— Гэта архіважна, каб нарком па справах нацыянальнасцей быў пераконаным інтэрнацыяналістам,— сказаў Ленін, звяртаючыся да Бонч-Бруевіча, які, павітаўшыся са Сталіным, стаяў у задуме, чакаў новых указанняў. Ленін, угледзеўшы, што Уладзімір Дзмітрыевіч не выяўляе сваёй, уласцівай яму дасціпнасці, зразумеў, як моцна чалавек стомлены; самога Уладзіміра Ільіча радавала, што ён раптам выйшаў з падобнага цяжкага стану, зарадзіўся зноў энергіяй, зноў гатовы працаваць хоць суткі.
Наблізіўшыся да Бонч-Бруевіча, Уладзімір Ільіч сказаў са змоўніцкай таямнічасцю:
— Ведаеце, што я вам, баценька, параю? Знайдзіце ціхі куточак і паспіце гадзінку. А потым з патроенай сілай возьмецеся за пагромшчыкаў.
Бонч-Бруевіч выйшаў.
Ленін вярнуўся ў рабочае крэсла, сеў, падсунуў да сябе ліст паперы з грыфам: «Председатель Совета Народных Комиссаров».
— Іосіф Вісарыёнавіч, апошні тыдзень мы з вамі займаліся Грузіяй у сувязі з акупацыяй туркамі Батума і Карса. Сёння нам належыць заняцца Эстляндыяй. Тэрміновая телеграма ў Рэвель! Запытаем пра апошнія даныя ваеннай разведкі. Параіць эстонскім таварышам: цвёрда азначыць і ўзмацніць ахову заходняй граніцы рэспублікі. Напад на Савецкую Эстонію, якая не знаходзіцца ў стане вайны з Германіяй, стане актам непрыкрытага імперыялістычнага разбою. Нарэшце справа з арыштаванымі за змову і здраду баронамі. Трымаць пад пільнай аховай... вывезці на ўсход... у надзейную турму. За эстонскімі баронамі — стаяць нямецкія бароны, ім трэба будзе вызваляць сваякоў. Нячыстая справа — трымаць заложнікаў. Але калі мусіш дамаўляцца з разбойнікамі, можна выкарыстаць і гэты сродак. І самае галоўнае... Рэвельскаму Савету... не тэлеграмай, з кур'ерам. Спецыяльнае распараджэнне Саўнаркома: прыняць самыя энергічныя меры да неадкладнай і поўнай эвакуацыі завода Паўночна-Заходняга таварыства ў Новарасійск. Буйнейшы завод, які выпускае гарматы і кулямёты, ні ў якім разе не павінен апынуцца ў немцаў. Вы згодны?
— Нельга не згадзіцца, таварыш Ленін.
— У такім разе падрыхтуйце, калі ласка, тэлеграму і распараджэнне. І як мага хутчэй.
Перахоп Царскасельскай радыёстанцыяй звароту Леапольда Баварскага да салдат Усходняга фронту і нямецкага народа, як і належала, спачатку быў дасланы ў Наркамат замежных спраў.
Троцкаму яго прынеслі без затрымкі. Але нарком не паспяшаўся праінфармаваць Старшыню ўрада. Для яго больш важным была гутарка з наведвальнікам, бо наведвальнікам гэтым быў спецыяльны прадстаўнік Англіі Локарт.
Неафіцыйныя кантакты Робінса з Савецкім Урадам устрывожылі Лойд-Джорджа і Керзона. Англічане, якія пры Б'юкенене займалі самую кансерватыўную палітыку ў адносінах да бальшавіцкага ўрада — ніякага прызнання, ніякіх адносін! — раптам спалохаліся, што хітрыя амерыканцы абскачуць іх, атрымаюць у Расіі выгады і паціснуць брытанскага льва, які даўно ўжо, раней за амерыканцаў, запусціў сваю лапу ў рускі хлеб, лес, руду.
«Уладарніца мораў» мела найбагацейшы вопыт шпіянажу і змоў супраць урадаў азіяцкіх, лацінаамерыканскіх краін, калі тыя рабілі спробы вызваліцца ад каланіяльнай залежнасці. Дык чаму не ўжыць гэтага метаду супраць Расіі?
У Лондане пачалі шукаць чалавека, які спалучаў бы ў сабе якасці хітрага дыпламата і спрытнага шпіёна. Знайшлі Локарта, былога віцэ-консула ў Маскве, маладога, рашучага, праворнага; ён амаль дасканала валодаў рускай мовай, меў шматлікія сувязі з тымі, каго рэвалюцыя вымела з пасад, у каго адабрала багацце.
Локарта перад паездкай прыняў не толькі міністр замежных спраў, але і ваенны міністр і нават сам прэм'ер.
Локарт запісаў, што сказаў яму Лойд-Джордж: гэтая частка мемуараў вядомага арганізатара антысавецкіх змоў не выклікае сумнення:
«Вы паедзеце ў Расію як спецыяльны прадстаўнік,— сказаў прэм'ер-міністр.— Я хачу, каб вы знайшлі чалавека, імя якога Робінс... Устанавіце, якія яго адносіны з Савецкім Урадам. Вывучыце ўсё гэта старанна і ўважліва. Калі вы знойдзеце яго дзеянні разумнымі, зрабіце для Англіі тое яе, чаго ён спрабуе дамагчыся для Амерыкі».
Локарт прыехаў у канцы студзеня. Спрабаваў трапіць да Леніна.
Ленін не прыняў яго.
Троцкі ў гэты час быў у Брэсце. Вярнуўшыся ў Петраград, за адзін тыдзень другі раз прынімаў Локарта.
Англічанін падабаўся Троцкаму больш, чым Робінс. У палкоўніка, у яго разважаннях, прарывалася яўнае захапленне Леніным. Гэтага Троцкі не мог вынесці, ён больш любіў, калі захапляліся ім, хоць быў мастак на какетлівую самакрытычнасць.
Локарт, нягледзячы на маладосць, рабіў уражанне сваёй практычнасцю, дзелавітасцю, адкрытасцю выказванняў, а больш усяго — веданнем Расіі. Напрыклад, пра Поўнач — Мурманск, Архангельск, пра багацці таго краю, ён ведаў больш за Троцкага. Пра сілы немцаў у Ледавітым акіяне, пра іх блакаду Баранцавага пабярэжжа, пра планы нямецкага генеральнага штаба наконт Арктыкі ён гаварыў з веданнем прафесійнага ваеннага. Пра англійскія планы, безумоўна, маўчаў.