Але Леніна цікавіла не толькі ваеннае становішча.
— Колькі ў раёнах, якія знаходзяцца пад кантролем Саветаў, здабываецца вугалю?
Даных такіх у дэлегацыі не было.
Уладзімір Ільіч, які сядзеў насупраць украінцаў за маленькім столікам, увачавідкі пазмрачнеў. Ускудлачыў бародку, пацёр скроні, як цёр, калі пачынаўся галаўны боль. Падняўся з крэсла, характэрна ўзяўшыся рукамі за лацканы пінжака, прайшоўся па кабінеце.
Мядзведзеў сказаў:
— Мы перадамо ў Харкаў, каб вам прыслалі, колькі мы здабываем вугалю.
— Калі ласка. І выплаўляем чыгуну. Сталі. І колькі можна сабраць хлеба. Таварышы ўкраінцы! Падтрымайце Петраград, Маскву. Інакш рэвалюцыю задушыць голад, ён — самы страшны контррэвалюцыянер, самы бязлітасны.
Ленін спыніўся перад картай былой Расійскай імперыі, задумліва правёў вачамі яд Петраграда да Уладзівастока, вярнуўся назад на захад, спыніў позірк на Украіне, як бы ўбачыў яе стэпавыя прасторы. Павярнуўся да дэлегацыі.
— Нам трэба пераканаць кожнага рабочага, кожнага партыйца, што ўлік і кантроль — галоўная, я падкрэсліў бы, самая галоўная эканамічная задача кожнага Савета, кожнага спажывецкага таварыства, фабрычна-заводскага камітэта. Улік і кантроль паўсюдна, усеагульны, універсальны: за колькасцю працы і размеркаваннем прадуктаў. У гэтым сутнасць сацыялістычных пераўтварэнняў. Пры пераходзе да сацыялізму ўлік і кантроль могуць быць толькі масавымі. Перамагчы перажыткі праклятага капіталістычнага грамадства можна ўдзелам масы рабочых, сялян, салдат ва ўліку ўсяго, што вытвараецца і спажываецца, у кантролі за багатымі, за зладзеямі, хуліганамі. У Расіі, ка Украіне хопіць хлеба, жалеза, лесу, воўны, калі мы ўстановім усенародны кантроль, дзелавы, практычны. Перамагчы зксплуатарскія класы трэба не толькі ў палітыцы, але і ў штодзённым эканамічным жыцці. Ніякай літасці ворагам народа, ворагам працоўных! Вось чаму я падтрымаў энергічныя рэвалюцыйныя дзеянні таварыша Антонава супраць харкаўскіх капіталістаў, якія, безумоўна, усе каледзінцы, сабатажнікі. Як і ў барацьбе з Калядзіным, Цэнтральнай радай, мы павінны аб'яднаць нашы сілы ў барацьбе з голадам, які хапае кастлявай рукой авангард рэвалюцыі — пралетарыят Петраграда, Масквы. Мы ўдзячны ўкраінскім. Саветам за дапамогу. Але хлеба і вугалю нам трэба больш. Больш, таварышы! Думаю, што было б правільна, каб пры Саўнаркоме быў пастаянны прадстаўнік Украіны. Савецкі пасол. Мы паслалі да вас Сярго Арджанікідзе. Выдатны бальшавік! А вы пакіньце ў Петраградзе,— Ленін з добрай усмешкай паглядзеў па чарзе на членаў дэлегацыі,— таварыша Затонскага. Згодны, Уладзімір Пятровіч?
Затонскі ўзрадаваўся і сумеўся ад нечаканай прапановы.
— Лічу за гонар працаваць побач з вамі, Уладзімір Ільіч.
— Давайце будзем рашаць пытанні без кампліментаў і высокіх слоў, таварышы,— сказаў на гэта Ленін.— Такім павінен быць стыль работы ўсіх савецкіх устаноў.
Шахрай падтрымаў ідэю прадстаўніка Украіны пры Саўнаркоме. Мядзведзеў сказаў, што трэба параіцца з таварышамі ў Харкаве. Ленін згадзіўся:
— Безумоўна. Звяжыцеся па прамым провадзе. Але самае галоўнае — не адцягвайце выезд у Брэст. Я перадам Троцкаму, Крыленку, Залкінду, каб яны як мага хутчэй дамовіліся з немцамі аб вашым прыездзе.
5
Увайшоў Гарбуноў.
— Уладзімір Ільіч, з вамі хоча гаварыць амерыканскі пасол.— На твары сакратара было здзіўленне: звоніць асабіста сам пасол дзяржавы, якая не прызнае Савецкі ўрад і дагэтуль не зрабіла ніводнага кроку для кантактаў, калі не лічыць прыватнай ініцыятывы Робінса. Гарбуноў не здагадаўся аб прычыне нечаканага званка. Ленін адразу здагадаўся. Пасміхнуўся са здзіўлення сакратара і з вымушанага дэмаршу Фрэнсіса. Уявіў, як нялёгка было пыхліваму амерыканцу звярнуцца да прэм'ера Савецкага ўрада.
Леніну хапіла адной мінуты, каб выпрацаваць план размовы. У дыпламатыі маюць значэнне не толькі словы, іх змест, але і форма дыялога — тон, паўзы і многае іншае. Нельга ўзяць трубку занадта паспешліва, але нельга і выпрабоўваць самалюбства субяседніка.
Уладзімір Ільіч зняў трубку тэлефона, сказаў па-руску:
— Я слухаю.
У трубцы, дзе было менш старонніх шумаў, чым учора,— добрая пагода! — праракатаў англійскі барытон :
— Пан прэм'ер-міністр?
Уладзімір Ільіч адказаў па-англійску:
— Так, Ленін. Я слухаю вас.
— Пан прэм'ер...— голас Фрэнсіса як перарваўся, не па віне тэлефона, безумоўна. Ленін адчуў, што дыпламатычны леў, які з'еў зубы і злізаў язык у размовах з каралямі, прэзідэнтамі, прэм'ерамі, міністрамі, пасламі, хвалюецца, зноў пасміхнуўся, паўтарыў: