Выбрать главу

Ды раптам рускі загадаў барону:

— Возьмем салдата. Не самім жа нам гэта рабіць.

Тады Фрыдрых скалануўся. Яны хочуць застрэліць гэтых няшчасных — кантужанага афіцэра і старога Калачыка? З сялянскім бунтаром хітры і па-свойму дэмакратычны служка падтрымліваў з маладых гадоў своеасаблівыя адносіны: нярэдка сустракаліся, разам хадзілі на вячоркі, на кірмашы ў мястэчка, але пры кожнай сустрэчы сварыліся з-за паноў: адзін служыў ім з нямецкай адданасцю, другі лаяў іх самымі страшнымі словамі, заклікаў адабраць зямлю, дабро, падзяліць паміне людзьмі, а ў пятым годзе спаліў баронскі свіран, трапіў у турму.

Камердынер ганарыўся тым, што сумленне яго перад Калачыкам, перад батракамі, перад вяскоўцамі чыстае: ён нікога з іх не выдаў. Але, ён рабіў усё дзеля таго, каб не было крыві. Ён не думаў пра тое, што не заўсёды гэта ішло на дабро людзям. Але цяпер ён шчыра спалохаўся: няўжо бог паслаў яму на старасць такую кару — быць сведкам смерці «сябра маладосці»?

Барон сказаў вартавому:

— Пойдзеш са мной.

Камердынер упаў на калені, замаліў па-руску:

— Ваша светласць, не бярыце грэх на душу.

Бульба схапіў яго за каўнер ліўрэі, падняў з падлогі, як кацяня. Сказаў са злосцю:

— Стары, ты таксама пойдзеш з намі! Свечку!

Дрыготкімі рукамі Фрыдрых запаліў свечку і павёў іх па цемнаватым калідоры першага паверха.

Па крутых усходцах спусціліся ўніз, у склеп. Зэйфель доўга не мог адчыніць замок цяжкіх жалезных дзвярэй, аднак ні салдат, ні камердынер не выказалі жадання памагчы яму. Салдат таксама пачынаў здагадвацца, навошта яго прыхапілі, і калаціўся — ад страху перад суровым маёрам і перад тым, страшным, што яго напэўна прымусяць зрабіць, бо, урэшце, вінтоўка толькі ў яго.

Завесы дзвярэй іржава завішчалі. Пры цьмяным святле свечкі, агеньчык якой трапятаўся, Бульба ўбачыў у камеры на падлозе, на саломе-клычанцы, траіх, сярод іх не адразу пазнаў Багуновіча, той быў у салдацкім шынялі; нямецкія марадзёры здзерлі з яго бекешу яшчэ ў акопе, дзе ён ляжаў непрытомны.

Бульба, пры сваёй бязлітаснасці да ворагаў, быў па-жаночаму сентыментальны, калі датычылася сваіх, сяброў. Горкі камяк захрас у горле, і ён не адразу хрыпла закамандаваў:

— Выходзьце!

У адказ Калачык мацюкнуўся.

Фрыдрых сказаў упалым голасам:

— Богу маліся, Піліп.

— А-а, і ты тут, стары кныр?! Пайшоў ты са сваім богам...— і сказаў такое салёнае слова, што пры ўсіх сваіх перажываннях Фрыдрых абурыўся.

— Пасаромейся, блюзнер. Не даруе табе бог!

— У нас з табой розныя багі. Мой бог мне ўсё даруе.

Ён, Калачык, і хлапчына, баранавіцкі вакзальны злодзей, паднялі Багуновіча і пад рукі вывелі з камеры. Знясілеў ён не толькі ад кантузіі, але і ад таго, што тры дні нічога не еў, адмаўляўся ад ежы; Калачык карміў яго бурдой з гнілых буракоў, якую ім зрэдку прыносілі, прымусам, як хворае дзіця.

Багуновічу здавалася, што кантузіў яго не снарад — смерць Міры. Разам са слыхам у ім пагасла ўсё, надышла поўная абыякавасць да таго, што называлася жыццём. Ад усяго жыцця заставалася хіба адно — пякучы боль ад успамінаў пра Міру, пра крывава-чырвоную касынку, якую вецер каціў па снежным полі.

Аслеплены пасля цемры святлом, Багуновіч і тут не адразу пазнаў Бульбу. Але ў вестыбюлі яго пазнаў Калачык і кінуў у вочы:

— Шафер? Во гад! Павядзеш пад вянец? Вядзі, сукін сын! Павянчай. Знаў на гэтым свеце і на тым не забуду: што ні пан, то прадажная шкура. Цьфу на цябе! — і плюнуў Бульбе пад ногі.

Тады і Багуновіч пазнаў былога камандзіра палка, сябра, нядаўняга камандзіра сваёй батарэі. У яго патухлых вачах на міг успыхнуў агонь жыцця: не, не надзея — здзіўленне.

Ды ён тут жа адвярнуўся.

Бульбу ўразіла ўсё роўна як бы адсутнасць Багуновіча — ніякай рэакцыі на тое, што адбываецца, што гаворыцца, ніякага пробліску хаця б цікаўнасці. Ажно пакуль не сцяміў, што той глухі, нічога не чуе. Зразумелай стала яго зняважлівая абыякавасць. Але ад таго, што ў склепе трымалі цяжка кантужанага афіцэра, гнеў яго на немцаў закіпеў з новай сілай.