— Мустафа! Мяшок! Брытву!
— Гарыць, да? — незадаволена прабурчаў башкір.
— Гарыць! Гарыць, Батыеў ты сын! У сядле вылечыш задніцу сваю! Прашу прабачэння ў паняў.
— У сядле? — у Мустафы загарэліся вочы, башкір верыў, што сядлом можна вылечыць усё.
Бульба-Любецкі паспешліва, без мыла, толькі змочваючы шчокі гарачай вадой, зморшчыўшыся ад болю, абшкроб трохдзённую шчаціну сваёй барады. Пасля дастаў з мяшка нямецкі афіцэрскі шынель. Памераў. Агледзеў сябе, грэбліва зняў шынель, кінуў на падлогу.
Знайшоў у сваім мяшку пагоны палкоўніка рускай арміі і загадаў Мустафе прышыць іх да свайго зашмальцаванага, але яшчэ элегантнага рускага афіцэрскага шыняля з футравай падкладкай. У Рудкоўскага з'явілася нядобрая думка:
«Пагончыкі хавае. Навошта? Запаслівы. Усё ў яго ёсць — іголка, нітка, спірт (учора Бульба аддаў пляшку спірту прамываць раны). Глядзі — і гранаты! Нямецкія. Мяшок ляжаў на печы, а ў ім гранаты. Рызыкант. Во эсэраўская натура!»
Гранаты Бульба перадаў свайму вернаму збраяносцу — Мустафе. Той засунуў іх пад папругу.
Тым часам на двары запрагалі коней.
2
Барон Артур Зэйфель-Увараў (другую частку прозвішча ён узяў ад бабулі, графіні Уваравай, каб быць больш рускім) ляжаў на канапе ў сваім кабінеце і курыў, пускаючы з люлькі ў столь адмысловыя колцы шызага дыму. З асалодай удыхаў пах турэцкага тытуню найвышэйшага гатунку.
Нарэшце ён дазволіў сабе гэтак расслабіцца, адпачыць, як кажуць, душой і целам. Упершыню за тры месяцы, пасля таго, як ён з рускай арміі, са штаба Духоніна, ліквідаванага бальшавікамі, перабраўся ў сваю родную, нямецкую, армію, у якую даўно ўжо быў тайна залічаны як разведчык асобага рангу.
Але, толькі дома, ва ўласным маёнтку, у кабінеце, такім родным з маленства, можна вось так адпачыць; гэта не тое, што запляваныя гатэлі ў Брэсце і Баранавічах. Добра, што гэтае быдла, яго батракі, не кранулі кабінета, не спалілі бібліятэку. Засталіся не толькі кнігі, але і карціны. Яго гэта і моцна здзіўляла, і вельмі ўзрадавала. Азіраючы сваё некранутае багацце, барон ажно раставаў ад задавальнення. Але тут жа хмурыўся, прыгадваючы страты. Што бібліятэка? Жывёлы няма, з'елі бандыты. Кароў. Свіней. Коней. Свірны пустыя. Убачыўшы ўсё гэта ў дзень уступлення сюды нямецкіх войск, Зэйфель пасінеў ад гневу, за багацце сваё ён гатовы быў задушыць газамі не толькі былых батракоў, што стварылі камуну («Я пакажу ім камуну! У магіле яны будуць ляжаць камунай!» — крычаў ён), але і ўсё сяло, усё наваколле. У той дзень ён напэўна зрабіў бы гэта, каб не брат Ёган. Гэты кульгавы лютэранін, святы сям'і Зэйфеляў, не толькі не даў падушыць усіх камунараў. Ён ратаваў сяло, палонных салдат...
Яны моцна пасварыліся. Брат абразіўся. Цяпер, улагоджаны і заспакоены, Артур адчуваў сваю віну перад Еганам і думаў, як памірыцца з ім. Урэшце, брат меў рацыю. На гуманнасць можна плюнуць. Але не думаць аб прэстыжы сям'і нельга. А яшчэ больш думаць аб бяспецы на будучае: у кожнага з батракоў блізка ці далёка ёсць сваякі, і яны могуць помсціць... А ўтаймаваць гэтую стыхію не адразу ўдасца і немцам.
«Але, душыць газамі не варта было»,— згадзіўся барон. Звесткі пра гэта ў бальшавіцкай прэсе лёгка абвергнуць. Ды наўрад ці бальшавікі ўтрымаюцца. Не для таго нямецкая армія перайшла ў наступленне, каб спыніцца, заключыць мір. Праз тыдзень-два яна ўступіць у Петраград. Пра гэта гаварыў генерал Гофман на нарадзе ў Брэсце. Горш, калі пра ўдушэнне людзей надрукуюць газеты. А газеты такія ёсць — сацыял-дэмакратычныя.
Барона ажно закалаціла. Заражаны рускім духам, духам вольнасці, што панаваў у Стаўцы пасля Лютаўскай рэвалюцыі, калі манархічныя пачуцці пачалі лічыцца анахранізмам, Зэйфель вылаяў у думках кайзера Вільгельма. Стары барон! Чаму ён няньчыцца з гэтымі сацыял-дэмакратамі? Ім нават даецца трыбуна ў бундэстагу, каб выступалі супраць вайны. Перавешаць іх трэба было даўно ўсіх — і левых, і правых!
Але, Ёган меў рацыю: гнеў, пачуццё помсты — не лепшыя дарадцы, лепш, відаць, яго, евангельскае, дараванне, багаслоўская развага.
«Добра, брат, я перапрашу цябе. Даруй». Акрамя ўсяго іншага, Артур быў удзячны брату за тое, што той яшчэ два гады назад адмовіўся ад часткі сваёй спадчыны на яго карысць. Маўляў, таму, хто прысвяціў сябе служэнню богу, багацце не патрэбна. Ён абвясціў пра гэта на сямейным савеце, але юрыдычна не паспеў аформіць. Дакумент ёсць толькі на дом у Кёнігсбергу. Чаго добрага, пакрыўджаны брат перадасць сваю долю «брацтву» — ордэну манахаў — ханжэй і п'янюг, гультаёў, якімі ён, баявы афіцэр, глыбока пагарджаў. «Абяцаю табе, Ёган, душыць газамі больш нікога не буду. Але я не святы Езус і нават не талстовец, каб дараваць сваім ворагам. Кару яны панясуць. Гэтыя двое — першыя».