Выбрать главу

Свярдлоў зноў напомніў, што час патрабуе не дыскусіі, а канкрэтнага рашэння. З ім згадзіліся.

У пачатку галасавалася, па сутнасці, адзіная выразна выказаная ленінская думка:

— За неадкладную прапанову Германіі ўступіць у новыя перагаворы для падпісання міру.

«За» прагаласавалі Ленін, Сталін, Свярдлоў, Сакольнікаў, Смілга. («Прыхільнік» Леніна ў пытанні міру Зіноўеў на пасяджэнне не з'явіўся, хоць знаходзіўся ў Петраградзе,— ляжаў на канапе.)

Шэсць іншых членаў — Бухарын, Ломаў, Троцкі, Урыцкі, Іофе, Красцінскі — прагаласавалі супраць.

Ленін не здзівіўся, суадносіны сіл ён добра ведаў, але ў гэты позні час раптам адчуў моцную стомленасць, што накапілася за ўвесь доўгі і цяжкі дзень. Магчыма, адчуванне такое прыйшло ад думкі, што наперадзе новы этап складанай і недарэчнай барацьбы, на якую трэба траціць нямала сілы — той сілы, якая так патрэбна для абароны рэспублікі.

Але, успомніўшы, што на сённяшнім пасяджэнні «левыя» ні слова не сказалі ў абарону сваёй тэорыі, Уладзімір Ільіч нечакана прапанаваў:

— Што ж... у такім разе давайце галасаваць за рэвалюцыйную вайну..

Бухарын нечакана абурыўся:

— Пры такой пастаноўцы я адмаўляюся ад удзелу ў галасаванні.

Ломаў сказаў Леніну:

— Гэта несур'ёзна, Уладзімір Ільіч.

— Я заўсёды даказваў, што гэта несур'ёзна,— адказаў Ленін са стоенай іроніяй і амаль ужо весела: адмову «левых» галасаваць за рэвалюцыйную вайну можна, бадай, лічыць перамогай; нямецкае наступленне, напэўна, працверазіць гэтых людзей. Але якая цана будзе заплачана за іх цвярозасць?

Ленін з ранейшай увагай пачаў сачыць не толькі за тым, як хто галасуе, але і за выразамі твараў членаў ЦК, за іх рэакцыяй на словы, заўвагі. Зручны момант для пастаноўкі вельмі важнага для абароны пытання: аказваць усялякае супраціўленне ў выпадку нямецкага наступлення. Усе галасуюць за супраціўленне. Гэта ўжо, бадай, пачатак павароту, падумаў Ленін.

Стомленасць адступае, ён забываецца на яе.

Але Троцкі ў гэты міг лічыць інакш: «левыя» размяклі, разгубіліся, іх трэба падбадзёрыць, падштурхнуць, даць зразумець, што пазіцыя іх падобна на капітуляцыю перад Леніным.

Троцкі прапануе прагаласаваць за тое, каб пачакаць з узнаўленнем перагавораў аб міры, пакуль у дастатковай меры не праявіцца нямецкае наступленне і пакуль не выявіцца яго ўплыў на рабочы рух.

«За» галасуе шасцёрка Бухарына — Троцкага.

Якаў Міхайлавіч Свярдлоў зразумеў ход ленінскай думкі: ставіць на галасаванне пытанні, супраць якіх цяжка выступіць. Ён прапануе выказацца, ці дапусціла ў прынцыпе падпісанне міру з імперыялістычнай Германіяй. «Левыя» крычалі, што з імперыялістамі ў пралетарыяту не можа быць ніякіх пагадненняў, ніякага міру — толькі вайна. Ленін увесь час даказваў абсурднасць такой тэорыі.

Усе члены ЦК выказаліся за дапусцімасць падпісання міру. Гэта яшчэ адна ступень у працверазенні ад «левага» чаду.

Але павінна быць яснасць па асноўным пытанні:

— Калі мы будзем мець як факт нямецкае наступленне, а рэвалюцыйнага ўздыму ў Германіі і Аўстрыі не наступіць, ці заключаем мы мір?

Бухарын, Ломаў, Урыцкі, Красцінскі стрымліваюцца ад галасавання. Адзін Іофе галасуе супраць.

Мяккі і добры чалавек, Іофе дрыжаў перад Троцкім. У Адольфа Абрамавіча было цяжкае псіхічнае захворванне, якое выявілася яшчэ тады, калі яны разам з Троцкім у Вене выпускалі трацкісцкую «Правду». Адзін Троцкі ведаў пра хваробу, якую Іофе таіў, і подлым чынам карыстаўся страхам няшчаснага таварыша. (У 20-я гады Іофе быў савецкім паслом у Германіі, у Японіі, але Троцкі і там не даваў яму спакою, прымушаючы выступаць у абарону трацкізму. Іофе не вытрымаў гэтага і застрэліўся.)

Троцкі, здзівіўшы і спалохаўшы Іофе, нечакана падае свой голас за мір. Леніна гэта не здзіўляе: Троцкі дастаткова разумны і хітры, каб пасля Брэста выказвацца супраць міру з агаворкай, якая вынікала з яго ўпэўненасці ў рэвалюцыі ў Германіі. Троцкі рыхтаваў «бяскроўнае» адступленне ад сваёй пазіцыі «ні вайны, ні міру».

Як бы там ні было, але ЦК большасцю ў адзін голас выказаўся за мір.