Пасля ванны Стасі здалося, што памыла яна не толькі сваё пагана забруджанае цела, але і душу, змыла з яе накіп, каросту, і стала яна, душа яе, чыстай, як была некалі ў маленстве, але і чуллівай такой жа: толькі дакраніся — баліць.
Лёля ўбірала яе ўсё роўна што нявесту, сама расчэсвала косы. Стася пакорліва дала рабіць ёй гэта, так яе ўбіралі толькі аднойчы — пад вянец. Ад успамінаў было сумна і балюча. А яшчэ з'явіўся страх: як яна выйдзе да мужчын — да Сяргея Валянцінавіча, да Валянціна Вікенцьевіча. Галасы іх гудзелі за сцяной, у вялікім пакоі.
А Сяргей жыў радасцю, што ён чуе ўсё выразней і выразней і што ён дома, сярод сваіх. Праўда, са зваротам слыху перастаў думаць, як думаў у лесе, што вайна для яго назаўсёды скончана. Не, ён увогуле не думаў пра заўтрашні дзень. Не было калі. Са слыхам вярнулася актыўнасць. Ён галіўся — як свяшчэннадзейнічаў. Ён слухаў шум вады з крана, як самую цудоўную музыку. Памагаў маці і Васіліне накрываць стол і знарок звінеў бакаламі. Праўда, трохі бянтэжыла маміна насцярожанасць, але адначасова і кранала яе далікатнасць: мама не запыталася, як ён пражыў гэты час — з апошняй пабыўкі і асабліва пад час нямецкага наступлення, як яго кантузіла.
Яшчэ больш парадаваў бацька. Стары адвакат, гарачы ў судзе, але стрыманы дома, цалаваў яго не са слязамі — з маладым смехам; так страчаюцца гімназісцкія ці універсітэцкія сябры. Ён таксама хітра абыходзіў вайну, нямецкую акупацыю. Папярэджаны жонкай, што сын слаба чуе, Валянцін Вікенцьевіч знарок многа і гучна гаварыў сам — прыгадваў мінулае, даваеннае мінулае. Хоць для сур'ёзнай размовы і часу не было яшчэ. Яны парадкавалі стол, чакаючы Лёлю і Стасю. Нарэшце тыя выйшлі. Стася ледзь пазнала Сяргея. Хто гэты худзенькі хлопчык у беласнежнай кашулі, у чорнай аксамітавай куртачцы, чысценькі, з прылізана-мокрымі валасамі? Ён! Аднак як ён не падобны ні на камандзіра палка, ні на кантужанага салдата! Як цяпер паводзіць сябе з гэтым чалавекам?
Стары Багуновіч галантна наблізіўся да яе, адзетай у Лёліну цеснаватую сукенку, схіліў галаву ў паўпаклоне, узяў яе руку і пацалаваў. Стася страшэнна збянтэжылася ад такой сустрэчы. Ніхто ў жыцці не цалаваў ёй рукі! А Сяргею раптам ударыла ў сэрца: ён сцяміў, чаму са Стасяй так абыходзяцца. І ўспаміны пра Міру вадаспадам кіпню абпяклі яго. Ён увесь сцяўся, замёр і, здалося, зноў аглух: нейкі міг не чуў ні гучнага голасу бацькі, ні прыцішанага матчынага, ні звонкага смеху сястры.
Іх пасадзілі побач — яго і Стасю. Ды па белым абрусе, як па снежным полі, пакацілася чырвоная касынка. Ад страшнага прывіду гэтага ён закрыўся сурвэткай — закрыў вочы, твар... І раптам закалаціўся ад цяжкага пакутлівага нямога рыдання.
Хатнія ведалі — ніколі ён не быў слязлівы, таму вельмі спалохаліся.
— Сярожа! Хлопчык мой! Што з табой?
— Сярожа! Братачка!
— Нічога, нічога, гэта нервы, нервы...
— Не чапайце яго! — сурова і загадна сказала Стася.— Яны забілі яго жонку.
На міг усе анямелі. Нават стары адвакат, які ўмеў шмат што апраўдаць, разгубіўся.
Першая схамянулася Марыя Міхайлаўна. Яна адчула як бы палёгку, суцяшэнне, што жонка яго — не гэтая сялянка. Але тут жа ёй зрабілася да сардэчнага болю сорамна. Божа літасцівы, пра што яна думае? Выходзіць, радуецца ў той час, калі трэба плакаць, што забілі яе нявестку, яе дачку, якую яна так і не пабачыла? Абняўшы сына, яна заплакала. За ёй — Лёля.
Адна Стася сядзела маўкліва, строга-халодная, незалежная. Цяпер яна нічога не саромелася і адчула сябе не толькі адмытай ад бруду, але як бы вызваленай ад усяго — ад гэтых панскіх умоўнасцей і нават ад тых душэўных цянётаў, якія ледзь не спляла сама сабе. Ей хацелася есці: на стале столькі прысмакаў!
2
Каля гасцініцы «Еўропа» стаялі рамізнікі. На дзіва многа — вазкоў дванаццаць. Ім не хапала работы. Рускія афіцэры і штабісты Заходняга фронту ўмелі пашыкаваць; гэтым карысталіся хто як умеў, нямала развялося і рамізнікаў, хоць цэны на коней за час вайны непамерна выраслі: коней не хапала фронту.
Немцы з-за сваёй скупасці столькі не ездзілі. Для возчыкаў наступілі галодныя дні.
Маці сказала:
— Возьмем рамізніка. Ты слабы яшчэ.
Сяргей запярэчыў:
— Не, не! Недалёка ж!
Хацелася праверыць сябе. Дома з яго сапраўды зрабілі хворага. Дзіўна, і сам ён адчуў сябе хворым і тры дні праляжаў у ложку. Паднімаўся — кружылася галава; такая слабасць была толькі ў першыя дні кантузіі, калі сядзеў у склепе, у лагеры адчуваў сябе дужэй. Але далей ляжаць не мог. Пакутаваў ад успамінаў, вінаваціў сябе, што не ўпільнаваў Міру. Парываўся наведаць яе сям'ю і разам з тым баяўся гэтай сустрэчы, бо не ведаў, што можа сказаць ім, ці здолее паведаміць пра смерць дачкі, сястры. Бацькі, Лёля бачылі, як ён пакутуе, як хоча пайсці і як баіцца гэтага наведвання. Марыя Міхайлаўна спрабавала адгаварыць: акрыяй хоць крыху, палячыся! Лёля параіла, каб ён ішоў або з маці, або з ёй. Лёля прыдумала легенду, на якую ён згадзіўся. Натуральна, што маці не даверыла яго сястры, легкадумнай фантазёрцы, хоць прыдумку яе прыняла як уратаванне. Маці пайшла сама.