Рудкоўскі адарваўся ад газеты, сказаў спакойна:
— Напіся.
— Чаго?
— Вунь вада ў вядры.
Здзіўлены Бульба спыніўся перад сталом.
— А ты, матрос, гумарыст. Толькі дарэмна ты не слухаеш мяне. У разведку павінен быў ехаць я! З Мустафой. Дзе твае разведчыкі? Калі яны не перабежчыкі...
— Ну, гэта ты мне кінь! — з гнеўным выразам на твары падняўся за сталом камандзір атрада.
— Значыцца, злавілі варону...
— Не каркай,— ужо больш лагодна сказаў Рудкоўскі.
Разведчыкі, двое, на конях, былі пасланы ў маёнтак і ў сяло ўчора ўвечары — узнаць пра лёс палка, камунараў, пра сілы немцаў. Прайшла ноч, паўдня, а разведчыкі не вярнуліся. Рудкоўскаму гэта балела больш, чым каму. Ён сам разумеў, што здарылася бяда. І, не верачы ў бога, маліў, каб толькі яны не трапілі ў палон. Няхай ужо лепш адразу куля. Каб не катавалі. Балела яму не толькі як камандзіру: адзін з разведчыкаў семнаццацігадовы цёзка Антон — яго пляменнік, сын сястры. Як глянуць Ганне ў вочы? Яна так прасіла яго берагчы сына.
Сасна бухнула так, што, напэўна, усім у леснічоўцы здалося, што блізка, тут, на паляне, ударыла гаўбіца. Хто мог падняцца, схапілі вінтоўкі, кінуліся да дзвярэй. Пасля таго, як выбеглі здаровыя, папаўзлі да адчыненых дзвярэй раненыя. Шалёны вецер кінуў ім у твар зарады калючага снегу, завыў у коміне печы.
Першым убачыў, што здарылася, лесаруб Герась Леска, ён добра помніў, як падае спіленае ці зламанае дрэва.
— Гумно! Хлопцы! Накрыла гумно!
Рудкоўскі, збялелы, скачучы цераз сумёты, пабег да гумна. Бульба-Любецкі не адставаў ад яго.
Рудкоўскі шаптаў:
— Ах, божа, адна бяда не ходзіць.
Бульба адразу сцяміў, што страшнае не павінна было здарыцца, бо сасна ўдарыла па вугле, раструшчыла струхнелую сцяну, але кроквы аселі на складзеную ў гумне салому і гэта не дало страсе рушыцца пасярод, над токам.
— Жывыя вы там, харобрыя воіны?
— Жывыя,— адказаў амаль вясёлы голас.
— Чэрці! Чуеш, камандзір, яны яшчэ смяюцца? А ў нас душа ў пятках. Камандзір за вас богу маліўся.
Рудкоўскі збянтэжыўся і ўзлаваўся:
— Ну, вярзеш ты, капітан, чорт ведае што! Калі гэта я маліўся?
— Няважна — калі. Галоўнае, што бог цябе чуе, хоць ты і бальшавік.
— Не мялі ты лухту!
— А я твой аўтарытэт узнімаю...
Бульбу толькі зачапі, дык ён у любой сітуацыі будзе сушыць зубы.
Рудкоўскі ўладна закамандаваў:
— У вароты не выходзіць! Вылазьце праз страху над ёўняй.
Калі хлопцы пачалі вылазіць па адным і скачваліся са страхі ў гурбы снегу, іх сустракалі смехам і жартамі.
Антона Рудкоўскага такія жарты амаль абражалі: чаму такая бестурботнасць, калі становішча — горш не прыдумаеш.
Назар Бульба лепш разумеў людзей і, хоць настрой у яго быў сабачы, выкідваў адметныя штучкі і людзей падбіваў на жарты.
Для сялян самае, магчыма, цяжкае — сядзець без работы. Таму яны, усе тыя, што начавалі ў ёўні, і тыя, што правялі ноч у леснічоўцы, вельмі ахвотна ўзяліся за рамонт гумна, нягледзячы на сцюжу і завею.
Рудкоўскі таксама адчуў, што толькі праца можа адвесці цяжкія думкі, і тут жа стаў на чале будаўнікоў. Зазвінелі пілы. Застукалі тапары. Людзі заняліся справай.
Тады інтэлігент Бульба-Любецкі адчуў сябе лішнім. Ніколі не быў ён беларучкай, умеў працаваць, бо, хаваючыся ад смяротнага прыгавору, рабіў матросам, качагарам, пастухом у Туркменіі. Але за вайну ні разу не трымаў сякеру. Адвучыўся. А галоўнае — не хацелася працаваць. Адкрыў у сабе такое панства і на нейкі час адчуў сябе лішнім сярод гэтых людзей, якія з такой ахвотай валяць лес, абчэсваюць кроквы, разбіраюць старую паламаную сцяну і страху. Бадай са страхам падумаў: на што ж ён здатны? Забіваць? Сапраўды, у яго ажно свярбела ўсяродку ад жадання вырвацца на шлях, разграміць нямецкі абоз, захапіць трафеі... шнапс... І напіцца. Ад роспачы.
На двары яго ліхаманіла ад холаду і думак. Застаўшыся ў хаце з раненымі, выразна чуючы гангрэнозны пах ног салдата, Назар раптам зразумеў, што роспач яго — ад жаласці да гэтых няшчасных людзей і да тых, што засталіся навечна ў акопах. Ён думаў пра Багуновіча. Дзе ён? Што з ім? У палон Сяргей не мог здацца. З тых, хто быў у акопах, да батарэйцаў, якія адступілі, зняўшы з гармат замкі, далучылася толькі два чалавекі. Адзін расказаў, што бачыў, як агітатарка выскачыла з чырвоным сцягам насустрач нямецкім шарэнгам і яе скасілі кулямёты. Да яе кінуўся камандзір палка...
Расказваў салдат кожны раз па-новаму. Але аднаму Назар верыў: юная ідэалістка магла пайсці на тое, каб спыніць нямецкіх пралетарыяў у шынялях чырвоным сцягам; за ёй, безумоўна, кінуўся Сяргей, не мог не кінуцца. Бульба ўяўляў гэтую карціну і стагнаў ад болю. Толькі тут, у леснічоўцы, ён адчуў, як любіў Багуновіча. У брудзе і крыві шалёнага свету Сярожа заставаўся адзіным рыцарам. А як яму хацелася міру! Для людзей. Для сябе. Трохі не кінуўся з кулакамі, калі ён, Бульба, сказаў, што рыхтуецца «пагуляць» па нямецкіх тылах. Баяўся парушыць перамір'е. Ды парушылі яго не мы, мой сябра. Палітыкі. Кюльман ці Троцкі... чорт іх знае хто. Да палітыкаў Бульба ставіўся з пагардай. Усіх. Манархістаў. Сацыялістаў. Анархістаў.