Ленін не памыліўся. Як толькі Гарбуноў адчыніў дзверы і ветліва запрасіў: «Прашу вас, панове», першы ўвайшоў Дэвід Фрэнсіс і павітаўся кіўком галавы і звычайнымі словамі:
— Дзень добры.
Нават без звароту «сэр». Але, як бы адчуўшы няёмкасць, пачаў паспешліва прадстаўляць сваіх калег, што ўваходзілі, трымаючыся пэўнай чарговасці — хто за кім — і інтэрвалу. Аднак у кабінеце ўстаноўлены няпісаным этыкетам парадак парушылі. Кабінет невялікі, а паслоў больш за дзесяць, і ў кожнага з іх, апрача хіба пыхлівага і самаўлюбёнага пасланніка Англіі, была звычайная цікавасць — як найлепш разгледзець чалавека, які ўзняў, здавалася ім, адсталых расійскіх рабочых, сялян на такую рэвалюцыю, у якога хапіла мужнасці ўзначаліць першы ў гісторыі рабоча-сялянскі ўрад. Большасць з іх, верных служкаў свайго класа, ненавідзелі Леніна, але разам з тым па-чалавечаму не маглі не захапляцца ім. Амаль усе яны тады не сумняваліся, што бальшавікі доўга не пратрымаюцца, аднак, будучы людзьмі адукаванымі, разумелі, што, калі нават і знойдзецца нейкі Каледзін ці Карнілаў, які перавешае бальшавікоў, загоніць на катаргу, задушыць рэвалюцыю, якую ўзначаліў Ленін, самога Леніна ніхто ўжо з гісторыі не выкрасліць. Гэта сцяг, пад які ў любы час могуць стаць бедныя і галодныя іх уласных краін.
Упершыню сустрэцца з Леніным было сенсацыяй, падзеяй у жыцці, даволі аднастайным, кожнага з іх.
Пасол Эфіопіі, які добра ведаў сваё месца, расштурхаў «вышэйшых» калег і вылез наперад ажно за лінію, на якой спыніўся дуаен. Гэтак жа зрабілі паслы Партугаліі і Сербіі.
Глядзелі яны на Леніна як на прышэльца з іншай планеты ці з іншай эпохі — з будучай. З такой жа цікавасцю разглядалі і кабінет рабочага прэм'ера, па-спартанску просты — стол, крэслы, партрэт Карла Маркса.
Уладзімір Ільіч бачыў гэтую цікаўнасць, ведаў яе вытокі: адукаваныя буржуа калекцыяніруюць не толькі дарагія цацкі, але і назіранні, сустрэчы, размовы — для будучых мемуараў, якія кожны з іх пачне пісаць, атрымаўшы адстаўку. Ленін унутрана пасміхаўся, як пасміхаюцца дарослыя з забаваў дзяцей.
Фрэнсіс, які ў меншай меры калекцыяніраваў назіранні і ў якога быў нялёгкі абавязак, калі мець на ўвазе інструкцыі дзяржаўнага сакратара Лансінга: «Ніякіх афіцыйных кантактаў з урадам Леніна», пры ўсёй сваёй вялікадзяржаўнай фанабэрыі нерваваўся, кідаў на парушальнікаў этыкету гнеўныя позіркі. Ён спяшаўся хутчэй выканаць сваю місію. Раскрыў папку і, гледзячы ў тэкст мемарандума, але не чытаючы яго, сказаў:
— Пан прэм'ер-міністр, дыпламатычны корпус вымушаны быў прасіць Вас аб гэтым прыёме, каб выканаць свой саюзніцкі, чалавечы гуманны абавязак. Паслы здзіўлены і абураны арыштам пасланніка Дзіамандзі і членаў румынскага пасольства. Пан прэм'ер, я не помню ў гісторыі адносін цывілізаваных краін аналагічнага факта. Гэта недапушчальна. Нават пры абвяшчэнні вайны паслам гарантавана бяспека... Няхай пану прэм'ер-міністру будзе вядома, што гэта замацавана міжнароднымі канвенцыямі. Румынія — саюзнік Расіі. Арышт пасла саюзнай дзяржавы — увогуле беспрэцэдэнтны выпадак. Так робяць хіба тады, калі хочуць пачаць вайну. У Румыніі ёсць падставы абвяшчаць вайну...
— Так, гэта повад для вайны,— амаль пагрозліва падтрымаў дуаена Нуланс, які быў аўтарам мемарандума і галоўным ініцыятарам дыпламатычнага дэмаршу: Францыі, урад якой выношваў планы пранікнення на Украіну (ужо вяліся перагаворы з Цэнтральнай радай), вельмі патрэбна была дружба і падтрымка каралеўскай Румыніі, суседкі Украіны.
На твары Фрзнсіса мільгануў цень незадаволенасці, што яго перапынілі, хоць гэта і была падтрымка; незалежнасць французскага пасла, яго нежаданне лічыцца з лідэрствам найбагацейшай краіны даўно раздражнялі амерыканца.
Фрэнсіс кашлянуў, як бы правяраючы ноту, на якой трэба скончыць сваю заяву. Сапраўды, у голасе яго з'явіўся металічны звон:
— Мне даручана ўручыць ураду Расіі мемарандум дыпламатычнага корпуса. Мы патрабуем неадкладнага вызвалення пасланніка Дзіамандзі і ўсіх падданых яго вялікасці караля Румыніі.
Фрэнсіс падняў над чырвоным аксамітам папкі аркуш белай паперы з тэкстам мемарандума. Ён чакаў, каб Ленін падышоў і ўзяў мемарандум. Ленін не спяшаўся. Прыжмурыўшыся, ён усміхнуўся паслу Эфіопіі — прыгожаму негру, які ўсё яшчэ разглядаў яго з дзіцячай цікавасцю. Фрэнсісу прыйшлося пераступіць умоўную мяжу — зрабіць крок да Леніна. Тады і Ленін ступіў насустрач, прыняў мемарандум. Прабег вачамі па тэксту. Звярнуўся да паслоў: