Гняла бяздзейнасць.
Чаго чакае Рудкоўскі? Трэба ж, нарэшце, памагчы хоць гэтым няшчасным, што, перабінтаваныя парванымі сарочкамі, ляжаць на падлозе, на саломе. Інакш гангрэна можа забіць нават лёгка параненых. У мястэчку, напэўна, ёсць які-небудзь фельчар. Трэба пашукаць! Батарэйных коней прывёў ён, Бульба, і ў яго ёсць права распараджацца імі.
Назар, поўны рашучасці, пайшоў з хаты. На ганку спыніўся, уражаны цішынёй. Не, завея выла па-ранейшаму, гудзеў бор. Але не чуваць было ні піл, ні сякер, ні галасоў. Ажно страшнавата зрабілася ад бязмоўя. Збегшы з ганка, ён глянуў на гумно і спыніўся, ужо зусім ашаломлены. Ад гумна да хаты рухалася дзіўная працэсія. Усе партызаны. Наперадзе іх, як прывіды ці паўночныя мадонны, ішлі дзве жанчыны, у заснежаных хустках, у задубянелых кажухах. Ішлі яны цяжка, зморана, быццам неслі на сваіх плячах труну.
Адну жанчыну капітан пазнаў здалёк — гаспадыня кватэры, дзе жыў Багуновіч, жонка начальніка станцыі пані Альжбета. З ёй сустракаўся многа разоў, калі прыязджаў да сябра. Паноў Назар ненавідзеў, хоць прызнаваў, што непрыкметна сам спаўзае да паразітычнага жыцця. Панства ж пані Альжбеты, яе шляхецкі гонар весела цешыў. Асабліва паразумеліся яны на вяселлі Багуновіча і Міры.
А другая жанчына? Хто другая? Нібыта знаёмая. Але ўспомніць, хто яна, ніяк не мог. Толькі калі працэсія наблізілася, Бульба раптам пазнаў яе. Божа мой! Ды гэта тая прыгажуня і весялуха, што была за дружку ў нявесты. З ёй ён цэлы вечар танцаваў і, падвыпіўшы, прызнаваўся ў каханні. А яна, Стася, па-жаночаму іграючы, весела і звонка рагатала.
Але што з ёй стала? Да яго ідзе зусім старая жанчына, спакутаваная, як пасля цяжкай хваробы, з патухлымі вачамі. Намнога старэйшая Альжбета падтрымлівае яе. А Стася, здавалася, вось-вось асядзе ў снег.
Прайшла яна, як сляпая,— не пазнала яго. Альжбета ж толькі позіркам адказала на яго пачцівы паўпаклон. Але калі ён паспрабаваў памагчы Стасі — узяў пад другую руку, яна затрэслася ўся і злосна вырвала сваю руку, твар яе пакутліва скрывіўся.
Бульба разгубіўся: чаму ёй так непрыемны яго дотык? Чаму партызаны ідуць, як на пахаванні?
У такім маўчанні ўвайшлі ў леснічоўку. Набілася поўная хата людзей. Пасадзіўшы Стасю на ўслон каля драўлянага ложка, што стаяў у куце, Альжбета села каля стала. Скінула кажух, ссунула хустку з галавы, пачала церці далонямі шчокі. Заклапочана спытала:
— Не адмарозіла я шчокі? — быццам іншага клопату ў кабеты не было.— Не, шчокі не адмарозіла. Рукі адмарозіла. Пане Антоне, няхай прынясе хтось снегу. Расцірайце мне рукі,— працягнула іх Рудкоўскаму, што сеў з другога боку стала, насупраць, сказала шэптам, кіўнуўшы на Стасю: — А яна, баюся, ногі адмарозіла. Але не дасць яна расціраць іх. Мой муж знайшоў яе ў пакгаузе. Божа мой, якія звяры! Якія звяры!
Толькі пасля слоў гэтых Назар Бульба-Любецкі зразумеў, што здарылася са Стасяй. Ён трохі не завыў ад болю і гневу. Вялікі тэрарыст быў гуманістам і рыцарам: гвалт над жанчынай лічыў такім жа злачынствам, як прыгнёт цэлага народа. Прысуд гвалтаўнікам у яго мог быць толькі адзін: смерць. Але хіба толькі гвалт зрабілі прышэльцы? Пра што гэта яны гавораць — пані Альжбета і Рудкоўскі?
— І колькі народу яны задушылі газамі? — спытаў камандзір атрада, збялелы.
— Ах, пане Антоне, ніхто добра не ведае. Кажуць, барон-пастар, пан Ёган, насуперак загаду брата, адчыніў вароты і, надзеўшы процівагаз, выводзіў кабет... Але з мужчын... ці выйшаў хто? Кажуць, салдаты адвезлі на могілкі больш за дваццаць трупаў...
— Яны душылі людзей газамі? — спытаў Бульба спачатку амаль шэптам, не адразу паверыўшы таму, што пачуў. Але нельга было не верыць, і ён закрычаў на ўвесь голас: — Яны душылі людзей газамі! Таварышы! Дарагія мае браты! Дык чаго ж мы сядзім тут? Там душаць газамі... там...— асекся, не сказаў пра гвалт.
Партызаны і салдаты абурана загудзелі. Яны гатовы былі ісці следам за Бульбай на любую, самую рызыкоўную аперацыю. Ды Альжбета павысіла голас, каб пачулі ўсе:
— Але гэта не ўсё яшчэ, пане Антоне. Да майго Баранскаса прыходзіла старая Калачыкава, прасіла пагаварыць з баронамі. Барон Артур трымае ў склепе пана Піліпа і пана паручніка...