Выбрать главу

Ленін называў факт прызнання мякка — памылкай, хоць, ведаючы пазіцыю Троцкага, усведамляў, што гэта не памылка, але суадносіны сіл у ЦК, дзе будзе рашацца лёс міру, не давалі магчымасці назваць некаторыя дзеянні сваіх калег па ўраду так, як называў выступленні некаторых з іх у эміграцыі. Там была тэорыя, тут практыка ў вельмі складаных умовах, у заблытаным клубку сацыяльных сіл у партыі, у краіне, у свеце. Аднак Ленін усё ж выказаў свае адносіны да «памылкі» Троцкага:

— Баюся, што нам дорага будзе каштаваць гэтая памылка,— памаўчаў, як бы задумаўся на міг, заключыў высновай: — Ад памылак ніхто не застрахаваны. Але ёсць памылкі і памылкі. Работнікі Харкаўскага Савета, безумоўна, памыляліся ў канфлікце рабочых з капіталістамі. Таварыш Антонаў вельмі правільна паправіў іх.

— ЦВК Саветаў Украіны падтрымаў Антонава.

— ЦВК паступіў па-бальшавіцку. А то левыя эсэры ўчора зрабілі забастоўку ў Саўнаркоме,— засмяяўся Ленін. Убачыў, што таварышы не ўсё зразумелі, растлумачыў: — Ім здалося, што сваёй тэлеграмай я ўмяшаўся ў суверэнныя правы Украіны.

— Уладзімір Ільіч, мы будзем рады такому «ўмяшанню»,— адказаў Уладзімір Пятровіч Затонскі, трыццацігадовы мужчына з інтэлігентным тварам, прыгожай высокай капой каштанавых валасоў.— Для нас многа значыць ленінскае слова.

Уладзімір Ільіч не любіў, калі наконт яго славасловілі. Але ў дадзеным выпадку парадаваўся за чалавека, пра якога нямала чуў, якога некалі крытыкаваў. Затонскі ў свой час хістаўся, цягнуўся да меншавікоў, а ў семнаццатым годзе, адразу пасля Лютаўскай рэвалюцыі, парваў з меншавікамі, уступіў у партыю бальшавікоў, узначаліў кастрычніцкае паўстанне ў Кіеве. Ленін упершыню сустрэўся з ім, але ўжо з першых слоў адчуў у Затонскім высокую адукаванасць, востры розум, дасціпнасць.

Размова вязалася вельмі арганічна.

Леніна надзвычай цікавіла становішча на Украіне. Барацьбу за мір нельга было адарваць ад умацавання Савецкай улады ў Расіі, і на Украіне, і ў Беларусі, і ў Эстоніі, і ў Закаўказзі.

Як арганізуюцца Саветы ў гарадах, у сёлах? Як Харкаў? Як Данбас? Ці ў надзейных руках Адэса і флот? Якія сацыяльныя сілы стаяць за Цэнтральнай радай? Яе ваенныя сілы? Як арганізоўваецца ўкраінская Чырвоная Армія?

Па ваенным становішчы ўкраінскія таварышы былі падрыхтаваны грунтоўна. Адказвалі на ўсе пытанні з веданнем справы. Уладзімір Ільіч увагай, з якой слухаў дэлегацыю, выказваў задаволенасць. Украінцаў здзівіла дэталёвае веданне Леніным раёна баявых дзеянняў супраць нацыяналістычных фарміраванняў Цэнтральнай рады, яго парады не толькі агульныя — па стратэгіі, але і тактычныя. Шахрай нават пажартаваў:

— Можна падумаць, Уладзімір Ільіч, што вы толькі што са штаба нашых войск і прайшлі з іх эскадронамі ад Харкава да Кіева.

Ленін ухваліў назначэнне камандуючым войскамі Украінскай Савецкай рэспублікі Юрыя Кацюбінскага. Уладзімір Ільіч хораша помніў дваццацідвухгадовага прапаршчыка, баявога камісара Петраградскага ВРК, начальніка Чырвонай гвардыі Маскоўска-Нарвскага раёна, які надзвычай энергічна дзейнічаў у рашучыя моманты Кастрычніцкага паўстання — сёмага, восьмага лістапада і асабліва адзінаццатага, у дзень юнкораўскага мяцяжу. У той дзень Кацюбінскі асабіста дакладваў Леніну аб баях супраць юнкераў. Уладзімір Ільіч яшчэ раней ведаў, што камісар — сын вядомага пісьменніка, якога яны з Надзеждай Канстанцінаўнай з цікавасцю чыталі ў арыгінале, па-ўкраінску. Сказаў таварышам, што Міхайла Кацюбінскі можа ганарыцца такім сынам. Цяпер ён паўтарыў гэта дэлегацыі, дадаў:

— Наша шчасце, што ў рэвалюцыю ідуць такія інтэлігенты. Нам трэба змагацца за кожнага адукаванага чалавека, які адданы свайму народу, разумее яго душу.