Выбрать главу

Пасля Ленін прынімаў Альмінскага. Але ў часе падпісання пастаноў і распараджэнняў і нават у часе гутарак з людзьмі Уладзімір Ільіч колькі разоў нецярпліва пытаўся: «Дзе Крыленка?»

3

Урэшце Мікалай Васільевіч Крыленка з'явіўся. Пэўна, паднімаўся на трэці паверх Смольнага ўподбег, бо ў пакоі сакратарыята, дзе распранаўся, ніяк не мог аддыхацца. Выгляд у яго быў стомлены, твар пабляднеў. У такім стане яму не хацелася ўваходзіць да Леніна, ведаў, што Уладзімір Ільіч не любіць такіх задыханых работнікаў. Есць людзі, якім хочацца паказаць сваю стомленасць, лічаць, што гэта будзе доказам таго, што яны «гараць» на працы. Крыленка быў не з такіх. Свае абавязкі галоўнакамандуючага ён выконваў няспешліва, але грунтоўна. З такім спакоем ён заняў у Магілёве стаўку Духоніна. Але тады рэвалюцыя наступала. А цяпер? Мусіць адступаць? Пакутліва было з гэтым згадзіцца. Пры такіх падзеях не дзіўна і «задыхацца».

Звычайна ўважлівы да таго, як людзі выглядаюць — бадзёра, стомлена, весела,— на гэты раз Ленін не патраціў і хвіліны на тое, каб угледзецца ў наведвальніка ці спытаць, як ён адчувае сябе, хоць Крыленка, увайшоўшы ў кабінет, яшчэ больш пабляднеў.

Ленін падняўся за рабочым сталом і адразу спытаў:

— Апошнія аператыўныя даныя?

Крыленка азірнуўся на карту, што вісела на сцяне, хацеў быў падысці да яе і па-вайсковаму далажыць Старшыні Саўнаркома пра становішча на фронце. Але тут жа перадумаў: уздыхнуў і зусім не па-вайсковаму сказаў:

— Дрэнна, Уладзімір Ільіч. Нямецкае наступленне набірае тэмп. Па сутнасці, яны ідуць маршам, па трыццаць вёрст у суткі. Палкі старой арміі панічна разбягаюцца, кідаючы зброю, склады. Супраціўленне аказваюць толькі рабочыя палкі. Немцы гэта зразумелі і па нашых баяздольных часцях наносяць самыя цяжкія ўдары. Шквальны агонь артылерыі.

Ленін выйшаў з-за стала, наблізіўся да карты, Крыленка таксама ступіў бліжэй да сцяны, дастаў з кішэні карандаш з наканечнікам, гатовы дакладваць.

Але Ленін спытаў:

— Дзе ваш штаб?

— Аператыўная група пераехала з Магілёва ў Смаленск. Службы тылу адцягваем глыбей — у Маскву.

— Стаўка павінна быць у Петраградзе! Так разумейце ваш выклік сюды!

— Слухаюся, таварыш Ленін!

Уладзімір Ільіч прайшоў да акна, хвіліну пастаяў там, углядаючыся ў шэрую каламуць, што вісела над сталіцай; лютаўскі дзень быў адліжны, туманны, змрочны. Не адарваўшыся ад акна, Ленін раптам спытаў:

— Мікалай Васільевіч... вы ваенны чалавек. Скажыце: могуць немцы ўзяць Петраград?

Крыленка не чакаў такога бязлітаснага пытання і на момант разгубіўся.

Ленін хутка павярнуўся, без звыклага прыжмуру ўгледзеўся ў маладога галоўнакамандуючага. Той зразумеў, што перад Леніным нельга манеўраваць, і адказаў з той жа бязлітаснай шчырасцю:

— Могуць. Але гэтага нельга дапусціць.

Ленін адазваўся не адразу, хвіліну падумаў. Сказаў роўным голасам, але з той сілай упэўненасці, якая запальвала і натхняла людзей:

— Так, Петраград нельга здаць! Падзенне Петраграда... не, не паставіць нас на калені... але ўзніме рускую контррэвалюцыю. Цяпер ужо няма сумнення, што мэта ўрада кайзера — знішчыць Савецкую ўладу ў Расіі, на Украіне...

Ленін імкліва вярнуўся да карты і, стоячы за два крокі ад Крыленка, сказаў:

— Але адных нашых з вамі пажаданняў мала. Трэба дзейнічаць, не трацячы ні хвіліны. Нельга займацца фразёрствам, як Бухарын. Тры месяцы крычыць пра рэвалюцыйную вайну і не паварушыў пальцам, каб стварыць новую армію. Левыя фразёры, калі іх не спыніць, прывядуць нас да катастрофы. Што робіцца для абароны Петраграда?

Крыленка пачаў дакладваць.

Ленін перапыніў яго:

— Прабачце, Мікалай Васільевіч. Карта Петраградскага раёна на стале. Прашу вас.

Яны стаялі каля стала плячо ў плячо.

Галоўнакамандуючы дакладваў, што зроблена ўжо і што мяркуецца зрабіць.

Ленін слухаў уважліва, моўчкі, але незадаволена хмурыўся.

Дакладчык у нейкі міг убачыў гэта і змоўк на паўслове.

— Мала. Вельмі мала мы робім. Петраград з поўдня трэба прыкрыць дзвюма, а то і трыма лініямі акопаў, бліжняй і дальняй.

— У нас не хапае сілы, Уладзімір Ільіч.

— Сілы? Арганізуем дзесяткі тысяч рабочых... Кінем пагалоўна ўсю буржуазію, да аднаго, на капанне акопаў. Сёння ж вызначыце лінію акопаў. Накіруйце лепшых спецыялістаў па фартыфікацыі, яны павінны кіраваць усімі работамі. Падрыхтуйце загад аб стварэнні Надзвычайнага штаба Петраградскай ваеннай акругі. Штаб павінен абвясціць горад на асадным становішчы і бязлітасна падаўляць любую спробу контррэвалюцыйнага выступлення. Заўтра на пасяджэнні Саўнаркома мы прымем пастанову па абароне Петраграда. Заслухаем ваш і Альтфатэра даклады. Майце самыя свежыя даныя.