Выбрать главу

— Я ніколі не казаў, што нам не патрэбны ваенспецы.

— Рэжа мне вуха слова гэтае. Неяк я спытаў у Міхаіла Дзмітрыевіча Бонч-Бруевіча, як яму падабаецца наш зварот «таварыш ваенспец». Вы знаеце, перада мной і братам сваім генерал пачырванеў, як дзяўчына перад жаніхом. Я мусіў далікатна адвесці размову ў другі бок. Як мы з вамі будзем называць людзей, якія скончаць нашу савецкую акадэмію Генеральнага штаба? Ваенспец? Ах, як гучна! — Ленін іранічна прыжмурыўся, убачыўшы, што паставіў Падвойскага ў цяжкае становішча. Але тут жа ўспомніў пра госця і сказ а ў па-французску: — Прабачце, таварыш Платэн. Тут у нас тонкасці, якія цяжка зразумець. Але я вам пазней растлумачу.

— Калі ласка, не звяртайце на мяне ўвагі. Займайцеся сваімі справамі. Я разумею, як іх многа ў вас, неадкладных спраў! Мне, сацыялісту, цікава проста паглядзець, як кіруюць першай сацыялістычнай дзяржавай. Я буду вучыцца.

— Вы можаце павучыцца. Вы ведаеце рускую мову. Цяжка вучыцца без мовы. У выдатнага рускага пісьменніка Караленкі ёсць апавяданне аб тым, як рускі эмігрант, непісьменны, з сялян-духаборцаў, адстаў ад сваіх і заблудзіўся ў Нью-Йорку. Уявіце. Я халадзеў ад страху, калі чытаў. Гэта горш, чым заблудзіцца ў тайзе.

Падвойскі няблага некалі вывучыў французскую, але практыкі даўно не меў, таму размаўляць саромеўся. А можа, лічыў, што чужаземцу, хаця ён і сацыяліст, не абавязкова ведаць усе дэталі ваеннай арганізацыі. Справа іншая — прынцыпы, якія тлумачыць госцю Уладзімір Ільіч. Яны павінны быць вядомыя ўсяму свету: рабочыя, салдаты іншых краін, калі паўстануць, будуць вучыцца ў рускай рэвалюцыі.

— Стварэнне новай арміі ідзе поўным ходам, Уладзімір Ільіч,— сказаў Падвойскі.— Сёння мы праводзім на фронт першы зводны атрад Чырвонай Арміі. З гэтым я прыехаў: напомніць вам пра запрашэнне чырвонаармейцаў прыехаць на провады атрада.

Ленін дастаў з кішэні камізэлькі гадзіннік.

— Дык час жа ехаць.

Платэн падняўся, зразумеўшы, што Старшыня Саўнаркома і нарком спяшаюцца.

Уладзімір Ільіч гасцінна паклаў яму руку на плячо, прымушаючы сесці назад у крэсла.

— Так, дарагі Платэн, мы спяшаемся. Але вы павінны паехаць з намі. Я і савецкі генерал Падвойскі,— зноў пажартаваў Ільіч,— запрашаем вас. Вам абавязкова трэба гэта пабачыць — людзей, што добраахвотна едуць на фронт. Першы атрад той арміі, пра якую я вам толькі што расказваў. Гэта незвычайныя людзі, Платэн! Сустрэча з імі асабіста мне заўсёды дае надзвычайны зарад энергіі.

— Я з радасцю паеду, таварыш Ленін. Я сапраўды хачу ўбачыць усё, каб расказаць сваім суайчыннікам аб рускай рэвалюцыі.

Ленін звярнуўся да Падвойскага:

— Аб провадах атрада павінны шырока даць газеты. Папрасіце, калі ласка, Марыю Мікалаеўну ці таварыша Гарбунова, каб пазванілі ў «Правду». І падалі нам аўтамабіль.

Падвойскі выйшаў.

Ленін зноў сеў насупраць Платэна і адказаў на яго словы пра абавязак расказаць суайчыннікам:

— Вашым суайчыннікам, што п'юць раніцой каву са смятанкай і цёплай булачкай, магчыма, нялёгка будзе зразумець энтузіязм людзей, што маюць на дзень паўфунта чорнага, з мякінай, хлеба. А вось рабочыя Германіі, Францыі, якія сербанулі горкага і салёнага, яны зразумеюць. Раскажыце ім. Абавязкова раскажыце. Рабочым трэба ведаць. Буржуазная прэса ачмурае людзей несусветнай лухтой.

Платэн засмяяўся, здзівіўшы Леніна: з чаго раптам смех?

— Прабачце, таварыш Ленін. Успамін. Нават мая маці баялася, што я еду ў Расію. Так яе напалохалі нашы газеты.

— Баялася? — Ленін таксама засмяяўся.— У нейтральнай Швейцарыі, дзе многія дзесяцігоддзі, з часоў Герцэна, жыло столькі рускіх эмігрантаў! Дык ці трэба здзіўляцца, калі саксонскі бюргер паверыць, што мы людаеды, што высокатытулаваных вяльмож падсмажваем на патэльні і ямо без прысмакаў. Без гарчыцы. Ці з гарчыцай. Якая розніца. Да гэтага не дапісаліся панове буржуазныя брахуны?