«Гэтыя двое» — Багуновіч і Калачык. На іх у барона была асаблівая лютая злосць. Аднак самая моцная — супраць афіцэра, што прадаўся бальшавікам. За яго здраду... За тое, што ён таксама рабаваў фальварак. Як высвятляецца, салдат сваіх ён карміў хлебам з яго свірнаў, мясам з яго аборы і свінарніка. А яшчэ гнеў Артура Зэйфеля кіпеў, калі ён успамінаў пра страты, якія панесла нямецкая дывізія.
У яго быў узлёт. Жалезны крыж, званне маёра, калі ён перайшоў да сваіх. З ім раіўся сам Гофман. Начальнік штаба Усходняга фронту прыкамандзіраваў яго да корпуса генерала Шульца, які павінен быў нанесці ўдар у раёне баронскіх уладанняў і паабапал іх, карацей кажучы, у раёне, які ён, паляўнічы, аб'ездзіў з маленства, да якога меў асаблівую цікавасць, а таму больш уважліва вывучаў рускую абарону ў гэтым раёне. Ён радаваўся такому назначэнню: яго прысутнасць уратуе маёнтак ад разрабавання нямецкімі салдатамі, якія таксама сталі што галодныя шакалы.
Ён узначаліў разведку корпуса. Але яго даныя аб магчымым супраціўленні рускіх хутчэй былі яго жаданнем, чым вынікамі сур'ёзнай разведкі. І полк Багуновіча, якога, па яго разліках, не павінна было існаваць, і полк нейкага Чарназёмава, пра які ён увогуле не меў ніякіх звестак, аказалі нечакана моцнае супраціўленне, палеглі ці ранены сотні нямецкіх салдат. Шульц выказаў сваю незадаволенасць.
Пустымі, як ён і меркаваў, былі толькі акопы палка яго знаёмага Бульбы-Любецкага. Але далёка ў глыбіні пушчы разгромлены два нямецкія абозы. Вельмі можа быць, што гэта работа эсэраўскага тэрарыста, яны і супраць цара так дзейнічалі.
Шульц лёгка згадзіўся даць яму двухтыднёвы адпачынак, каб уладкаваць свае справы. Але адпачынак гэты трывожыў Зэйфеля. Ці не хочуць ад яго такім чынам пазбавіцца, не даць здабыць лаўры перамогі?
Трэба хутчэй скончыць справы ў маёнтку. Сёння прыехаў з Кёнігсберга бацька. Гэта ўсцешыла: стары барон не падобны да свайго сына Ёгана, у яго хапае нямецкай дзелавітасці, каб заняцца гаспадарчымі клопатамі. Значыцца, на яго долю па-ранейшаму застаюцца ваенныя справы.
Артур зацягнуўся і пыхнуў бясформенным клубам дыму, ажно з люлькі сыпанулі іскры.
Як жа пакараць гэтых двух?
Зэйфель ведаў, што Багуновіч, пераапрануты ў салдацкую вопратку, прыходзіў пад час братання ў нямецкія часці, таму хацелася асудзіць яго трыбуналам за шпіянаж і асабіста прысутнічаць пры расстрэле, паглядзець, як будзе паміраць бальшавік. Усе яны харобрыя, пакуль... Хоць не, рускія бываюць фанатыкамі.
Аднак слінявыя гуманісты ва ўпраўленні па справах ваеннапалонных не знайшлі падстаў, каб перадаць палоннага камандзіра палка трыбуналу. Добра, што ў спешцы наступлення яны забыліся на яго.
Старога Калачыка, арганізатара Савета, барон вырашыў павесіць на сельскай плошчы, сабраўшы народ з усяго наваколля. Хай глядзяць і ведаюць, што так будзе з кожным, хто пасягне на святое права дваранскага роду — уладаць землямі, маёнткам, млынамі, вось гэтай бібліятэкай, карцінамі вядомых майстроў. Але суду над Калачыкам ён хацеў надаць хоць якуюсь законнасць і сёння з раніцы займаўся арганізацыяй у воласці цывільнай адміністрацыі.
Добра было б, каб сялянскі суд асудзіў і Багуновіча. Здаецца, ёсць зачэпка. У Хвядоса Кілаватага, што назначаны старастам, забілі сына. Можна даказаць, што забіў асабіста Багуновіч. Між іншым, расказваюць, што камандзір палка застрэліў афіцэра, які пакінуў акопы. Трэба даследаваць. У адкрытым судзе трэба мець факты. Знайсці былых царскіх суддзяў, адвакатаў. Судзіць не па нямецкіх — па рускіх, па царскіх, кодэксах.
«А можа, прасцей — пры спробе ўцячы?»
У барона ажно засвярбела далонь ад жадання сціснуць рукаятку пісталета і пусціць кулю ў спіну ненавіснаму чалавеку. Але праз момант адмовіўся ад такой думкі. Багуновіч кантужаны, нічога не чуе, таму абыякавы да ўсяго, што адбываецца навокал. Ніяк не зрэагаваў нават тады, калі ён, Зэйфель, пры допыце, не паверыўшы ў глухату, тыцкнуў яму ў зубы дулам рэвальвера і раскрывяніў губу.
Не, страляць у глухога нецікава.
«Якую ж кару табе прыдумаць, таварыш бальшавік? Аднак якімі клопатамі я забіваю сабе галаву. Малайчына бацька. Ён і ў непагадзь пайшоў у абору, каб паглядзець, як даглядаюць кароў, што ўцалелі пасля мужыцкага разгрому».
А завея добра такі разгулялася. Некалі яго старая нянька, беларуска, называла гэта Стрэчаннем — зіма сустракаецца з вясной. Што ж, вясна блізка, з ёй прыйдуць новыя радасці. Скончыцца вайна перамогай Германіі. Ах, як шуміць парк! Колькі ў гэтым шуме роднага, успамінаў залатога маленства.