Выбрать главу

— Пан дуаен! Панове! Я не хацеў бы напамінаць, што было ў гісторыі адносін паміж краінамі. У гісторыі праліта мора крыві рабочых і сялян. І кроў гэтая льецца па сённяшні дзень. Яна льецца па віне ўрадаў, якія называюць сябе цывілізаванымі...

Гэта быў адказ на закід Фрэнсіса, што, маўляў, Савецкі ўрад паступіў не як цывілізаваны.

Ленін, як кажуць у народзе, секануў па вачах так, што ў паслоў Антанты пасыпаліся іскры: яны ўскінулі галовы, пераглянуліся, заварушыліся і збіліся ў гурт, як бы спалохаўшыся за адзінства свайго фронту; з горла «англійскага льва» выбулькнуў нейкі дзіўны гук.

Паслы гатовы былі кінуцца ў бой за свае ўрады, каб пачаць даказваць, што не яны вінаватыя ў вайне — урад кайзера Вільгельма, імператара Іосіфа. Але ў іх была дамоўленасць: ні пры якіх паваротах размовы не пачынаць абмеркаванне звароту ўрада Расіі да ўрадаў і народаў краін, якія ваююць. Яшчэ ў канцы лістапада на нарадзе ў амерыканскім пасольстве дамовіліся на ноты Савецкага ўрада не адказваць, ні ў якія кантакты не ўступаць. Пачаць размову аб міры — азначала б уступіць з бальшавіцкім урадам у перагаворы. Ленін хітра штурхае на гэта. Які дыпламат! — падумалі некаторыя з паслоў. Нават тыя з іх, што не ведалі англійскай мовы, адчулі, што Ленін сказаў нешта незвычайнае, і пачалі перапытваць суседзяў.

Ленін знарок зрабіў паўзу: няхай запярэчыць.

Фрэнсіс змаўчаў.

— Па сутнасці мемарандума. Урад Савецкай Расіі не лічыць недапушчальным арышт дыпламатычнага прадстаўніка краіны, якая без абвяшчэння вайны адкрыла ваенныя дзеянні супраць рускай дывізіі. Мы вымушаны былі пайсці на гэтую крайнюю меру, бо не мелі іншай магчымасці вызваліць арыштаваных салдат. Для нас жыццё салдата даражэй, чым спакой, камфорт дыпламата. Думаю, як цывілізаваныя людзі, вы з гэтым згодзіцеся. Савецкі ўрад будзе любымі сродкамі абараняць рускіх салдат ад здзеку і гвалту. Да нас даходзяць звесткі, што гэты гвалт і здзек чыняць кітайскія ўлады над нашымі салдатамі ў Маньчжурыі. Я заяўляю пра гэта, карыстаючыся прысутнасцю пасла Кітая...

Кітаец нават не міргнуў вокам — зрабіў выгляд, што не разумее па-англійску, хоць выдатна ведаў гэтую мову.

— Мы падпісалі перамір'е з Германіяй. Мы падпішам мір. І мы патрабуем, каб рускі корпус у Францыі быў адведзены з фронту і вернуты дадому.

— Ваш урад цвёрда вырашыў заключыць сепаратны мір? — спытаў пасол нейтральнай Швецыі, не без хітрасці, бо добра ведаў аб той барацьбе, якую вядзе Ленін у ЦК, у Саўнаркоме за заключэнне міру.

— Мы два месяцы чакаем адказу ад урадаў краін Антанты на нашы мірныя прапановы. Мы не можам больш чакаць. Міру патрабуе рускі народ, які сцёк крывёю і смяртэльна стаміўся ад вайны. У імя чаго працягваецца гэтая бойня?

Ленін яўна вымушаў паслоў пачаць размову аб міры. Але паслы Антанты ўсяляк ухіляліся ад яе. І Фрэнсіс, і Нуланс выразнымі позіркамі ў бок шведа і іншых нейтралаў давалі зразумець, што падобныя пытанні не да месца.

Ленін гэта бачыў.

Фрэнсіс настойліва паўтарыў:

— Пан прэм'ер-міністр, дыпламатычны корпус патрабуе вызвалення членаў румынскага пасольства.

— А Савецкі ўрад патрабуе вызвалення рускіх салдат. Ва ўрадаў, якія вы прадстаўляеце, даволі аўтарытэту і сілы, каб уздзейнічаць на румынскі ўрад.

— Мы абяцаем зрабіць належныя захады з мэтай уздзеяння на ўрад яго вялікасці караля Румыніі,— паабяцаў Нуланс.

— На такіх умовах я давяду ваш мемарандум да Савета Народных Камісараў і абяцаю дамагчыся згоды членаў урада на вызваленне румын. Не магу не адказаць на ваша сцверджанне, што арышт дыпламатычных прадстаўнікоў дае права Румыніі абвясціць нам вайну. Наступіў той час, панове, калі народы, якія вайны не жадаюць, здолеюць вайну прадухіліць, якія б канфліктныя сітуацыі ні ўзнікалі паміж дзяржавамі. Лёс міру ў руках народаў. Першым дэкрэтам сацыялістычнай рэвалюцыі быў Дэкрэт аб міры.

Зноў Ленін уцягваў іх у дыскусію, на якую паслы не мелі паўнамоцтваў.

Дуаен паспяшаўся падзякаваць Старшыні Саўнаркома за прыём дыпламатычнага корпуса.

Апранаючыся, некаторыя з іх мацалі кішэні сваіх футраў і паліто. Бара Круглова, тэлефаністка, дзяўчына цікаўная — вельмі ёй захацелася паглядзець на замежных дыпламатаў — і надзвычай назіральная, пасля абурылася ажно да слёз ад крыўды і абразы:

— Гэта ж яны правяралі, ці не ўкралі мы пальчаткі ці яшчэ што. А яшчэ — ло-с-рды! Цьфу на іх!

Гарбуноў расказаў пра абурэнне дзяўчыны Леніну. Уладзімір Ільіч смяяўся да слёз. Перадаў Варыны словы Свярдлову;

— А яшчэ, кажа, лорды. Цьфу на іх! Як вам падабаецца, Якаў Міхайлавіч! Наколькі вышэй Варына этыка за іх, лордскую, этыку. А знаеце, я веру, што такія філістэры маглі баяцца за свае пальчаткі. Абывацельская логіка: маўляў, калі бальшавікі маглі экспрапрыіраваць зямлю, маёнткі, заводы і банкі, то чаму ім не сцягнуць у паслоў пальчаткі? Буржуа толькі так думае аб пралетарыях. Не здзіўлюся, калі ў нейкай газеце з'явіцца, што ў Фрзнсіеа ў Смольным укралі пальчаткі ці галошы. Ах, як трапна Бара выявіла іх сутнасць! — і зноў смяяўся, задаволены вынікамі прыёму і Варыным абурэннем.