Выбрать главу

Ленінскі разлік быў дакладны.

За падрыхтоўку вайны прагаласавалі ўсе пятнаццаць членаў ЦК.

За апытанне выбаршчыкаў — адзінаццаць, бухарынцы ўстрымаліся. Але галоўнае — неадкладнае прыняцце нямецкіх умоў.

Елена Дзмітрыеўна Стасава, якая пэўны час была пад уплывам «левых», аддала свой голас за Леніна. Сем чалавек прагаласавала за мір, чацвёра — група Бухарына — супраць, чацвёра ўстрымаліся; Троцкі і Іофе, якія сарвалі падпісанне міру на значна лягчэйшых, брэсцкіх, умовах, на гэты раз устрымаліся.

Цяжкая, але перамога!

Уладзімір Ільіч адчуў палёгку. Можна лічыць, што рэспубліка ўратавана. Уратаваны ад смерці сотні тысяч людзей. Уратаваны дзеці ад сіроцтва, маці іх ад горкага ўдовінага лёсу.

Ленін расслаблена адкінуўся на спінку крэсла. На міг заплюшчыў вочы, слухаючы, як сціхае пульсацыя крыві ў скронях, у патыліцы. Пры знешнім спакоі ён моцна хваляваўся. Як учасціўся пульс! Як забалела галава! Добра было б хоць паўгадзіны адпачыць на адзіноце, у цішыні... Не, не ў кабінеце. Каб прайсціся па лесе. Але хіба можна здзейсніць такую мару? Трэба хутчэй, як можна хутчэй склікаць Цэнтральны Выканаўчы Камітэт Саветаў і, не марудзячы ні хвіліны, паслаць нямецкаму ўраду радыёграму і тэрмінова рыхтаваць мірную дэлегацыю. Колькі спраў! А людзі гэтыя ўсё яшчэ працягваюць да крыўднага недарэчную барацьбу.

Падняўся Урыцкі і ад свайго імя, ад імя Бухарына, Ломава, Бубнава і Якаўлевай прачытаў заяву, што, не жадаючы несці адказнасць за прынятае рашэнне, яны ўходзяць з усіх адказных партыйных і савецкіх пасад.

Ленін адзначыў, што ніхто тут заяву не пісаў, яна была падрыхтавана загадзя. Гэта амаль развесяліла: значыцца, не верылі «левыя» ў сваю перамогу.

Ленін стаў добры. Падтрымаў прапанову Свярдлова, каб да з'езда партыі ўсе заставаліся на сваіх месцах.

Ломаў. Уладзімір Ільіч, ці дапускаеце вы нямую або адкрытую агітацыю супраць падпісання міру?

Ленін. Дапускаю.

Сталін. Ці не азначае выхад з ЦК выхад з партыі?

«Левыя» абурана зашумелі.

Ленін. Выхад з ЦК не азначае выхаду з партыі. У нас ёсць тры дні да падпісання, дванаццаць да ратыфікацыі. За гэты час мы можам атрымаць думку партыі.

«Левыя» пачалі «таргавацца», як капрызныя дзеці. Маўляў, калі ім дадуць свабоду агітацыі, то ў такім разе яны застануцца на сваіх пасадах.

Ленін прыкінуў, што за два-тры дні, якія засталіся да падпісання міру, агітацыя «левых» будзе пустой балбатнёй, якую можа падтрымаць хіба толькі буржуазія. Нішто сабе архірэвалюцыянеры, якіх падтрымае контррэвалюцыя! Няхай агітуюць. Галоўнае — сёння на пасяджэнні ЦВК атрымаць большасць! Ленін спакойна растлумачыў статутнае правіла: агітаваць «левыя» маюць права, але галасаваць супраць рашэння ЦК у савецкіх органах не могуць. І прапанаваў: у фракцыі і на пасяджэнні ЦВК .праціўнікам міру лепш за ўсё ў часе галасавання выходзіць з залы.

Гэта ўтаймавала «левых» крыкуноў.

У пяць гадзін раніцы Ленін напісаў і падпісаў Пастанову СНК: «Згодна з рашэннем, прынятым Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў 24 лютага ў 41/2 гадзіны ночы, Савет Народных Камісараў пастанавіў умовы міру, прапанаваныя германскім урадам, прыняць і выслаць дэлегацыю ў Брэст-Літоўск».

Раздзел другі. БРАТЫ МІНАЯ

1

Выла завіруха. Заносіла паляну і будынкі на ёй снегам. Бор гудзеў і трашчаў. Шалёны вецер зламаў старую сасну, і яна, упаўшы, пабурыла гумно. На таку, вакол вогнішча, што гарэла ў выкапанай яме, грэліся людзі. У гумне яны і начавалі. У ёўні добра напалілі. Партызаны самі аблюбавалі гэтае гумно, бо ў невялікай леснічоўцы ўвесь атрад не мог размясціцца, там засталіся камандзіры, раненыя салдаты-батарэйцы, якім удалося адступіць пасля таго, як батарэю накрылі агнём нямецкія гарматы, ды сяляне — хто старэйшы ды са слабейшым здароўем.

У гумне былі маладыя. А дзе моладзь — там весялосць нават у самыя цяжкія, здавалася б, безвыходныя хвіліны. Партызаны расказвалі вясёлыя прыгоды.

У хаце панавалі панурасць і смутак. Можа, нават роспач. Стагналі раненыя. Паміж імі, пераступаючы цераз людзей, тыграм хадзіў Бульба-Любецкі і мацюкаў усё на свеце — немцаў, бога, непагадзь... Учора паспрабаваў вылаяць бальшавікоў: «Давялі Расію, такую іх...» Але Антон Рудкоўскі вызверыўся на яго: «Ты — эсэраўская контра! Я цябе за такія словы!» Вялікага тэрарыста, які страляў у губернатараў і жандараў, называў у вочы дзярмом міністраў і генералаў, ашаламіў такі гнеў камандзіра атрада, селяніна, матроса, і ён адступіў, можа, упершыню — толькі прымірэнча буркнуў: «Ну і эфіоп ты!» — і больш не чапаў бальшавікоў, ды і анархісцкія погляды свае на ўсё тое, што адбываецца ў Расіі і ў свеце, выказваў не з тым бязлітасным сарказмам, з якім некалі выказваў самому Керанскаму, а нядаўна, у дзень, калі пачалося нямецкае наступленне,— Багуновічу.