Выбрать главу

Троцкі вёў перагаворы аб той дапамозе, якую Савецкая Расія можа атрымаць ад Англіі, калі адновіцца вайна з Германіяй.

Ён, які на пасяджэнні ЦК партыі даводзіў, што немцы не здолеюць наступаць, англійскаму прадстаўніку сказаў іншае. Апраўдаў сваю двурушнасць неабходнасцю дыпламатыі. У сапраўднасці ён зноў іграў на сусветную вядомасць. А для «ўнутранага ўжывання» — на сваю аб'ектыўнасць. Няхай Ленін ведае, што з «левымі» ў яго прынцыповыя разыходжанні, ён не такі цвердалобы, як Бухарын, каб адмаўляцца ад усялякіх кантактаў з імперыялістамі.

На першай сустрэчы Троцкі даволі рэзка выказаў крыўду за яго інтэрніраванне англічанамі ў Канадзе, у Галіфакее, калі ён з сям'ёй вяртаўся з Нью-Йорка.

Локарт адразу сцяміў, што напалоханая рэвалюцыяй англійская контрразведка перастаралася. Ён тут жа перадаў крыўду Троцкага Керзону.

Гэтая, другая размова пачалася з таго, што Локарт ад імя міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі папрасіў прабачэння: маўляў, затрымалі яго ваенныя ўлады дамініёна, а ваенныя заўсёды дрэнныя дыпламаты.

Прабачэнне пацешыла самалюбства Троцкага.

«Вось так з імі трэба размаўляць, так сцвярджаць сваё імя ў свеце»,— падумаў ён.

Размова набыла іншую танальнасць — зрабілася больш даверлівай.

Англічанам Троцкі абяцаў не больш, чым амерыканцам, але рабіў гэта больш адкрыта, зноў-такі з разлікам на Леніна — няхай ведае, што ён, Троцкі, таксама дбае пра абарону рэспублікі.

Перахоп нямецкага радыё прынеслі пры Локарце.

Любы міністр замежных спраў неадкладна ўдарыў бы ў звон: вайна!

Троцкі гэтага не зрабіў. Залкінда, які прынёс радыёграму, глыбока здзівіў спакой наркома.

Троцкага не збянтэжыла, што зварот яўна сведчыў аб аднаўленні вайны, а гэта абвяргала яго сцвярджэнне, што немцы не адважацца наступаць, Ён выдатна валодаў уменнем любое сваё выказванне, любую думку павярнуць у выгадны яму ў даны момант бок.

Каб падтрымаць «левых» супраць Леніна, ён не заклікаў да, рэвалюцыйнай вайны, не, ён проста настойліва выказваў веру ў рэвалюцыю ў Германіі. Хто запярэчыць супраць гэтага?

У сапраўднасці Троцкі лепш, чым хто, ведаў, што наступаць Гофман можа: у Брэсце ваяўнічы настрой прусака ён чуў і бачыў дысцыпліну яго салдат. Але Троцкі не быў бы Троцкім, каб не выкарыстаў магчымасці стварыць для партыі і Леніна цяжкую сітуацыю, можа, самую цяжкую з усіх, якія былі ў рэвалюцыі раней. Гэта, бадай, больш сур'ёзна, чым каменеўска-зіноўеўскае штрэйкбрэхерства напярэдадні паўстання ці іх спроба ўстанавіць саюз з меншавікамі і эсэрамі праз тыдзень пасля ўзяцця ўлады бальшавікамі.

Троцкі спакойна скончыў размову з упаўнаважаным Лойд-Джорджа. На развітанне зрабіў Локарту падарунак: прачытаў яму нямецкі зварот, пераклаўшы тэкст не на рускую — на англійскую мову, хоць дагэтуль размаўлялі па-руску. Угледзеўшы, што Локарт не хавае сваёй задаволенасці, сказаў:

— Цяпер у вас адкрываюцца вялікія магчымасці.

Цёпла развітаўшыся з замежным госцем, Троцкі паехаў у Смольны.

Ленін прачытаў радыёграму двойчы ці тройчы. На лбе яго з'явіліся новыя зморшчыш, на твар упаў цень, хоць на вуліцы свяціла шчодрае перадвясенняе сонца і кабінет быў заліты святлом.

Уладзімір Ільіч падкрэсліў карандашом словы: «Гістарычнай задачай Германіі здаўна было: устанавіць плаціну супраць сіл, што пагражалі з Усходу... Цяпер з Усходу пагражае новая небяспека: маральная інфекцыя. Цяперашняя хворая Расія імкнецца заразіць сваёй хваробай усе краіны свету. Супраць гэтага мы павінны змагацца».

Прачытаў па-нямецку, пасля па-руску, як бы жадаючы глыбей пранікнуць у сэнс. Сказаў Троцкаму, які пільна сачыў за выразам твару Леніна, калі той чытаў:

— Ворагі нашы не дурні, прызнаем гэта. Нямецкаму пралетарыяту яны не адважыліся раскрыць сваю галоўную мэту — задушыць рускую рэвалюцыю. Але вельмі выразна даюць зразумець імперыялістам Францыі, Англіі: не цісніце на нас на Заходнім фронце — і мы вернем Расіі цара, вернем зямлю памешчыкам, заводы капіталістам. Як вам падабаецца «маральная інфекцыя»? Няблага сказана, праўда? Хоць для ўстрашэння абывацеля можна было знайсці больш моцныя словы, нямецкая мова багатая,— на нейкі вельмі кароткі міг твар у Леніна пасвятлеў, ды тут жа насунуўся яшчэ гусцейшы цень.— У нас няма іншай зброі, як хутчэй падпісаць мір.