Выбрать главу

Сяляне — не тая аўдыторыя, каб гаварыць ім пра высокую палітыку з нігілістычнай уедлівасцю. Чаго добрага — такі фанатык, як Рудкоўскі, не зразумее і паставіць да сцяны. А ўвогуле Бульбе падабаліся гэтыя людзі, простыя, шчырыя, нават у такіх умовах вясёлыя. І Рудкоўскі падабаўся, хоць весялосці ў яго няма. Ды і адкуль ёй узяцца? У самога яго, у чалавека, які смяяўся на судзе, дзе яму выносілі смяротны прыгавор, настрой жахлівы, такі быў хіба тады, калі атрымаў праз сяброў вестку пра смерць у турме Надзі.

Бульба прызнаў, што Рудкоўскага ён паважае. За пераконанасць. Мэтанакіраванасць. Рабіў рэвалюцыю. Стварыў першую камуну. І перад нямецкім наступленнем не разгубіўся. Яшчэ тады, калі «русское славное воинство» (без уедлівасці Бульба не мог) разбягалася ад перамір'я, ад цішыні, Рудкоўскі рыхтаваў партызанскі атрад. Стратэг, чортаў сын. Самародак. І цяпер поўны рашучасці змагацца. І няма сумнення — будзе біць немцаў. Калі такіх Рудкоўскіх на гэтай зямлі нямала, сабачае жыццё тут будзе тэўтонскім ваўкам. Гэта Бульбе было вельмі даспадобы. З такімі хлопцамі можна «пагуляць» і яму па беларускім лесе, пачысціць свет ад погані.

У сваю чаргу Рудкоўскі, ведаючы з расказу Багуновіча біяграфію Бульбы-Дюбецкага, таксама не мог не паважаць яго. Лічыў, што карысна мець такога памочніка — адукаванага афіцэра, бясстрашнага чалавека і ў той жа час па-мужыцку свойскага, без панскіх мух у носе. Вунь як хлопцы палюбілі яго за два дні! Праўда, залішне гарачая галава і задужа анархізму. Але гэта не страшна, гэта, можа, нават добра для партызанства. Абы не вёў эсэраўскай агітацыі. Наконт гэтага трэба адразу паставіць яго на месца!

Рудкоўскі сядзеў за сталом у покуці і чытаў старую, трохтыднёвай даўнасці, «Правду», яшчэ з рэзалюцыямі Трэцяга з'езда Саветаў. Больш чытаць не было чаго. Акрамя таго, што чытанне хоць на колькі хвілін адцягвала ад цяжкіх думак — пра лёс камунараў, пра лёс сябра яго старшыні Савета Піліпа Калачыка — дзе ён, што з ім? — пра лёс рэвалюцыі — вунь якая сілішча паперла на Расію! Хто яе спыніць, калі армія сапраўды такі распалася? — газетай, што бранявым шчытом, ён адгароджваўся ад злосных, уедлівых заўваг Бульбы, з якіх усё ж вытыркаліся рогі калі не адкрытай эсэраўшчыны, то анархічнасці.

Адзін з раненых гучна стагнаў, хоць, здавалася, быў ён не самы цяжкі.

Бульба спыніўся над ім, цыкнуў:

— Сціхні! Не скуголь! Наганяеш нуду на ўсіх добрых людзей. Падумаеш, пашкуматавала табе задніцу. Не падстаўляй пад нямецкі снарад.

Салдат праз слёзы адказаў:

— Эх, грамадзянін камандзір! А яшчэ называеш сябе сацыялістам!

Назара ўразіла, што салдат папракнуў яго вось так — ветліва, але са знявагай да эсэрства; відаць, адукаваны хлопец, напэўна, бальшавік; за два дні камандавання батарэяй у яго не было часу ўзнаць людзей, тым больш іх партыйную прыналежнасць, не да таго было. Ён схіліўся над салдатам, каб бяскрыўдным жартам загладзіць сваю бестактоўнасць. Хацеў сказаць: «Прабач, брат, я няўдала пажартаваў. Усе мы стогнем. Толькі кожны па-свойму. Я лаюся. Рудкоўскі чытае газету». Але ад ног салдата патыхнула гнойным смуродам. Назар адхіснуўся.

У леснічоўцы паветра было цяжкае.

Ляснік, які залішне верна служыў графу Хадкевічу, адразу пасля рэвалюцыі ўцёк, баючыся помсты сялян. Хата тры месяцы не апальвалася, таму печ, пакуль нагрэлася, бязлітасна дыміла і ўсё пракурыла — сцены, вопратку, людзей. У хаце пераначавалі чалавек дваццаць, з іх палавіна былі раненыя. Пахла крывёю, потам. Амаль усе курылі, але тытуню не хапала, і ў яго дамешвалі сухі мох, дубовае лісце, што засталося зімаваць на маладым дубе за хлевам. Словам, пахаў, самых розных, у леснічоўцы хапала. Але вось такога, гнойнага, пакуль што не было. А Бульба, які неаднойчы выносіў з нямецкага тылу сваіх раненых разведчыкаў, добра помніў гэты злавесны смурод і ведаў, што гэта такое. Гангрэна. Тэрарыст, які не адступаў ні перад якім ворагам, які хоць і мацюкаўся, але ўмеў і падбадзёрыць, што таксама падабалася маўкліваму Рудкоўскаму, разгублена спіхнуў, настрой яго ўпаў да нулявой адзнакі. Вырвалася роспач:

— Эх, напіцца б, такую яго!