Выбрать главу

«Не забывайся, сын Батыя, што ты цяпер бальшавік!»

Калі Багуновіч крыху акрыяў, Назар пісаў яму:

«Заставайся ў атрадзе. Ваяваць можна і без вушэй. Мы з табой пашукалі б гэтую сволач — Зэйфеля».

Даведаўшыся ад Багуновіча, як паводзіў сябе барон у канюшні, Бульба пісьмова мацюкаў яго, чаму не сказаў тады, калі шпіён быў у іх руках, і трохі не выў ад гневу і роспачы, калі праз два дні прынеслі сяляне навіну: Зэйфеляў, і маладога і старога, прастыў след — уцяклі ў фатэрлянд.

Не, ён, Багуновіч, ваяваць больш не мог. Нават помсціць за Міру, за Пастушэнку яму не хацелася. Так і сказаў Бульбе. Той напісаў у адказ: «Размазня!»

Рудкоўскі, Калачык і Стася вырашылі, што кантужанага камандзіра палка лепш адвезці дадому, да бацькоў, недалёка ж да Мінска. Стася сама папрасілася праводзіць яго, хоць Рудкоўскі баяўся: як яна павядзе сябе, убачыўшы немцаў?

Сяргей ехаў у салдацкім шынялі; партызаны разведалі, што раненых і кантужаных салдат немцы не затрымліваюць, памагаюць нават дабрацца дадому, калі яны беларусы ці ўкраінцы; літоўцаў і палякаў адпускалі ўсіх, здаровых і знявечаных.

У Стасі шарсцяныя панчохі прымерзлі да ботаў. Багуновічу здавалася, што прымерзла да яго худога цела гімнасцёрка; у акопах у самыя лютыя марозы так не качанеў. На дварэ адліга, снег на станцыі счарнеў. І аднак жа так холадна ў гэтым праклятым вагоне.

Хваляваўся ён усю дарогу. Але, калі ўбачыў знаёмы з маленства вакзал, яго пачало ліхаманіць. Добра, што Стася напэўна думае, што дрыжыць ён ад холаду. Сама яна дрыжала гэтак жа і таксама не толькі ад холаду. Пасля ўсяго, што перажыла, яна, здавалася ёй, нічога ўжо не баялася, да таго ж, будучы жанчынай практычнай, разумела, што ў вялікім горадзе небяспекі тае няма. Аднак калі ўбачыла на вакзале ў Маладзечне немцаў, то ўчапілася ў Багуновіча, да болю сціснула яго руку: быццам падтрымлівала яго, але ён адразу сцяміў, што інстынктыўна жанчына шукае абаронцу ў ім. Сумна падумаў: «Які ж я абаронца?» Але тут жа вырашыў, што будзе абараняць яе цаною жыцця свайго, зубамі ў горла ўчэпіцца, калі нехта з гэтых зялёных гвалтаўнікоў... Ды, на іх шчасце, на вакзале не існавала закону джунгляў. Было тлумна. Але вакол былі людзі, свае людзі. Ад іх прысутнасці з'явілася ўпэўненасць, адчуванне бяспекі. Хлапчукі-беспрытульнікі, што шмыгалі і зіркалі вачамі, дзе б чым пажывіцца, здаліся да болю, да спазмы ў горле роднымі.

Сяргея кранула, што Стася выказала мацярынскую ласку да гэтых галодных дзяцей вайны.

«Хто іх накорміць?» — бедавала яна.

Урэшце поезд, даўшы задні ход, спыніўся ля таварнай платформы. Іх вагон апынуўся супраць вялікага пакгауза. На платформе ляжала гара скрынак; рабочыя-грузчыкі, чалавек шэсць, заносілі іх у склад. Але каля скрынак хадзіў нямецкі салдат з вінтоўкай на плячы. Салдат падыходзіў да самых дзвярэй іх вагона. Яны сачылі за ім у шчыліну. Што рабіць? Вельмі можа здарыцца, што, нешта выгрузіўшы, састаў рушыць далей, на ўсход ці поўдзень, у невядомую далеч, і Мінск, родны Мінск, сям'я, маці, бацька зноў пачнуць аддаляцца.

Калі салдат аддаліўся, Сяргей ціха сказаў:

— Калі поезд пойдзе далей, будзем скакаць...

Ды Стася вырашыла інакш. Рашуча адчыніла цяжкія дзверы вагона, падхапіла яго і вынесла на платформу. Вартавы глядзеў ашаломлена, але трывогі не ўзняў. Ці мала іх, рускіх, вось так праязджае? Яго абавязак — ахоўваць пакгауз. Здзівіла яго хіба, што двое грузчыкаў быццам чакалі гэтых людзей: выхапілі салдата ад жанчыны і, здаецца, намерыліся несці на вакзал. Так, у рабочых быў такі намер, ды Багуновіч вачамі паказаў ім назад, у бок Маскоўскай вуліцы. Яны зразумелі. Неслі яго ўподбег. Багуновіч, разгублены і ўсхваляваны, не паспяваў пераступаць нагамі.

Плот, што некалі адгароджваў тэрыторыю станцыі ад вуліцы, амаль увесь быў разабраны: салдаты апальвалі ім цяплушкі, ды і мінчане прылажылі рукі, бо дровы неймаверна падаражалі.

— Адваяваўся, браток? Куды ранены?

— Ён не чуе. Аглушыла яго.

— А-а, кантузія. А ты хто?

— Сястра міласэрная.

— Дадому вядзеш?

— Дадому.

— Давядзеш адна?

— Давяду.

— Дзякую, таварышы,— сказаў Багуновіч.

— Скажы яму як-небудзь, што з «таварышам» трэба быць асцярожным. Шчасліва.

— Усяго вам добрага.

— Якое там дабро, сястра!

Яны выйшлі на Захар'еўскую. Каля Царквы сляпых Багуновіч знясілена спыніўся, у яго прастуджаных грудзях ажно забулькала ад цяжкага дыхання. На спалоханы Стасін позірк вінавата растлумачыў:

— Гэта мая вуліца. Я пражыў на ёй палавіну свайго жыцця.

Стася ўзяла яго пад руку і вяла, як раненага. У гэтым канцы галоўная вуліца Мінска была яшчэ пустая: рэдкія прахожыя мясілі ні разу за зіму не ачышчаны, ператвораны адлігай у кашу, снег. Але каля гасцініцы «Бельгія» было даволі ўжо людна. Па ачышчаным тут тратуары ішлі не простыя людзі — паны: пані ці паненкі прагульваліся з нямецкімі афіцэрамі.