Разважлівы Свярдлоў, калі Уладзімір Ільіч параіўся з ім, сказаў, што час прыёму не трэба мяняць. Фрэнсіс з-за сваёй тыпова амерыканскай самаўпэўненасці паведаміў паслам, што прыём будзе ў шаснаццаць. Па сучаснай тэлефоннай сувязі ў Петраградзе і з-за дэзарганізацыі кур'ерскай службы ў саміх пасольствах яму нялёгка будзе за нейкія дзве-тры гадзіны звязацца з усімі пасламі,
Ленін згадзіўся, што, паколькі мы зацікаўлены, каб прысутнічаў увесь корпус, ствараць цяжкасці не варта.
Роўна праз гадзіну Ленін пазваніў у амерыканскае пасольства. Але звязацца з Фрэнсісам не здалося. Тады Уладзімір Ільіч напісаў запіску на англійскай мове:
«Давіду Р. Фрэнсісу, амерыканскаму паслу 1.1.1918 г. Петраград
Сэр, не здолеўшы звязацца з Вамі па тэлефоне ў 2 гадзіны, як было дамоўлена, я пішу, каб паведаміць Вам, што я быў бы рады сустрэцца з Вамі ў маім кабінеце — Смольны інстытут, пакой 81 — сёння ў 4 гадзіны дня.
З павагай Ленін».
Гарбуноў паслаў запіску з кур'ерам-матацыклістам. Паслы з'явіліся амаль адначасова, паміж прыездам першага і апошняга не прайшло і пяці мінут. Такая пунктуальнасць здзіўляла ахову Смольнага, бо прадстаўнікі краін вялікіх і багатых прыехалі на аўтамабілях, а малых — у карэтах на палазах, запрэжаных парай ці тройкай коней,— як сто гадоў назад.
У вестыбюлі іх сустракаў Гарбуноў. Вестыбюль ачысцілі ад чырвонагвардзейцаў і наведвальнікаў, якіх там заўсёды было поўна. Але ўсё адно з калідораў і класных пакояў першага паверха выглядвала нямала цікаўных. Гэтыя як бы схаваныя людзі ў шынялях (прызнаўся пасля пасол адной малой дзяржавы) наганялі на дыпламатычных абывацеляў страх. Людзі, якія лічылі сябе знаўцамі Расіі, памногу гадоў жылі ў Петраградзе і былі сведкамі самай бяскроўнай рэвалюцыі, верылі абывацельскай хлусні газет сваіх краін аб дзікунстве і зверстве бальшавікоў.
Камендант Смольнага выбраў з каравула на пасты ў вестыбюлі і на трэцім паверсе самых рослых і прыгожых матросаў. Адзін з іх, па недагляду начальніка каравула, упрыгожыў сябе патроннай лентай — падперазаўся цераз плячо. Матрос, безумоўна, зрабіў гэта знарок, з пэўным сэнсам: вострыя кулі вытыркаліся з ленты і былі як бы нацэлены на буржуяў. Няхай бачаць нашу сілу! — так, напэўна, разважаў зухаваты матрос.
Тыповы амерыканец Фрэнсіс, пасівелы, але падобны на добрага спартсмена-бегуна, трымаўся ўпэўнена, незалежна і нават агрэсіўна: як акцёр, настройваў сябе на адпаведны лад, каб зрабіць уражанне; яму належала перадаць мемарандум і выказаць пратэст ад імя ўсяго корпуса.
Апрануты амерыканец быў у мядзведжае футра, даволі палінялае, неахайна аблезлае, быццам знятае з джэк-лонданаўскага героя, шукальніка золата. Французскі пасол Нуланс, распаўнелы, чырванатвары, яўны аматар выпіць і смачна паесці, сваю сапсаваную постаць прыхарошыў элегантным паліто з сабаліным каўняром. Нізенькі, як хлапчанё, пасол Кітая апрануў нейкі зусім не кітайскі шынель са складкамі, як на спадніцы; шынель быў доўгі, да пят, і кітаец, каб не заблытацца ў ім, прыпадымаў полы зусім па-бабску.
Гарбуноў прывітаў гасцей па-руску. Фрэнсісу яго словы пераклаў пасол Грэцыі. Мікалай Пятровіч перайшоў на французскую мову. Місію перакладчыка тут жа паслужліва ўзяў на сябе Нуланс, хоць ведаў, як, дарэчы, ведалі і ў Саўнаркоме, што Фрэнсіс разумее і па-руску, і па-французску.
Гарбуноў павёў гасцей па шырокай лесвіцы з дзе-нідзе вышчарбленымі мармуровымі ўсходцамі. Вартавыя бачылі, як заднія, самыя «малыя»,— з тых краін, народы якіх жылі ў больш жахлівым жабрацтве, чым народы былой Расійскай імперыі, пераглядваліся паміж сабой і зларадна пасміхаліся: маўляў, дажылі бальшавікі...
Нуланс з уласцівым французу гумарам спытаў:
— Мы пойдзем да прэм'ера ў кажухах?
— Не, пан пасол. Вас распрануць, у прыёмнай Старшыні Саўнаркома.
Ленін стаяў пасярод кабінета, заклаўшы рукі за спіну. Нехарактэрны для яго жэст. Не так ён сустракаў наведвальнікаў. Але тут асаблівы выпадак. Уладзімір Ільіч не ведаў усіх тонкасцей дыпламатычнага буржуазнага этыкету. Падумаў, што нешта з яго прыйдзецца ўзяць кіраўнікам сацыялістычнай дзяржавы, але шмат што трэба будзе выкінуць, як выкінулі ўсе тытулы, усе звароты, якія дзялілі людзей на паноў і рабоў.
Ленін здагадваўся, што, вітаючыся, паслы Антанты руку яму не стануць паціскаць. Ідуць не з дружалюбным візітам — з мемарандумам, з пратэстам. Поціск рукі сацыялістычнаму прэм'еру буржуазныя ўрады не даравалі б сваім паслам. Гэтыя першабытныя законы дыпламатыі Уладзімір Ільіч ведаў, таму і трымаў рукі за спіной, каб нікому з іх не здалося, што яму хочацца паціснуць ім рукі.