— Я слухаю вас, пан пасол.
— У якасці дуаена дыпламатычнага корпуса я маю гонар прасіць вас, пан прэм'ер-міністр, прыняць паслоў у шаснаццаць гадзін. Мы лічым сваім абавязкам уручыць ураду вашай высокасці мемарандум з прычыны беспрэцэдэнтнай акцыі — арышту нашага калегі пасланніка Дзіамандзі і членаў румынскага пасольства.
Ленін моўчкі і ўважліва слухаў, адзначаючы, што хваляванне ў голасе Фрзнсіса знікае і з'яўляюцца пагрозлівыя ноткі чалавека, які прывучыўся дыктаваць сваю волю ці, правільней, волю сваёй краіны.
Ленін сказаў спакойна, далікатна:
— Пан пасол, я не пачынаю нашу з вамі размову з пратэсту і абурэння Савецкага ўрада дзеяннямі румынскіх улад. Я згодзен, што для таго, каб выслухаць думкі бакоў, патрэбна сустрэча. Роўна праз гадзіну я дам вам адказ аб магчымасці прыёму мною паслоў.
Паклаўшы трубку, Ленін весела паглядзеў на Гарбунова, які, хоць і не разумеў па-англійску, урэшце здагадаўся, што ўстурбавала пасла, аб чым ідзе размова.
— Што ж,— сказаў Уладзімір Ільіч, паціраючы рукі — не ад задавальнення, ад некаторага ўзбуджэння,— будзем, Мікалай Пятровіч, рыхтавацца да дыпламатычнага прыёму, вучыцца новай справе,— і, угледзеўшы, што Гарбуноў не ўсё разумее, растлумачыў: — Просіцца ўвесь корпус.
— З-за румын?
— Так.
— Будуць пратэставаць?
— Будуць. Але і мы будзем мець магчымасць выказаць пратэст і рашучасць абараніць нашых салдат так, каб гэта стала вядома сусветнай грамадскасці.
— Не наробяць шуму некаторыя з нашых?
— Хто? Бухарын? Урыцкі? Няхай пашумяць. Іх трэба прывучаць, што сусветная рэвалюцыя не адбудзецца заўтра. Нам прыйдзецца гаварыць з капіталістамі не толькі мовай гармат. Нам прыйдзецца садзіцца з імі за стол перагавораў так, як мы селі з нямецкімі імперыялістамі. І мы павінны навучыцца весці любыя перагаворы — аб міры, аб гандлі— лепш, чым вядзе іх Троцкі ў Брэсце. Не скажу, як доўга, але суіснаваць нам прыйдзецца. Таму вучыцеся арганізоўваць дыпламатычныя прыёмы, дарагі Мікалай Пятровіч,— засмяяўся Уладзімір Ільіч.
— Што для гэтага трэба?
— Сёння? — Ленін на міг задумаўся.— На пасты ў Смольны больш матросаў. Матросы робяць уражанне. А ў пакой сакратарыята — вешалкі для пасольскіх паліто і футраў. Не прымаць жа іх у футрах.
Што паслоў трэба абавязкова прыняць — Ленін вырашыў адразу, у момант размовы з Фрэнсісам. Паслы краін Антанты вымушаны былі пайсці на першы кантакт з Саўнаркомам. А гэта ўжо ў пэўным сэнсе ўскоснае прызнанне дэ-факта ўлады бальшавікоў — што пасля нехта з іх ні казаў бы. Нельга лічыць сур'ёзнымі лявацкія крыкі аб тым, што, маўляў, з буржуазіяй у пралетарскага ўрада не можа быць ніякіх кантактаў. Глупства! Жывучы на адной планеце, мы мусім суіснаваць, таварышы «левыя»!
Нарэшце, Ленін не баяўся, што пралетарыі свету асудзяць акцыю Саўнаркома ў адказ на румынскую правакацыю, на арышт рускіх рэвалюцыйных салдат. Наадварот, быў упэўнены, што салдаты краін, якія ваююць, ухваляць гэта. А таму трэба надаць інцыдэнту найбольшы рэзананс. Факт прыёму паслоў Старшынёй Саўнаркома раструбяць усе заходнія газеты. Сенсацыя. І гэта будзе нам на карысць.
Уладзімір Ільіч тут жа пазваніў Сталіну, праінфармаваў аб размове з Фрэнсісам і паўторна папрасіў неадкладна звязацца з Брэстам і перадаць дэлегацыі аб канфлікце з Румынскім каралеўствам, аб прынятых Саўнаркомам мерах. Учора Сталіну не ўдалося звязацца, ці, можа быць, ён не надаў інцыдэнту таго значэння, якое надаваў Ленін.
— Папрасіце, каб прадстаўнік дэлегацыі пасля чатырох быў каля прамога проваду. Мы перадамо аб выніках перагавораў з дыпламатычным корпусам.
Ленін звязваў усё ў адзін вузел. Тэрміновасць інфармацыі не столькі важная для дэлегацыі, каб улічваць усе аспекты ў перагаворах, колькі вельмі важная, каб пра рашучыя меры ў абароне рэвалюцыйнай дывізіі даведаліся немцы. Няхай трапіць у газеты чацвярнога саюза — як Савецкі ўрад дбае пра баяздольнасць франтавых часцей. Такія факты могуць прымусіць Кюльмана хутчэй падпісаць мір.
Што паслоў трэба прымаць — сумнення не было ні на міг. Але Фрэнсісу трэба было даць зразумець, што, па-першае, не яму назначаць час; па-другое, што прэм'ер лічыць неабходным параіцца з урадам. Трэба, каб прыём не быў малазначным фактам. Ленін раіўся з членамі ЦК, Саўнаркома. Амаль усе падтрымалі Старшыню Саўнаркома. Нават Мікалай Іванавіч Бухарын, які, як ніхто, умеў заблытаць любое самае простае пытанне, ствараць праблемы і ўчыняць абструкцыі, нечакана згадзіўся, што паслоў трэба прыняць.