Ён узяў яе за руку і павёў у пакой. Падвёў да маці, яна сядзела на канапе, адкінуўшыся на падушкі.
— Мама! Гэта мой ангел-храніцель... Стася... Станіслава...— ён так і не спытаў у яе імя па бацьку, таму разгубіўся.
А яны, маці і сястра, вытлумачылі яго разгубленасць па-свойму. Ён пісаў Лелі, што пакахаў дзяўчыну і што гэта вельмі сур'ёзна. Пісьмо было сенсацыяй для сям'і, нават стрыманы ў выяўленні сваіх пачуццяў адвакат Багуновіч расхваляваўся. А Марыя Міхайлаўна не адну ноч не спала. Не дзіўна, што маці і сястра палічылі: Стася — яго абранніца. Але Марыя Міхайлаўна адразу ўгледзела, што гэта не дзяўчына — сталая жанчына, вельмі сталая: з-пад хусткі і з-пад касынкі ў яе выбіваюцца сівыя пасмы, а ў вачах — боль і смутак і каля вачэй гэтых, прыгожых, праўда,— сетка зморшчыкаў. Маці зрабілася балюча, што абранніца сына такая — сталая жанчына. Але Багуновічыха была выхаваная і далікатная жанчына. Пераадольваючы слабасць і галавакружэнне, яна цяжка паднялася і абняла Стасю.
— Дзякую табе, дзіця маё. За сына майго дзякую,— і заплакала.
Стася (божа, ніколі з ёй такога не было!) прыпала тварам да пляча гэтай незнаёмай худзенькай жанчыны.
Лёля шморгала носам. Адчуўшы дужасць, маці ўміг стала гаспадыняй.
— Дзеці мае! Распранайцеся ж. Мыйцеся. Сярожа! Пагаліся! Твой бацька ніколі не насіў барады. Я не люблю барадатых. Лёля! Злётай па бацьку. Ён, напэўна, у Лёсіка.
Лёля ажно завішчала ад захаплення, абняла маці.
— Мамачка! Якая ты разумніца! Але спачатку я памагу Стасі пераадзецца.— Хадзем са мной, сястра! — яна адразу перайшла на «ты».
Стася была не з сарамлівых, не гублялася ні ў баронскіх пакоях, ні ў касцёле, ні на сельскім вяселлі. А ў маленькім Лёліным пакоі, дзе ўбачыла многа кніг і многа цацак, самых натуральных, дзіцячых, разгубілася. Асабліва сорамна ёй стала раздзявацца перад гэтай тоненькай чысцюлькай — скідаць самавязаную кофтачку, спадніцу з «чартакожу». Не, сорамна не за беднае верхняе адзенне — за палатняную сарочку, якая даўно не мылася і якая была на ёй тады... Цяпер яна ўзненавідзела гэтую сарочку. Спаліць бы яе. Але не папросіш чужую. Яна супраціўлялася гвалтоўнаму пераадзяванню, ажно пакуль Лёля не зразумела — чаму.
— Ды не саромейся ты! Я ж два гады ў шпіталі раблю і ведаю, што такое франтавік. Божа, калі гэта чалавецтва паразумнее?
— Калі не стане паноў,— адказала Стася, бадай, злосна — каб дапячы паненцы. Але Лёля не прыняла гэта на свой кошт і сур'ёзна сказала:
— Ты так думаеш? Не так усё проста, сястра. Адбылася рэвалюцыя... А людзі ўсё роўна прадаўжаюць забіваць. Якая сіла прагоніць адгэтуль немцаў? Народнае паўстанне? Але ж зноў — кроў, кроў, кроў...
Каб апраўдаць сваю брудную бялізну, Стася хацела расказаць, адкуль яны прыехалі — з лесу, з партызанскага атрада. Але словы пра паўстанне і кроў стрымалі. Здаецца, паненка баіцца паўстання? З тых, значыцца, пра якіх сказаў неяк Антон Рудкоўскі,— што рэвалюцыю ім хочацца рабіць у белых пальчатках.
Лёля з радасным смехам, які батрачку чамусьці пачаў абражаць, нацягнула на яе свой цесны халацік і дала кучу бялізны і адзення.
— У ваннай прымераеш, што на цябе налезе. А я пабягу бацьку шукаць. Божа, як ён узрадуецца! Мы так хваляваліся... так хваляваліся... за Сярожу.
— Яго кантузіла, і ён нічога не чуў. Толькі тут, у Мінску, яму трохі адлажыла вушы.
— Што ты кажаш?! — твар дзяўчыны скрывіўся ад страху і болю, і гэта заглушыла Стасіну класавую варожасць, з'явілася добрае пачуццё жаночай салідарнасці, яно часта бывае, калі жанчыны думаюць пра аднаго і таго ж чалавека — сына, брата, мужа, пакутуюць і баяцца за яго.
Адлегласць, што раздзяляла яе жыццё і жыццё гэтых паноў, паменшала, калі, застаўшыся адна, Стася агледзела пакой. Не так ужо багата, не як у баронскім маёнтку. Вельмі чыста, акуратна, але ўсё просценькае.
Аддаленасць з'явілася зноў у ванным пакоі, куды яе паклікала Васіліна. Гудзела полымя ў пячурцы вадзяной калонкі. Зіхацела бялюткая ванна, а ў ёй калыхалася зялёная вада — што ў рэчцы адвячоркам, на століку — каробачкі і шчотачкі. Гарэлі над люстрам свечкі — электрычнасці не было. Усё гэта неяк па-новаму ўсхвалявала і збянтэжыла батрачку. А яшчэ больш усхвалявалася, калі ўбачыла, як Васіліна агледзела яе, калі яна раздзела халат, і як уздыхнула. Незразумела ўздыхнула — ці то пашкадаваўшы нечага, ці то захапіўшыся яе прыгажосцю. Можа, пабедавала, што і яе некалі такое ж прыгожае цела з-за праклятай воспы састарылася, без патрэбы, не зведаўшы ласкі мужа ці дзіцятка — сыночка ці дачкі.