Першая шарэнга немцаў усё роўна што натыкнулася на нябачны дрот, парушыла строй, у ёй, у сцяне, як бы ўтварыліся праломы.
Сяргей ірвануўся на бруствер.
— Мі-ра!
Але Пастушэнка схапіў яго за руку.
— Не трэба, дарагі мой. Не вылазьце. Вы не спыніце яе. Пабяжыце самі — будзе горш. Па адной ёй не будуць страляць. Не будуць... Яе могуць толькі ўзяць у палон.
Тым часам маленькая касынка, хоць і аддалялася, здавалася, запалымнела вялікім чырвоным сцягам — Міра, спыніўшыся крокаў за пяцьдзесят ад немцаў, высока ўзняла касынку над галавой і махала ёй.
З нашых акопаў не было чуваць яе слоў, вецер нёс іх у той бок. Моцна задыханая, яна паспела сказаць усяго тры слоеы:
— Геносз дойчэ золдатэн!
З нямецкага боку сакатнула кулямётная чарга, і жанчына ў шынялі ўпала, як падкошаная, у снег.
Вецер не пагнаў яе касынку ў нямецкі бок, яна плыла ўздоўж лініі фронту — па снежнай роўнядзі каціўся маленькі чырвоны клубочак, і не аднаму рускаму салдату здалося, што гэта паплыў струмень алай крыві агітатаркі.
Багуновіч драпаў пальцамі бруствер, ногі слізгалі па абледзянелай сцяне акопа.
Але Пастушэнка не даў яму вылезці — схапіў за плечы, пацягнуў назад у акоп.
— Не вылазьце, галубчык! Не вылазьце! Чым вы паможаце? Якія звяры! Якія звяры! Па жанчыне!
Вырваўшыся з рук палкоўніка, Сяргей не палез на бруствер — кінуўся у бліндаж, крутнуў ручку тэлефоннага апарата сувязі з батарэяй.
— Назар? Агонь, Назар! Агонь! Крышы іх, гадаў!
Калі выскачыў з бліндажа, пачуў, як захлыналіся рускія кулямёты, цяжка бухалі вінтовачныя стрэлы. Каб адпомсціць, салдаты гатовы былі кінуцца ўрукапашную. Стрымала іх хіба батарэя.
З шэлестам, як чарада невядомых птушак, праляцелі над акопам гаўбічныя снарады. Там, дзе залегла жывая сцяна, узвіхрыліся султаны снегу і зямлі.
Але яшчэ праз мінуту многагалоса рыкнулі нямецкія батарэі. Снарады іх, без прыстрэлкі, накрылі акопы.
2
Апрытомнеў Багуновіч гадзіны праз тры. Здолеў расплюшчыць вочы. Быў паўзмрок, але не начны, бо дзесьці недалёка прабівалася дзённае святло. Свядомасць вярталася не адразу — успамін пра тое, што адбылося. Спачатку ў галаве, якая, здавалася, распухла ад болю, цяжка, як валун, варухнулася самая простая думка: дзе ён, што з ім? На якім ён свеце? На гэтым? На тым? Апрытомнеўшы, чалавеку заўсёды хочацца высветліць сваё месца на зямлі — геаграфію і становішча, бо перш-наперш уключаецца інстынкт самааховы: толькі даведаўшыся, што з табой, дзе ты апынуўся, можна шукаць паратунак. Боль, менавіта боль — мёртвым не баліць! — засведчыў, што ён жывы. Але дзе апынуўся? У акопе? У бліндажы? Змрок — як у бліндажы. Але чамусьці моцна патыхае стайняй. Адкуль? Чаму?
За вайну ён добра ўведаў, як пахне смерць — трупы, свежая кроў, чалавечая і конская, гангрэнозныя раны. Ніколі яны не пахлі канюшняй. Канём, яго потам і гноем пахла жыццё: хлеў, дзе коні стаяць, ранняя вясна, калі возяць гной на поле, свежая ралля, а тут, на вайне,— перадышка, калі не трэба забіваць, а займаешся вельмі мірнай працай — чысціш свайго скакуна, які толькі што, ў разведцы, уратаваў цябе ад смерці, ад палону, ці таго артылерыйскага цяжкавоза, што ў асенняе бездарожжа, непралазную гразь памог пры адступленні, якое ператваралася ва ўцёкі, вывезці гарматы.
Чаму так моцна пахне коньмі? І пры гэтым нязвыклая глухая цішыня — ніводнага гуку: ні галасоў, ні фыркання, ні звону цугляў.
«Дзе я? Што са мной?»
Ранены, безумоўна. Куды? У галаву? Так, галава баліць страшэнна. У ёй як бы ўтварылася пустата, тая нічыйная паласа, якая прастрэльваецца ворагам, таму немагчыма яе прайсці, прабегчы. Можна хіба перапаўзці. Так паўзла яго свядомасць — цераз правал, пустэчу — туды, назад, дзе было неба, людзі, гукі... Гукі... Ён пачуў іх — злавесны гром барабанаў. І тады памяць прарвала плаціну болю і пераадолела мёртвую зону. Усё раптам усплыло. Нямецкая атака. Маленькая постаць з чырвонай касынкай у руцэ... А потым... потым касынка кацілася па снезе...
На міг крывавы туман засланіў свядомасць, зноў утварыўся правал, бездань... Але ўсяго на міг. Тут жа быццам прарвалася ў яго мозг вунь тое блізкае дзённае святло, і падзеі выстраіліся ў іх лагічнай паслядоўнасці.
Міра! Міра хацела спыніць шэрую страшную сцяну сваім словам. Яна так верыла ў слова!..