Выбрать главу

— Багуновіча? Сярожа жывы? — ажно падскочыў Бульба.

— Кухарка Эльза перадала вяскоўцам: барон Артур сказаў, што іх павесяць, як бальшавікоў, пры ўсім народзе, каля царквы.

— А-а! Сто чарцей! — зноў застагнаў Бульба і выхапіў з ножнаў шаблю, са свістам рассек ёю паветра над галовамі людзей.— Свабода ці смерць!

— Што за хлапчукоўскія конікі? — спакойна і строга ўпікнуў Рудкоўскі раз'ятранага капітана. Але Бульба грымеў ужо на ўсю хату:

— А ты што хочаш? Каб я сядзеў і ўздыхаў, калі нейкі тэўтонскі ўблюдак хоча павесіць майго сябра?.. Дакуль чакаць? Караблі Балтыйскага флоту, матрос, на дапамогу не прыйдуць,— і тут жа звярнуўся да Альжбеты: — Чакайце. Вы кажаце — Артур? Які Артур? Той? Капітан рускага Генеральнага штаба?

— Трэцяга сына ў барона не было.

— Ах, поскудзь тытулаваная! Ах, шулер! Дарэмна я не пусціў яму кулю ў лоб за шулерства. Ну, гад, я цябе дастану з дна марскога! — і да Рудкоўскага з сарказмам: — Можа, і цяпер, камандзір, будзеш трымаць мяне на печы? Дык я табе скажу...

— Не гарачыся. Дай падумаць,— спакойна адказаў Рудкоўскі.

Але пачуліся галасы:

— Чаго там думаць?

— Біць іх, гадаў, трэба!

— Людзей сваіх асвабадзіць!

— Мустафа! Дзе мой мяшок?

Мустафа адказаў з печы, дзе выграваў прастуджаную спіну:

— Мустафа спіць твой мяшок, ваша бродзь.

Колькі маладых пырснулі смехам. Ды тут жа сціхлі.

Увагу ўсіх, хто быў у хаце, прыцягнула іншае. На ложку ляжаў ранены ў жывот салдат, самы цяжкі, усю ноч трызніў. А ў гэты міг апрытомнеў. Праз туман болю і пакут, праз страшныя прывіды ён угледзеў жаночае аблічча — Стасю, што сядзела побач у найгоршай непрытомнасці: не млела фізічна, але далёкая ад усяго, што рабілася навокал, нічога не чула, нічога не прынімала — поўная спустошанасць, больш жахлівая, чым у чалавека, якога пасля катаванняў вядуць на шыбеніцу.

Салдату, пэўна, здалося гэтае жаночае аблічча матчыным, і ён паклікаў зусім па-дзіцячаму, слабым, але поўным надзеі голасам:

— Мама! Мама! Дай мне напіцца.

Гэты знясілены голас пачула і Стася. Павярнула да салдата галаву, угледзелася ў яго твар. І раптам хутка паднялася з услона, схілілася над раненым, пахукала на далоні і асцярожна паклала рукі на яго гарачыя шчокі, пагладзіла іх.

— Родненькі ты мой! Галубчык ты мой, што ж гэта яны з табой зрабілі?

З вачэй яе пырснулі слёзы, буйныя і гарачыя. Яны капалі салдату на твар, на вусны, ён аблізваў іх засмяглым языком,

— Дайце ж яму вады! — гукнула жанчына ахрыплым, але ўжо знаёмым — сваім — голасам.

Старэйшыя мужчыны — вяскоўцы, засланіўшы вочы шапкамі, выходзілі з хаты. Бульба плакаў, не саромеючыся. Рудкоўскі і Альжбета глядзелі на Стасю ўсхвалявана, але, бадай, узрадавана, яны першыя зразумелі, што слёзы гэтыя, матчын клопат аб раненым — яе ачышчэнне ад бруднага гвалту, яе адраджэнне, зварот да жыцця.

Падалі берасцяны карэц з вадой. Стася прыпадняла салдату галаву і паіла яго.

— Пі, мой саколік, пі.

У хаце з'явілася сястра міласэрнасці. Рудкоўскаму стала трохі лягчэй, хоць з'явілася іншая пакута — за яе, за Стасю, і за сваё каханне, якое матрос, абпалены вайной, па-юнацку таіў.

Альжбета здзіўлялася, як хапіла ў іх сілы дайсці: у полі вецер збіваў з ног, у лесе снег — па калена. А ў дадатак — страх. І за яе — не за сябе. За дачку, за Юстыну. Пятрас, праводзячы яе, паабяцаў, што нікуды не адлучыцца з дому. Але ж яго могуць прымусіць пайсці на станцыю. Праўда, тых, што ўчынілі здзек над Стасяй, няма — пайшлі на ўсход. Але ж праз станцыю ідуць эшалоны. А калі нейкі спыніцца і затрымаецца? Ад жахлівых уяўленняў маці ледзь не траціла прытомнасць. Разумеючы, што назад не дойдзе ў гэты дзень, а начаваць не зможа, Альжбета яшчэ ў лесе, як толькі вартавы падвёў да гумна, спытала ў Рудкоўскага, ці ёсць у іх коні.

— Мы вас падвязём, таварыш,— паабяцаў камандзір, не ведаючы, як звяртацца да гэтай пані.

Стасін клопат пра раненага на нейкі час заглушыў і яе трывогу пра дачку; вернасць запавету, што навучылі яе маці, пан ксёндз, а пасля вучыла жыццё — памагчы бліжняму, што апынуўся ў бядзе, і Альжбета таксама занепакоілася аб раненых:

— Ці кармілі вы іх? Калі маеце з чаго, я згатую абед.

Назар Бульба рваўся выратаваць сябра. Але план свой не стаў выкладаць перад усім атрадам.

— Пайшлі, камандзір, параімся.

Раіліся яны нядоўга, схаваўшыся ад завірухі і цікаўных вушэй у хляве, дзе, мірна фыркаючы, хрумсталі сена коні. Мінут праз дзесяць Бульба апантана ўскочыў У хату.