Выбрать главу

Ды якраз у гэты міг азірнуўся Багуновіч. Убачыў, што творыцца, і яго званітавала. Але паколькі ён нічога не еў, то цягнула з яго крывёю, з пакутлівымі спазмамі.

Бульба вылаяўся:

— Слюнцяі! — і тут жа загадаў: — Хопіць! Скажы дзякуй, барон, гуманістам. Пастаў свечку за іх здароўе. Бяжы! Запомні, як гарыць наша зямля пад тваімі нагамі.

— І як наш вецер дзьме ў тваю прадзіраўленую задніцу,— дапоўніў Калачык.

— Падняць барона! Бяжы! Але помні, што я не знайду цябе хіба што ў Трансваалі. Хоць магу і туды дабрацца.

Усё яшчэ не верачы ў такое шчасце — даравана жыццё! — барон Зэйфель без штаноў, у кайзераўскім мундзіры і рускай лакейскай шапцы напачатку пайшоў павольна, раз-пораз азіраючыся, мабыць, чакаў стрэлу ў спіну. А потым, адышоўшы сажняў трыццаць, падскочыў, як заяц, і, па-заячы пятляючы, пабег што ёсць сілы.

Партызаны выбухнулі вясёлым і лёгкім рогатам: уявілі, як барон у такім выглядзе з'явіцца ў маёнтак. Нават Багуновіч, у якога спазмы страшна рэзалі жывот, таксама ўсміхнуўся з палёгкай. Не чуючы шуму, паглядзеў угору, на сосны, якія гойдаў вецер. Па тым, як гайдаліся вершаліны дрэў, уявіў, як шуміць бор. Ад гэтага ўяўлення шуму да яго як бы вярнулася адчуванне жыцця — вось яно якое: крывавае і прыгожае.

Раздзел трэці. ПА ДАРОЗЕ Ў МАСКВУ

1

Поезд манеўраваў ля Віленскага вакзала. Разы два на кароткі міг спыняўся, але не каля перона, дзе тоўпіліся пасажыры, а на трэцім ці чацвёртым пуці.

Багуновіч памкнуўся быў сысці, але Стася стрымала яго. Пэўна, яе спалохала, што на пероне хадзілі салдаты. Яшчэ з часу службы ў барона яна добра ведала, як немцы не любяць, калі хтось парушае парадак.

Можна саскочыць за вакзалам, на стрэлках. Але небяспечна было скакаць нават на самай прыцішанай хадзе. Вельмі ж яны скачанелі ў пустым таварным вагоне, куды праз праломы ў сценах урываліся шалёныя скразнякі. Іх шчасце было хіба ў адным, што раней у вагоне перавозілі коней, там пахла конскім гноем і засталося трохі саломы, пад яе можна было схаваць ногі. Праўда, Сяргея стары Калачык прымусіў абуць валёнкі. Стася валёнкі не абула. Разважыў Бульба ды і сама яна: калі ўжо ёй належыць ехаць пад выглядам міласэрнай сястры, то яна вымушана трымаць нейкі форс. Праўда, апранута яна была ў кажушок — дала Альжбета, калі яшчэ выводзіла яе ў лес, змаўчаўшы, што гэта — Мірын кажушок.

Ціхі Баранскас не пабаяўся папрасіць нямецкага афіцэра пахаваць агітатарку асобна ад іншых салдат, якіх закапалі там жа, на перадавой, у брацкай магіле. Начальнік пахавальнай каманды, уладальнік пахавальнай канторы ў Дрэздэне, быў спагадлівы немец: на сваёй спагадлівасці і дабрыні ён умеў нядрэнна зарабляць да вайны. Ды і ў вайну служба ў такой камандзе, акрамя бяспекі (не на пярэднім, не ў акопе!), давала які-ніякі прыбытак. Не, ён не марадзёрстваваў, ён ніколі не дазваляў разуваць ці раздзяваць мёртвых рускіх, але зняць залатыя крыжыкі з афіцэраў, пярсцёнкі, забраць партсігары, гадзіннікі — хіба гэта грэх? Навошта яны мёртвым? З рускай агітатаркі, пра якую нямецкія салдаты, да якіх яна смела хадзіла, расказвалі легенды, ён не зняў нават кажушка, хоць пра кажухі быў асобы загад інтэнданцкай службы. Ад таго, што расказвалі салдаты, у магільшчыка з'явілася павага да гэтай мужнай дзяўчыны, таму ён лёгка згадзіўся, каб сям'я начальніка станцыі, які нядрэнна гаварыў па-нямецку, пахавала яе асобна, у агародчыку каля свайго дома.

Багуновіч, калі яго прывезлі ў леснічоўку, пазнаў кажушок, і спачатку гэта яго страшэнна ўразіла; упершыню пасля кантузіі скаланула яго моцнае пачуццё. Кажушок быў Стасі малаваты, яе поўныя грудзі распіралі яго, і Сяргея гэта асабліва абразіла. Ды стрымаў выгляд гэтай вясёлай жанчыны: яна, як і ён, была абыякавая да ўсяго на свеце, яна, як і ён, была недзе за мяжой звычайнага жыцця, на шляху ў іншы свет. А калі Бульба напісаў яму на паперы, хто і як пахаваў Міру і што ўчынілі са Стасяй немцы, Багуновіч раптам упаў перад ёй на калені. Гэта яе страшэнна ўразіла, але гэта, як і просьба цяжка параненага: «Мама, дай напіцца», вярнула яе да жыцця. Ды і яго, Багуновіча, прымусіла цвёрда вырашыць: ён мусіць жыць, абавязаны жыць! Стася ўпершыню пасля таго жудаснага дня заплакала. Багуновіч таксама заплакаў, бо расплавілася яго заледзянеласць. Разам з імі плакаў стары Калачык. Сурова маўчаў адзін Рудкоўскі. А Бульба крыкнуў:

«Мустафа! Спірту!»

«Няма, ваша бродзь. Аддалі раненым».