Выбрать главу

Нейкі момант Уладзімір Ільіч сядзеў у глыбокай задуме, не чуючы нават, як напаўняецца тупатам ног і гудзеннем галасоў Смольны, так ён гудзеў толькі ў дні рэвалюцыі. Думкі былі трывожныя: «А нямецкага адказу няма». Цяпер не можа быць сумнення, што Гофман нацэліўся на Петраград. Што ж можна зрабіць яшчэ для абароны сталіцы? Што?

Але тут жа адагнаў хвілінную трывогу. Падняўся, імкліва і рашуча прайшоўся па кабінеце.

Зрабіць трэба ўсё магчымае, каб Гофман паламаў зубы на подступах да Петраграда!

— Так, немцы павінны паламаць зубы. Толькі ў такім разе яны згодзяцца на мір. За Піцер будзем стаяць насмерць!

Сказаў гэта ўголас, хоць і быў у кабінеце адзін.

Спыніўся, прыслухаўся, пачуў гул Смольнага. Гул гэты ўзрадаваў. Рабочыя пачулі заклік і горача адгукнуліся. У Чырвоную Армію добраахвотна запісваюцца тысячы свядомых байцоў.

Ленін успомніў пазаўчарашняе выступленне перад латышскімі стралкамі. Гаварыў ён па-нямецку, бо большасць латышоў лепш ведаюць нямецкую мову. Але калі ён сказаў: «Спакутаванаму рускаму народу мы павінны даць мір, чаго б гэта ні каштавала, гэтым мы ўмацуем рэвалюцыю і пачнём будаўніцтва новай маладой Расіі»,— зала выбухнула апладысментамі. Да радаснай спазмы ў горле крануў такі інтэрнацыяналізм, такое разуменне простымі салдатамі задач Савецкай улады.

Сёння ўвечары ў Актавай зале Смольнага ён выступіць перад піцерскімі рабочымі, перад прадстаўнікамі заводаў. Трэба запрасіць начальніка штаба Галоўкаверха з яго штабам, каб яны тут жа сфарміравалі палкі і ўказалі ім участкі фронту, куды паехаць, дзе заняць пазіцыі. Марудзіць нельга ні хвіліны.

Уладзімір Ільіч вярнуўся да стала і зрабіў адзнаку ў раскладзе дня перад пунктам: «Выступленне перад рабочымі».

Прагледзеў расклад: дзе трэба быць? Што самае неадкладнае?

У дзесяць раніцы пасяджэнне ЦК, тэрмінова скліканае па патрабаванні «левых». Пытанне: аб набыцці зброі і прадуктаў у дзяржаў Антанты. Вельмі важна. Але на пасяджэнне гэтае ён не пойдзе, бо яно зацягнецца, а ў яго назначаны аператыўныя сустрэчы — з камандуючымі ўмацаванымі раёнамі, з Крыленкам, генераламі Бонч-Бруевічам і Парскім, якога Галоўкаверх рэкамендуе камандуючым Нарвскім раёнам; Нарва, як і Пскоў,— стратэгічны вузел на подступах да Петраграда.

Акрамя таго, просяцца на прыём масквічы Радчанка і Вінтэр. Іх абавязкова трэба прыняць. Яны — спецыялісты па торфу, па электрастанцыях на торфе. Немцы ці новыя каледзіны, аляксеевы могуць адрэзаць данецкі вугаль. А Петраград, Масква павінны жыць? Ратунак — торф! Трэба ведаць энергетычныя запасы яго, каб даць рэкамендацыі ВСНГ. Трэба думаць аб будаўніцтве электрастанцый на торфе. Які ёсць вопыт? Дзе такія станцыі працуюць? Выкласці таварышам ідэю электрыфікацыі Расіі як аснову сацыялістычных пераўтварэнняў. Работу гэтую нельга адкладваць. Ідэя павінна завалодаць розумамі не толькі савецкіх гаспадарнікаў, але і шырокіх мас.

Але не толькі неадкладныя справы затрымалі Уладзіміра Ільіча. Брыдка яму было б бачыць і слухаць, як будуць «шкрабціся карослівыя». Пытанне, безумоўна, жыццёва важнае. Але зусім не дыскусійнае. Трэба дзейнічаць, а не гаварыць. Для гэтага даволі пастановы Саўнаркома аб маштабах закупу. Іншая рэч — калі Англія і Францыя выставяць палітычныя ўмовы, тады гэта магло б стаць прадметам абмеркавання ў вышэйшым партыйным органе. Аднак аднадумцаў трэба падтрымаць.

На невялічкім лістку паперы Ленін з вясёлай размашыстасцю напісаў:

«ЦК РСДРП. Прашу далучыць мой голас за ўзяцце бульбы і зброі ў разбойнікаў англа-французскага імперыялізму. Ленін». Прыназоўнік «за» падкрэсліў дзвюма рыскамі.

Мікалай Пятровіч Гарбуноў бездакорна выконваў сакратарскія абавязкі. Строга патрабаваў акуратнасці і дакладнасці ад усіх супрацоўнікаў сакратарыята, ад тэлефаністаў, кур'ераў, вартавых. Выпрацоўваўся новы, савецкі стыль справаводства, дзелавы, спакойны. Дэвізам сакратарыята было: як можна менш перашкаджаць Ільічу, не турбаваць па дробязях. Але на вайне — як на вайне.

Гарбуноў нечакана ўвайшоў у кабінет Старшыні Саўнаркома, прапусціўшы наперадзе сябе збянтэжаную тэлеграфістку, якая беражліва трымала ў далонях клубок тэлеграфнай ленты.

— Прабачце, Уладзімір Ільіч. Але вось яна, Маша, лічыць, што гэтую тэлеграму трэба абвязкова і неадкладна прачытаць вам.

Ленін падняўся. Дзяўчына ўбачыла трывогу ў вачах Ільіча і разгубілася: дарэмна пайшла яна на такую дзёрзкасць. Зачырванелася, пачала як бы перапрошваць:

— Не, Уладзімір Ільіч, нічога страшнага няма. Але мне здалося, што гэта вельмі важна. Я прачытаю...