«А мама?»
«У мамы такія адносіны з дзяўчынай натуральныя, яны штодня разам на кухні... А мы з табой будзем джэнтльменамі».
Аднак гэтым не скончылася.
У Васіліны твар пабіты воспай, з-за чаго яна, напэўна, пайшла ў горад, у пакаёўкі, бо не мела надзеі выйсці замуж. Нехта з яго сяброў-гімназістаў, панскіх сынкоў, у насмешку назваў яе «Василисой прекрасной», і яму, дурню, спадабаўся гэты жарт; аднойчы пры бацьку, пры маці ён звярнуўся так да Васіліны. Размову, якая адбылася ў яго з бацькам пасля таго, як Васіліна ціха выйшла, доўга не вярталася, а маці, якая пайшла за ёй, вярнулася з сумнымі вачамі,— тую размову ён запомніў на ўсё жыццё і заўсёды ўнутрана чырванеў, калі ўспамінаў гэты эпізод свайго юнацтва. Яшчэ на вуліцы Багуновіч успомніў пра гэта, і яму захацелася расказаць Стасі, як бацька вучыў яго. Але пры набліжэнні да дома хваляванне было такое моцнае, што ў яго ці не адняло голас. Ён не мог вымавіць ніводнага слова.
Адчыніўшы дзверы, Васіліна хвіліну недаўменна глядзела на барадатага салдата, што, здавалася, хацеў нешта сказаць і не мог, і на жанчыну, у якой з-пад цёплай хусціны вытыркала белая касынка з чырвоным прастакутнічкам на лбе — часткай міласэрнага крыжа. Калі, урэшце, пазнала, не прыдумала нічога іншага, як закрычаць на ўсю кватэру, спалохана і радасна:
— Мар'я Міхайлаўна! Мар'я Міхайлаўна!
Маці выбегла з пакоя ў прыхожую. Маці ўміг пазнала сына. Не закрычала, а, здаецца, застагнала:
— Сяр-рожа...
Ён не пачуў яе голасу. Ён убачыў, як яна пахіснулася і, напэўна, асунулася б на падлогу, каб ён не падхапіў яе на рукі.
Сяргей крыкнуў, як у маленстве:
— Вася! Вады!
Стася стаяла каля дзвярэй, разгубленая, што з ёй здаралася рэдка. Гэтую разгубленасць яна адчула яшчэ на вуліцы, перад домам, і калі па шырокай мармуровай лесвіцы паднімаліся сюды, у кватэру.
Багуновіча яна не лічыла панам ні тады, калі ён камандаваў палком — раз салдаты выбралі камандзірам — значыцца, наш, свойскі! — ні тым больш пасля таго, калі немцы, барон учынілі над імі здзек; пакуты зблізілі іх. А нядоўгае жыццё ў партызанскім лагеры і яе роля міласэрнай сястры проста параднілі іх. Яна везла яго не як шпітальная сястра, а як родная — скалечанага брата.
У палітыцы яна разбіралася не надта, але класавае пачуццё батрачкі было, што аголены нерв. Маленькі дотык — востры боль, крык, пратэст. У маёнтку яна даіла кароў, але яе часцей, чым іншых батрачак, бралі ў палац, каб перад нейкім, не зразумелым ёй, святам прыбраць пакоі. Яна бачыла баронскае багацце і, акрамя раяля — такі цуд! — і некаторых карцін, да ўсяго іншага ставілася з бязлітаснай пагардай. Спаліць бы ўсё!
Дом, лесвіца і прыхожая аддалілі яе ад Багуновіча. Усё было па-панску. Праўда, трохі інакш, чым у барона. У прыхожай віселі не маляваныя карціны, а фатаграфічныя здымкі ці простыя рысункі, зробленыя адным карандашом.
За ўсё сваё жыццё яна ні разу не самлела, нават тады, калі прынеслі «пахаронку» на Адама. Галасіла, білася галавой аб сцяну, аднак памяці не траціла. Але яна бачыла, як млеюць пані і паненкі — у маёнтку, у касцёле,— і ніколі не верыла, што сапраўды ім блага, заўсёды думала, што гэта панскае прытворства.
Праўда, там, у пакгаузе, дзе над ёй учынілі страшны здзек, яна страціла прытомнасць, добра Баранскас знайшоў яе паўмёртвую. Але хіба можна параўнаць тое, што перажыла яна, з тым, з-за чаго млеюць пані?! ім бы такое! Таму яна і не вельмі паверыла, што маці Сяргея Валянцінавіча зрабілася блага, хоць добра помніла яго словы аб тым, што ў маці хворае сэрца, і разумела яго трывогу. Аднак не магла ўцяміць, чаму трэба млець ад таго, што вярнуўся сын,— з галавой, з рукамі, з нагамі, з вачамі, з голасам.
З другіх дзвярэй выскачыла вельмі ж пекная паненка і, не звярнуўшы ўвагу на яе, Стасю, кінулася да маці, паіла яе вадой. Стася ведала, што гэта яго сястра — Алёна, Лёля. Усе разам, трое, яны падтрымалі старую Багуновічыху, хоць старой яна зусім не выглядала — худая, але маладжавая жанчына,— і павялі ў пакоі.
Стася паправіла хустку, зашпіліла кажух і намерылася павярнуцца і ціха выйсці з гэтай панскай кватэры. Навошта яна тут? Яна выканала заданне Рудкоўскага і хутчэй павінна вярнуцца дадому — у лес. Яшчэ б нейкая хвіліна — і яна знікла б. Але раптам з'явіўся ён, Сяргей, усхваляваны і радасны.
— Стася, друг мой! Прабачце, што на вас забыліся. Я ашалеў ад радасці. Я зноў аглух. Не, не, таму я радуюся, што чую іх галасы — мамін, Лёлін. Глуха, праўда, як праз павязку, але чую. Чую. Хадземце, я вас прадстаўлю маме.