6
Гэтага чужаземца Уладзімір Ільіч, радасна ўзбуджаны, выйшаў сустракаць у пакой Кіраўніцтва справамі, дзе той толькі што распрануўся і, павесіўшы паліто на вешалку, прычэсваў свае каштанавыя валасы.
З'яўленне Леніна збянтэжыла Фрыца Платэна. Ён заціснуў грабянец у левай руцэ.
Яны моцна паціснулі адзін аднаму рукі і колькі хвілін не выпускалі рук, разглядалі адзін аднаго і хораша, па-сяброўску ўсміхаліся. Захоплены як бы знянацку, вышэйшы ростам, малады, падобны на спартсмена, у элегантнай тройцы, сакратар Сацыял-дэмакратычнай партыі Швейцарыі адчуваў сябе няёмка ад такой сустрэчы і ад таго, што перад прысутнымі разглядае Леніна як бы з вышыні. Платэн раней і глыбей, чым хто з тагачасных заходніх сацыялістаў, усвядоміў усю геніяльнасць Леніна і веліч рускай рэвалюцыі, яе інтэрнацыянальнае значэнне. Уладзімір Ільіч у сваю чаргу паважаў Платэна. Там, у Швейцарыі, ім прыходзілася часам спрачацца, але марксіст Платэн быў пераконаны і інтэрнацыяналіст цвёрды, у яго не закружылася галава ад шавіністычнага, ура-патрыятычнага чаду ў гады вайны, як закружылася ў Шэйдэмана, Геда, Вандэрвельдэ.
— Дарагі Платэн, я рад вас бачыць. Гэта выдатна, што вы прыехалі ў Расію ў такі час, убачыце нашу рэвалюцыю ўласнымі вачамі. Я дзякую вам ад імя ўсіх таварышаў за тое, што вы памаглі нам прыехаць дадому ў красавіку. Наш прыезд тады быў вельмі своечасовы... А без вас, без вашай дапамогі нам прыйшлося б ехаць вельмі доўга... Троцкі дабіраўся з Нью-Йорка два месяцы...— Ленін пачаў гаварыць па-французску, але потым успомніў, што не ўсе прысутныя работнікі Саўнаркома ведаюць чужую мову, а Платэн нядрэнна ведае рускую, і перайшоў на родную мову:
— Таварыша Платэна вы ведаеце. Я дзякую нашаму госцю за дапамогу, якую ён аказваў рускім рэвалюцыянерам у Швейцарыі. Ад імя ЦК бальшавіцкай партыі і Саўнаркома я дзякую яму за тое, што ён правёз найкарацейшым шляхам, праз Германію, новую групу палітэмігрантаў. Паездка праз Італію, Англію, Швецыю таварышам дорага каштавала б. Мы бедныя людзі.
Госць пасміхнуўся і сказаў па-нямецку:
— Ад Берліна немцы везлі нас у цяплушках, а садралі па тарыфу першага класа. Гэтыя кілбаснікі свайго не ўпусцяць. Няхай таварышы ведаюць, што мае бацькі немцы. Аднак у швейцарскіх немцаў псіхалогія іншая.
Ленін пераклаў, і работнікі Кіраўніцтва справамі пасмяяліся са стаўлення швейцарскага сацыял-дэмакрата да нямецкай сквапнасці.
Размова працягвалася ў кабінеце. Яны сядзелі насупраць адзін аднаго цераз маленькі столік, як добрыя старыя сябры, толькі Платэн сядзеў у простай паставе, захоўваючы этыкет госця, а Ленін паклаў руку на спінку крэсла, расслабіўся пасля напружанага дня. У гутарцы з такім госцем можна даць сабе і своеасаблівы адпачынак, такі «адпачынак» Уладзімір Ільіч дазваляў сабе ў гутарках са Свярдловым, Арцёмам, Бонч-Бруевічам, з роднымі, хоць і гаварыў пра такія ж сур'ёзныя рэчы, як і з іншымі. Але, з людзьмі блізкімі не патрабуецца такога высокага душэўнага напружання, як, напрыклад, у размовах з Бухарыным з яго ўяўна вобразным мысленнем. Ці з Троцкім з яго часта незразумелай талмудысцкай парадаксальнасцю.
— Дарагі Платэн, я дзякаваў вам афіцыйна, як савецкі прэм'ер. Перад вамі ў гэтым кабінеце быў увесь дыпламатычны корпус, і я мусіў прымаць як належнае «пан прэм'ер-міністр». Пан! Мы зрабілі рэвалюцыю, каб пакончыць з панамі, але формы адносін, моўныя формы, у розных сацыяльных пластах і асабліва ў міжнародных зносінах доўга яшчэ будуць панаваць старыя. Вы не ўяўляеце, якая грандыёзная работа праводзіцца нашай партыяй. А колькі яе, работы, наперадзе! Пастарайцеся ўбачыць самі і зразумець. Я буду вашым гідам і... вашым агітатарам,— Ленін засмяяўся.
— Я не дазволю сабе, таварыш Ленін, адрываць вас...
— Аднак мяне занесла ўбок. Як... як на ўхабе («ухаб» Уладзімір Ільіч сказаў па-руску). Вы не знаеце, што такое руская зімовая дарога, сані і што такое ўхаб... не знаходжу ні французскага, ні нямецкага слова. Пасля ўспомню. Ад фрау Надзі, як вы называлі яе, асаблівае дзякуй.