Ленін адышоў ад стала да карты раёна баявых дзеянняў.
— Наша абарона павінна быць актыўнай. Трэба тэрмінова кінуць на фронт баяздольныя часці. Калі няма сілы спыніць нямецкае наступленне, то трэба затрымаць іх рух, аслабіць націск. Узрывайце масты, разбірайце пуці. Дайце зразумець, што ў нас хапае сілы для супраціўлення, што сіла будзе расці. Толькі гэта можа прымусіць Гофмана падпісаць мір. Германія не пойдзе на доўгую вайну з намі. Яны хочуць растаптаць нас кароткім ударам.
— Рабочыя палкі рвуцца на фронт. Але яны слаба навучаны вайсковай справе.
— М-да, вось яны, вынікі фразёрства «левых». Залішне ўсе верылі ў рэвалюцыю ў Германіі. Ваенныя таварышы таксама. Ваенным гэта асабліва недаравальна.
Крыленка пачырванеў.
— Дзесяць карпусоў Чырвонай Арміі, пра якія я гаварыў яшчэ ў студзені... як яны спатрэбіліся б цяпер! — Ленін памаўчаў, неяк стомлена вярнуўся да рабочага крэсла, але не сеў. Сказаў з болем: — Так, арміі мы не маем. Ваенныя працверазелі ад рэвалюцыйных фраз?
— Працверазелі, Уладзімір Ільіч.
Ленін сеў.
— Мікалай Васільевіч, вы ўпэўнены, што наша радыёграма дайшла да ўрада Германіі?
— Радысты нямецкай станцыі ў Брэст-Літоўску адказалі, што тэкст імі прыняты.
— Мінае дзень, а мы не маем адказу. Яўна немцы імкнуцца ўглыбіцца настолькі, каб прадыктаваць нам больш цяжкія ўмовы, Я прашу вас вельмі тэрмінова знайсці надзейнага бальшавіка-афіцэра, які валодае нямецкай мовай. Дайце яму ахову — двух-трох матросаў ці салдат. Мы сёння ж пашлём парламенцёраў на лінію фронту з тэкстам пісьма Саўнаркома аб нашай згодзе падпісаць мір на брэсцкіх умовах. І на горшых. Бо няма сумнення — Кюльман прадыктуе іх нам.
Ленін, як заўсёды, прадбачыў ход падзеі. Ён адгадаў, за што зачэпяцца немцы, каб цягнуць з адказам на прапанову аб міры.
Яшчэ раніцою Уладзімір Ільіч даў указанне радыстам станцыі ў Царскім Сяле, каб любы адказ немцаў неадкладна перадалі не ў Наркамат замежных спраў, а яму асабіста. Троцкаму нельга верыць. Троцкі можа пратрымаць радыёграму, пакуль не параіцца са сваімі хаўруснікамі. Ці не так ён зрабіў з тэлеграмай Самойлы, якую вёз ад наркамата да Смольнага тры гадзіны?
Мікалай Пятровіч Гарбуноў, іншыя сакратары за дзень адчулі, як нецярпліва Ільіч чакае адказу. Ён не выказаў гэта адкрыта, але цікавіўся, як арганізавана работа радыёстанцыі, ці надзейныя там бальшавікі, параіўшыся з Бонч-Бруевічам, паслаў на станцыю аднаго з камісараў 75-га пакоя, колькі разоў пытаўся, як ідзе абсталяванне станцыі ў Смольным.
Таму Гарбуноў не ўвайшоў — убег у кабінет, гукнуў усхвалявана:
— Радыё, Уладзімір Ільіч!
Убачыў, як на міг рука Леніна застыла над тэлефоннай трубкай, зразумеў, што Уладзімір Ільіч усхваляваўся не менш. Але нічым не выдаў свайго хвалявання. Не, бадай, выдаў тым, што не сказаў «Я слухаю», а сказаў, як пры тэлеграфных перагаворах:
— Ля апарата Ленін. Я гатовы запісваць.
Гарбуноў пільна сачыў, як Уладзімір Ільіч запісвае, не перапытваючы, вельмі засяроджана, пісаў ён нязвыкла павольна, як гімназісцкі дыктант. На твары яго не адбівалася ні абурэнне, ні трывога. Спакой Леніна заспакоіў сакратара Саўнаркома: значыцца, ёсць згода на падпісанне міру.
Не, згоды не было. Ленін прыняў радыёграму спакойна таму, што яна пацвердзіла яго здагадкі аб магчымым адказе, яшчэ ўдзень ён прадбачыў менавіта такі адказ.
Гофман пацвярджаў атрыманне радыёграмы Савецкага Урада. Але паведамляў, што «ўрад яго вялікасці імператара Вільгельма» не можа лічыць радыёграму за афіцыйны дакумент. Такі дакумент павінен быць падпісаны прэм'ерам, мець урадавую пячатку і яго належыць уручыць нямецкаму каменданту Дзвінаса.
Ленін падзякаваў начальніку радыёстанцыі і напрасіў яго быць гатовым зараз жа прыняць радыёграму ў адказ — для перадачы немцам.
Уладзімір Ільіч паглядзеў на Гарбунова і адзначыў, што той прыкметна пабляднеў. Падумаў, як многа людзей вось гэтак жа хвалюецца, чакаючы адказу ад немцаў: нашу радыёграму яны прачыталі ў вячэрніх газетах. Падумаў і пра тых, хто парадаваўся б маўчанню ці катэгарычнай адмове нямецкіх мілітарыстаў падпісаць мір. Сумна ўздыхнуў ад думкі, што разам з рускай буржуазіяй, з контррэвалюцыянерамі радаваліся б людзі, што займаюць высокія савецкія пасты. Гарбуноў яшчэ больш збялеў, пачуўшы, як уздыхнуў Ільіч.