Ленін цяжкавата падняўся, хоць на пасяджэннях ЦК часта выступалі седзячы, як і на пасяджэннях Саўнаркома.
Голас Уладзіміра Ільіча быў як бы трохі ахрыплы, так ён часам гучаў у канцы доўгіх і палымяных прамоў, аднак роўны і знешне спакойны. Але сказаў Ленін з той унутранай непахіснай рашучасцю, якую большасць прысутных добра ведалі. Сказаў тое, што гадзіну назад напісаў у артыкуле «Мір ці вайна?».
— Месяц назад у сваіх тэзісах аб міры я пісаў, што калі мы адмовімся падпісаць той мір, які нам прапануюць, то мацнейшыя паражэнні прымусяць Расію заключыць яшчэ больш нявыгадны сепаратны мір. Выйшла яшчэ горш, бо наша адступаючая і дэмабілізуючаяся армія зусім адмаўляецца ваяваць. Толькі нястрымная фраза можа штурхаць Расію пры такіх умовах, у такі момант на вайну. Я заяўляю, што ні секунды не застануся ні ва ўрадзе, ні ў ЦК, калі палітыка фраз возьме верх. Я буду змагацца супраць тых, хто сваім бяздумным фразёрствам губіць рэвалюцыю. Рэвалюцыйныя партыі, якія строга трымаліся рэвалюцыйных лозунгаў, многа разоў ужо ў гісторыі захворвалі рэвалюцыйнай фразай і гінулі ад гэтага. Мы вымушаны прайсці праз цяжкі мір.
Ультыматум Леніна быў выбухам бомбы. Уміг змяніліся ўсе твары. Цяпер ні ў каго не было ўжо робленай раўнадушнасці: маўляў, колькі разоў гаворым пра адно і тое ж, абвясцілі б «рэвалюцыйную вайну» і ўсе ганяліся б канкрэтнай справай.
На тварах розных людзей адбіліся самыя розныя пачуцці: здзіўленне, ашаломленасць, спалох, трывога, як паводзіць сябе, што сказаць, што зрабіць? Пераможна ўсміхнуўся адзін Ломаў, якому да канца жыцця будзе сорамна за гэтую ўсмешку і за словы, якія ён скажа крыху пазней.
Ленін сеў.
Наступіла паўза.
У Троцкага менш чым у каго пачуцці адбіліся на твары. Аднак, стаіўшы дыханне, ён слухаў, як учашчаюцца ўдары яго сэрца. Мозг апякла думка: ці не наступіў той час, пра які ён марыў яшчэ ў маладосці і мару гэтую песціў усё жыццё. Але няма сумнення, што за Леніным пойдзе большасць партыі і народа. Пры яго аўтарытэце інакш не можа быць, і ніякімі самымі палымянымі заклікамі ён, Троцкі, людзей гэтых не паверне ў свой бок. Паглядзеў на Бухарына. Ён — апора? У гэтага — ніякай пазіцыі. Ён ужо разгубіўся: вачэй не адрывае ад тэксту нямецкіх умоў, што ляжаць перад ім. Баіцца глянуць на Леніна, на яго аднадумцаў.
Нахабна і смела глядзіць Ломаў-Апокаў. Але Ломаў заўтра гэтак жа выступіць і супраць яго, Троцкага. Ды і што за палітык Ломаў? Практык. Як Іофе. Як Урыцкі. Дзяржынскі? Гэты быў і заўсёды будзе з Леніным.
Сталін нервова ламае запалкі, хоча запаліць люльку, якая яшчэ не патухла, і, бадай, з нянавісцю глядзіць на яго, Троцкага. Ад такога позірку стала нават трохі страшнавата. У Свярдлова цвёрды аўтарытэт у ЦВК, і гэты — бескампрамісны ленінец.
Гэтак жа лёгка, як завёўся, Троцкі супакоіў сябе.
Паўза зацягвалася. Здаецца, ніхто яшчэ не гатовы гаварыць. Гэта выгадна — пачаць першаму і «разрадзіць атмасферу». Троцкі гэта ўмеў, недарэмна калегі прызнавалі яго дыпламатычныя якасці.
— Я здзіўлены заявай Леніна. Так, Уладзімір Ільіч, палемізаваць нельга...
— Гэта не палеміка, гэта — ультыматум. Хопіць слоў! — не стрымаўся Ленін.
— Але давайце паразважаем без эмоцый,— заклікаў Троцкі.— Весці рэвалюцыйную вайну пры расколе
ў партыі мы не можам. Пры тых умовах, якія могуць стварыцца, наша партыя не ў сілах кіраваць вайной, тым больш што многія прыхільнікі вайны не жадаюць купіць матэрыяльныя сродкі для вядзення вайны ў дзяржаў Антанты. Але падпісаць гэты ўнізіцельны мір?!. Ніякія доказы Леніна мяне не пераконваюць. Каб у нас была аднадумнасць, мы здолелі б арганізаваць абарону. Безумоўна, напачатку нам прыйшлося б адступіць. Але мы не апынуліся б у бязвыхадным становішчы, каб нават былі вымушаны здаць Піцер і Маскву. Мы трымалі б увесь свет у напружанасці. Калі ж мы падпішам вось гэты нямецкі ультыматум, то заўтра мы будзем мець новы ультыматум. Усе фармуліроўкі яго такія, што даюць магчымасць далейшых ультыматумаў. Нарэшце, падпісаўшы такі ганебны мір, мы страцім апору ў перадавых элементах пралетарыяту. Але паўтараю: для вядзення вайны трэба максімальная аднадумнасць. Паколькі яе няма, я на сябе не вазьму адказнасці галасаваць за вайну.
Хіба не ўзор дзеяння па прынцыпу: і нашым, і вашым? Даўняя тактыка Троцкага: сутыкаць праціўнікаў ілбамі, падбухторваць тых, хто супраць Леніна, а сабе прысвойваць ролю аб'ектыўнага суддзі.
Выступленне Троцкага натхніла Бухарына. Лідэр «левых» быў непамерна больш ваяўнічы, чым на пасяджэнні васемнаццатага лютага. Ён падрабязна разбіраў усе дзесяць пунктаў нямецкага ультыматуму, даводзячы, якая пагроза тоіцца ў кожным з нахабных рабаўніцкіх патрабаванняў.