добра ведаем. Цяпер пра капітуляцыю. Капітуляцыя, безумоўна, рэч ганебная. Але агульнапрызнаная ісціна гэтая не вырашае кожнага асобнага палажэння, бо капітуляцыяй можна назваць ухіленне ад бою пры яўна нявыгадных умовах, а такая капітуляцыя — абавязак сур'ёзнага рэвалюцыянера. Мы не можам кідацца ў бой, загадзя ведаючы, што сілы праціўніка значна... непамерна перавышаюць нашы. І апошняе... Перадавым атрадам мы з'яўляемся ў сэнсе рэвалюцыйнага пачыну... Але каб мы сталі перадавым атрадам у сэнсе ваеннай схваткі з сіламі перадавога імперыялізму, гэта было б авантурай, недастойнай марксістаў. Нашым першым дэкрэтам быў Дэкрэт аб міры. На нашым сцягу заўсёды будзе: мір! Войны мы будзем весці толькі абараняючы сацыялістычную айчыну.