Выбрать главу

Калі разам са сваёй ротай, палком, дывізіяй паручнік Багуновіч уцякаў улетку шаснаццатага пад Пінскам, тады не было гэтага страху за Мінск, за Маскву, за народ.

Нагнуўшыся, падбег белы, што снег, камандзір другога батальёна.

— Што будзем рабіць, Сяргей Валянцінавіч? — ніколі не звяртаўся так проста, па-свойску, па-цывільнаму.

Багуновіч адарваў бінокль ад вачэй і амаль узрадаваўся, што шэры вал, які коціцца на іх, яшчэ далёка, што маецца нейкая хвіліна, каб падумаць. Чамусьці звярнуў увагу, што вецер слабы, але па полі ў бок немцаў плывуць струмені пазёмкі.

Гэты адарваны, узняты ў паветра снег здаўся сінім, хоць неба было зацягнута нізкімі шэрымі хмарамі. Не інакш як ад хмар злавесная хваля людзей, ашчаціненая штыкамі, была такой змрочна-шэрай, хоць у сапраўднасці шынялі ў немцаў зеленаватыя.

Што рабіць? Што рабіць? Стаяць насмерць? Не, супраць гэтага пратэстуе ўся яго істота. Стаяць насмерць трэба тады, калі ёсць хоць які-небудзь шанц спыніць навалу, атрымаць падмацаванне. Ён жа разумеў, што спыніць немцаў яны бяссільныя, на дапамогу ніхто не прыйдзе. Хіба Бульба сваёй батарэяй можа прыкрыць іх панічнае адступленне, уцёкі. Значыцца, бегчы — як зайцам? Не, і гэтага ён не прымаў.

Верачы ў цуд, ён загадаў без каманды не адкрываць агонь. Дзіўна, што яго яшчэ слухаюцца. Ніводнага стрэлу. Але гэта ненадоўга. Яшчэ хвіліна — і ў кагосьці не вытрымаюць нервы, хтось стрэліць. А можа здарыцца іншае — салдаты падхопяцца і пабягуць самі — да станцыі, да маёнтка. Ратуйся — хто як можа. Ганебна! Не, для салдат не ганебна. Ганебна для яго. Што ў такім разе рабіць яму? Пабегчы за імі ён не здолее. Застацца, як капітану карабля, які тоне, да канца. Але ж не здавацца ў палон. Тануць... тануць... з дапамогай уласнага нагана. Божа! Толькі ж, здаецца, пачалося жыццё, прыйшло шчасце... Ад думкі, што ў яго няма іншага выйсця, захаладала ўсяродку. Але недзе ў падсвядомасці такі варыянт здаваўся бадай што ратункам — каб салдаты пабеглі. Ратункам ад ганьбы. Яны знялі б адказнасць з яго за свае жыцці, за сваю кроў. Але ніхто не ўзнімаў над заснежанымі брустверамі нават галавы. Стаіліся, прыціхлі, як заварожаныя, зачараваныя відовішчам нямецкіх шарэнг ці громам іх барабанаў.

— Што рабіць? Будзем ваяваць!

Камандзір батальёна ўздыхнуў:

— Сатруць яны нас у снежны пыл, камандзір. Эх, была не была! Пайду сам лягу за кулямёт. Пагрэюся апошні раз. Весялей паміраць будзе.

Яго асуджанасць моцна скаланула Багуновіча. У сэрца ўдарыў новы страх, але ўжо не за полк, не за сябе, не за лёс краіны, за аднаго вельмі дарагога чалавека — за Міру.

Было, што ён пашкадаваў, прыняўшы рашэнне перанесці свой камандны пункт сюды, у акопы,— пашкадаваў у той міг, калі Міра рашуча сказала, што пойдзе з імі — з мужам, Пастушэнкам, Сцяпанавым. Спрабавалі адгаварыць яе — яна і слухаць не стала.

— Мне сорамна, што я не зрабіла гэтага раней. Сяджу, як пісарка пры штабе!.. А дзе павінен быць бальшавіцкі агітатар?

Сяргей спахапіўся: Міра толькі што была побач — і раптам яе не стала. Ах, вунь дзе мільгае яе чырвоная касынка, выбіваючыся з-пад каўняра,— каля кулямёта. Зрабілася крышачку спакайней, што жонка як бы пад аховай самай надзейнай зброі — кулямёта.

Як павольна, аднак, яны ідуць! Не спяшаюцца. Глыбокі снег. А куды ім спяшацца? Пад нашы кулямёты?

Няўжо засталося адно, няўхільнае,— даць каманду адкрыць агонь? Парадзеюць іх шарэнгі. Сцяна, напэўна, ляжа ў снег. Але ў немцаў ёсць іншая сіла — іх артылерыя. Ад яе агню не схаваешся. На ўчастку батальёна ўсяго тры надзейныя бліндажы, па адным у кожнай роце. Ды і ў тыя не палезеш, калі не хочаш у палон. Выходзіць, усё роўна выйсце тое ж самае — бегчы ў тыл усім, хто ўратуецца ад снарадаў.

Багуновіч, чуць схіліўшы галаву, прайшоў нейкія пяць крокаў па ачышчаным ад снегу акопе, упаў грудзьмі на бруствер побач з Пастушэнкам.

— Што будзем рабіць, Пятро Пятровіч?

— Я малюся богу, галубчык.

Сяргея апанавала злосць: вопытны, мудры, спакойны чалавек, які нямала панюхаў пораху, палкоўнік не прыдумаў у такі момант нічога больш дзейснага, як малітва. Спытаў з іроніяй, якую ніколі раней не дазваляў сабе ў адносінах да Пастушэнкі:

— Спадзеяцеся, што бог паможа нам?

— Нам нічога не паможа, Сяргей Валянцінавіч.

— Я даю каманду адкрыць агонь,— са злоснай рашучасцю сказаў Багуновіч.

Ён выпрастаўся на поўны рост, глянуў у адзін бок, пасля ў другі — куды пайшоў камандзір батальёна, і... скалануўся. Ужо воддаль ад акопа насустрач злавеснай сцяне, што з калыханнем набліжалася, бегла маленькая постаць у салдацкім шынялі — як хлапчанё неразумнае — і махала чырвонай касынкай, як бы вітала чужых салдат.