Выбрать главу

«Менавіта таму, што яны часцей, чым хто з бальшавікоў, становяцца ў апазіцыю да палітыкі, якую праводзіць Ленін»,— сказаў яшчэ Керзон.

Локарт увайшоў у кабінет Троцкага з экземплярам «Правды», ад якой за тры сажні патыхала друкарскай фарбай. Троцкі здагадаўся, чаму англічанін не хавае сваёй цікавасці да бальшавіцкай газеты. Сённяшні нумар «Правды» немагчыма дастаць, яго перадаюць з рук у рукі, пытаюць адзін аднаго: «Чыталі?»

У Троцкага пра гэта спытаў Чычэрын гадзіну назад, і наркому зрабілася непрыемна. Ён не любіў Чычэрына не толькі за адданасць Леніну, але і за тое, што добра разумеў: Ленін правёў прафесійнага дыпламата ў намеснікі наркома не без намеру пры першым жа зручным выпадку мець чалавека, які замяніў бы яго, Троцкага. А выпадак такі паспявае. Правал палітыкі «ні вайны, ні міру», безумоўна, прывядзе яго да адстаўкі. Троцкі з пачатку нямецкага наступлення ламаў галаву, што лепш: чакаць, каб яго адставілі, ці самому падаць у адстаўку? Што бальней для Леніна?

Пасля прывітання і кароткай, дзве фразы, размовы аб надвор'і — была адліга, і снег на петраградскіх вуліцах ператварыўся ў слізкую кашу — Локарт паказаў на газету і спытаў, бадай, па-змоўніцку:

— Гэта ё н?

Троцкаму не спадабаўся такі ток: знайшоў хаўрусніка! Але ведаць думку англічаніна ды, магчыма, не толькі аднаго яго — Локарт за раніцу мог пабываць не ў адным пасольстве — патрэбна і карысна. Адказаў знешне афіцыйна і ў той жа час таямніча-даверліва, маўляў, толькі вам, нікому больш:

— Так, гэта Ленін.

— Многа людзей ведае, што Карпаў — гэта ён?

— Мы, старыя партыйцы, ведаем.

— Вы хочаце сказаць: кіраўнічае ядро?

— Лічыце так.

— А вам не здаецца, што гэта бомба пад вас?

Троцкі спахмурнеў.

— Я не «левы». І не кідаюся рэвалюцыйнымі фразамі.

Локарт зразумеў, што нарком незадаволены такім вызначэннем ленінскага артыкула, і даў «задні ход».

— Прабачце, пан міністр,— Локарт на першых сустрэчах зразумеў, што Троцкаму падабаецца зварот «міністр».— Я знаю, што вы не «левы». У вас свая, асобая, пазіцыя. Я памыліўся, я хацеў сказаць: бомба пад «левых». Можаце перадаць свайму прэм'еру, што я ў захапленні яго публіцыстычным талентам. Нямногія лідэры ўмеюць так абараняць сваю пазіцыю. І так гаварыць з народам! — Локарт глянуў у газету, прачытаў заключныя радкі: — «Трэба ваяваць супроць рэвалюцыйнай фразы, прыходзіцца ваяваць, абавязкова ваяваць, каб не сказалі пра нас калі-небудзь горкай праўды: «рэвалюцыйная фраза аб рэвалюцыйнай вайне загубіла рэвалюцыю». Моцна, праўда? Шчыра. Вельмі шчыра.

У Троцкага, калі ён чытаў раніцою артыкул, было складанае ўражанне. Так, гэта бомба, якую, аднак, трэба неяк абясшкодзіць, каб яна не разнесла «левых» ушчэнт. У той жа час ён злосна парадаваўся, што балбатуна Бухарына, які прэтэндуе на лідэрства, «раздзелі» і выставілі перад партыяй голым у яго фразёрскай сутнасці. Адначасова Троцкі, што здаралася неаднойчы, пазайздросціў Леніну, яго ўменню выдатна спалучыць тэарэтычную глыбіню з надзвычайнай прастатой выкладання думак, логіку сур'ёзных доказаў з іроніяй і гумарам. У яго, Троцкага, так не атрымоўвалася, хоць некалі ён марыў стаць вялікім паэтам. Ён умеў няблага сказаць вусна — захапіць аўдыторыю пафасам голасу і жэстаў; на паперы рукамі не памахаеш — пафас знікаў, на яго месцы з'яўлялася залішняя акадэмічнасць і ўскладненасць. Яму здавалася, што Ленін піша лёгка. З маленства ён зайздросціў людзям, якім усё даецца лёгка, і стараўся сам усё рабіць лёгка. Але лёгкасць часам падводзіла.

Вось чаму, а не толькі з дыпламатычных меркаванняў Троцкі не падтрымаў захаплення хітрага прайдзісвета Локарта артыкулам Леніна. Адвёў размову ў іншае рэчышча, у тое, якое разам капалі на папярэдніх сустрэчах:

— Я вас, пан Локарт, магу парадаваць іншым. Ленін згадзіўся з маёй думкай,— падкрэсліў інтанацыяй, што гэта менавіта яго думка,— узяць ад Англіі і Амерыкі зброю і прадукты.

— Але ж Ленін не хоча ваяваць. Ён — за мір.

— Вы памыляецеся. Ленін разумее, што пагроза нямецкага наступлення настолькі вялікая, што каб ён атрымаў ваенную дапамогу ад саюзнікаў, то адмовіўся б ад міру і змагаўся б з дапамогай саюзнікаў супраць Германіі.

У Локарта ад здзіўлення заблішчэлі вочы. Каб гэта было так, ён мог бы спадзявацца на ўдзячнасць Лейд-Джорджа і караля. Але ў яго хапіла розуму ўсумніцца ў шчырасці «пана міністра». Вопытны разведчык, ён лепш, чым Троцкі, ведаў, што робіцца ў Петраградзе, бо залазіў усюды, куды толькі можна было пралезці,— у Саветы, на заводы, у чырвонагвардзейскія атрады, якія ішлі на фронт, і ў тыя колы, дзе чакалі прыходу немцаў.