Выбрать главу

Стася адчула: тут, на мінскай вуліцы, страх яе перад немцамі амаль знік, але нянавісць расла да іх, да немцаў, і да ўсіх тых, што хаўруснічаюць з імі.

Каля Чырвонага касцёла Багуновіч раптам спыніўся, збялелы, прытуліўся да рашоткі царкоўнай агароджы — каб не ўпасці. Стася мацней сціснула яго руку.

— Што з вамі? Што вас спалохала?

— Вы чуеце? — усхвалявана спытаў кантужаны.

Яна чула ўжо колькі хвілін, што недзе там, з боку вакзала, цокаюць капыты мноства коней. Больш нічога не чула, акрамя галасоў тых людзей, што праходзілі міма.

— Коні! Вы чуеце коней?

Сяргея спалохала цоканне, яно здалося галюцынацыяй, бо, акрамя двух рамізнікаў, што стаялі нерухома каля «Бельгіі», коней нідзе не было відаць. Ды праз хвіліну з Міхайлаўскай вуліцы на Захар'еўскую роўнымі шарэнгамі, павольнай хадою выйшаў эскадрон уланаў. Гвардзейскія уланы! У прыгожых мундзірах, з ківерамі, у афіцэраў ззялі эпалеты, юнак-гарніст высока ўзняў чырвона-чорны штандар.

Дзіўна змяшаліся пачуцці ў былога камандзіра палка. Зрабілася страшна ад гэтай сілы, ад гэтых сытых салдат, сытых коней. Абпаліла і без таго запалены мозг думка, што з такой сілай немцы могуць хадзіць, ездзіць тут, па Захар'еўскай, па ўсім Мінску, па ўсёй зямлі вельмі доўга... Што супраць такой сілы зробіць нейкі атрад Рудкоўскага ці Бульбы? Думка гэтая была жахлівай.

Але разам з тым з'явілася нешта іншае. Ён чуў цоканне капытоў па бруку. Што гэта? Хворае ўяўленне? Ці да яго вяртаецца слых? Але, ён чуе! Гэта ж цуд, божы дар: як толькі апынуўся на вуліцы, дзе ўсё такое знаёмае, такое роднае,— вярнуўся слых!

«Мама! Няўжо я пачую твой голас?»

Ад аднае гэтай думкі стала да млоснасці радасна.

Эскадрон схаваўся за згібам вуліцы. А Багуновіч усё яшчэ стаяў, збялелы, анямелы, і слухаў ужо не цоканне падкоў, а ўдары пульсу ў скронях, шыі, у пальцах рук.

— Што з вамі? — паўтарыла Стася, спалоханая яго здранцвеласцю — як паралізаваны — і адначасова дзіўным бляскам у вачах.— Вам забалела?

Што праз вату, затаптаную ў вушы, пачуў ён гэтыя словы: «Вам забалела?» Але, можа, ён прачытаў па вуснах яе? Асобныя словы, якія казалі яму яшчэ там, у лесе, у атрадзе, ён адгадваў па жэстыкуляцыі, па выразу вачэй.

Але ж — і падковы, і яе голас...

Ён схапіў Стасіны рукі, горача зашаптаў:

— Скажыце мне яшчэ што-небудзь!

Двое цывільных паноў, што праходзілі міма і пачулі яго словы, азірнуліся і засмяяліся: дзіўны салдат — на «вы» з бабай, якую спакушае!

— Што ж мне вам сказаць, гаротны вы мой?

Не, такую фразу па жэстыкуляцыі прачытаць нельга!

І ён бадай крыкнуў:

— Я вас чую! Стася! Я вас чую! Божа мой! — і шэптам: — Гаварыце ж са мной, мой добры ангел-храніцель. Гаварыце!

— Я рада за вас. Я рада...

А ён — як сарваўся з месца, закрочыў шпарка, амаль уподбег. І ўзбуджана гаварыў ёй, а можа — сабе:

— Зараз мы мінём Серпухаўскую, пасля — Багадзельную. Там, паміж Багадзельнай і Губернатарскай, наш дом. Гэта самае бойкае месца. Амаль напроціў рэстаран «Селент». А там далей — кінематографы... «Гігант», «Эдэн». Калі я быў гімназістам, я не прапускаў ніводнай карціны...

Ён гаварыў таму, што ўсё выразней і выразней чуў свой голас, быццам яму патроху выцягвалі вату з вушэй. Не, ён гаварыў яшчэ і таму, што яго, хворага, знясіленага, апанавалі ўспаміны маленства, маладосці. Як усё гэта было далёка! Усю вайну было далёка. Нават тады, калі ён прыязджаў на пабыўку і, здаровы, элегантны з выгляду, хадзіў у рэстараны, у кінематограф з былымі аднакласнікамі, са знаёмымі паненкамі. Нават людзі гэтыя здаваліся чужымі і далёкімі. Блізкімі былі фронт і смерць. А тут раптам усё наблізілася, усё вярнулася, вярнулася яго любоў да гэтага горада, да вуліц, дамоў... Але тут жа яму зрабілася сорамна. Пра што ён гаворыць гэтай гаротнай батрачцы? Што ёй да рэстаранаў, да кінематографаў?

Парушыўшы лагічную сувязь, ён сказаў зусім пра іншае — з трывогай, з клопатам:

— А ў мамы хворае сэрца.

Стася разумела яго, разумела ўсё, што ён перажывае. Аднак словы пра маці асабліва кранулі: яна расла сіратой.

У яго ледзьве хапіла сілы пакруціць званок. Адчыніла ім Васіліна Іванаўна, даўняя кухарка і пакаёўка Багуновічаў. Цяпер яна была для яго Васіліна Іванаўна.

Некалі, малы панок, Сяргей капрызна крычаў ёй:

«Вася! Дай вады! Знайдзі мае панчохі!» Тады Васіліна была маладая. Але калі ён пайшоў у першы клас гімназіі, бацька аднойчы сказаў яму: «Сын, мяне засмучае, што ты не заўважаеш, як я звяртаюся да чалавека, які корміць нас,— да Васіліны». Сяргею зрабілася сорамна, але ён знайшоў апраўданне сабе: