Кароткая прагулка ўзбадзёрыла і зарадзіла энергіяй. Ільіч весела павітаўся з вартавымі каля свайго кабінета, павіншаваў з Новым годам. Узрадавала гэта салдата і чырвонагвардзейца. Нейкі не надта разумны агітатар сказаў ім, што ўсе святы царкоўныя, у тым ліку і Новы год, адмяняюцца. Збянтэжыла гэта людзей. Як жа так? Новы год быццам бы і не царкоўнае свята.
Вецер на дварэ сціх, і ў кабінеце пацяплела. Ад цеплыні больш утульнасці. Ад цеплыні. І ад яснага неба за акном. Хутка ўзыдзе сонца, і ўсё ў кабінеце будзе заліта дзівосным святлом. Пры такім святле хораша працуецца.
Дзень быў такі, як, бадай, усе іншыя дні двух месяцаў жыцця рэспублікі: напружаная праца, якую немагчыма падрахаваць, можна хіба толькі ўявіць. Тэлеграмы, пісьмы, тэлефонныя размовы і людзі. Людзі, людзі...
Самыя розныя, з рознымі справамі: абсалютная большасць гэтых спраў патрабавала неадкладнага вырашэння.
І Ленін нічога не адкладваў, а калі даручаў справу некаму, то даваў грунтоўныя тлумачэнні, часта пісьмовыя.
Працавалася весела. Такі настрой, такі душэўны ўздым Уладзімір Ільіч любіў, бо бачыў, як яго настрой перадаваўся іншым: наркомам, кіраўнікам спраў, сакратарам, тэлефаністкам, наведвальнікам. А гэта стварала атмасферу агульнага натхнення.
Але ці думаў хто, як нялёгка чалавеку, які займаецца практычнымі пытаннямі нараджэння новага ладу, новай дзяржавы і адначасова, выкарыстоўваючы любую паўзу, абдумвае тэарэтычныя пытанні, пра якія абавязкова трэба напісаць, пра якія ніхто іншы не напіша? Дэкларацыю правоў працоўнага і эксплуатуемага народа трэба не пазней як паслязаўтра прадставіць ЦК, ЦВК, фракцыі бальшавікоў Устаноўчага сходу. А яна яшчэ не зусім гатова. Калі дапісаць? І тут жа, як марскія хвалі, захлынаюць думкі пра тэзісы аб міры. Трэба як можна хутчэй растлумачыць немагчымасць «рэвалюцыйнай вайны», прапаганду якой актыўна і адкрыта пачалі левыя.
А тут яшчэ такія інцыдэнты, як гэты, з румынамі. Не ўсе, выходзіць, разумеюць і ўхваляюць тыя рашучыя меры, якія трэба было прыняць і якія ўчора зроблены. Нават намесніку наркома замежных спраў Залкінду прыйшлося доўга і цярпліва даводзіць, што іншага рашэння быць не магло і не можа. Няхай ведаюць румыны, французы, кітайцы — урады ўсіх краін, куды вайна занесла рускіх салдат, што Савецкі ўрад нікому не дазволіць беспакарана чыніць гвалт над гэтымі людзьмі.
Ленін узрадаваўся прыезду ўкраінцаў і адразу іх прыняў. Па розных каналах — праз бальшавікоў, якія ехалі ў Харкаў, праз Антонава і Арджанікідзе — Ленін настойліва рэкамендаваў украінскім таварышам хутчэй накіраваць дэлегацыю ў Брэст-Літоўск на перагаворы аб міры. Леніну падабалася, што дэлегацыя ехала сур'ёзная, прадстаўнічая: старшыня ЦВК Украіны Мядзведзеў, народны сакратар па ваенных справах Шахрай, народны сакратар асветы Затонскі.
Украінцам таксама перадаўся ленінскі настрой — энергічнасць, шчырасць, брацкая сардэчнасць, цікавасць да ўсяго, што рабілася на Украіне. Самой формай размовы Уладзімір Ільіч выказваў сваю радасць з прычыны іх прыезду.
Першае яго пытанне было:
— Як украінскія рабочыя, сяляне, салдаты адносяцца да заключэння міру?
— Цяжка ўявіць рабочага, тым больш селяніна, які быў бы супраць міру,— адказаў Шахрай.
Ленін ускінуў угору палец.
— Выдатна! Рабочы і селянін — за мір! Толькі інтэлігенты, тыпу Бухарына і Радэка, могуць насіцца з ідэяй «рэвалюцыйнай вайны». А народам Савецкай Расіі і Савецкай Украіны трэба мір! І мы яго падпішам! Таму вельмі прашу: не зацягвайце свой ад'езд у Брэст-Літоўск. Ваша прысутнасць вельмі важная. Саўнарком праз сваю дэлегацыю дамогся, каб нямецкія, аўстрыйскія драпежнікі выслухалі дэлегацыю Саветаў, якія ажыццяўляюць кантроль над большасцю Украіны. Мела значэнне пазіцыя Турцыі і Балгарыі, якія не могуць не лічыцца, што Чарнаморскі флот у Саветаў. Гэта вам сур'ёзны козыр. І вы ім біце. Чацвярны саюз трашчыць. Для Балгарыі і Турцыі заключэнне міру з Расіяй і Украінай — поўны выхад з вайны. Ім хочацца вырвацца з ільвіных абдымкаў Германіі, і мы павінны выкарыстаць супярэчнасці ў самой кааліцыі. Але самы важны ваш і наш козыр — крах рады. Калі ўкраінскім савецкім войскам удасца ў бліжэйшы час, да падпісання міру, узяць Кіеў, улада контррэвалюцыйнай рады стане фікцыяй. Немцы вымушаны будуць падпісаць мір з Савецкай Расіяй, з Савецкай Украінай. Магчыма, з Савецкай Эстоніяй. Учора ў Рэвелі сабраліся члены Эстляндскага камітэта партыі бальшавікоў. Я параіў таварышам падумаць над тым, каб абвясціць Эстонію незалежнай Савецкай рэспублікай. Гэта вельмі важна, каб паставіць кайзераўцаў перад фактам і сарваць іх намер анексіраваць прыбалтыйскія землі. Магчыма, да вас далучыцца дэлегацыя Эстоніі. Шкадую, што беларускія таварышы пакуль што не абвясцілі Беларускай Савецкай рэспублікі. На шляху нямецкай экспансіі стане саюз савецкіх рэспублік, саюз вызваленых ад эксплуатацыі народаў. У Брэст-Літоўску ваша найбліжэйшая практычная задача — паставіць пад сумненне паўнамоцтвы дэлегацыі рады, якая ў змове з Каледзіным, з Клемансо, з Румыніяй. Пазіцыя рады дала румынам смеласць пайсці на нахабную правакацыю супраць нашых часцей. У выпадку, калі Кіеў не будзе ўзяты і сітуацыя складзецца не ў нашу карысць, не даць змовіцца з немцамі за спіной у савецкіх дэлегацый. Архіцяжкая памылка Троцкага, што ён прызнаў паўнамоцтвы дэлегацыі рады.