— Бадай дапісаліся.
— Вось вам і «дэмакратычная прэса»!
Вярнуўся Падвойскі.
— Аўтамабіль гатовы,— і, выкарыстаўшы паўзу, сказаў пра тое, што яго хвалявала і пра што ён ужо двойчы гаварыў на Саўнаркоме: — Уладзімір Ільіч, вы так гаварылі таварышу Платэну пра новую армію, што мне здалося: вы гатовы падпісаць дэкрэт ці маніфест аб стварэнні Чырвонай Арміі. Дарэчы, пазаўчора пастанову аб неабходнасці стварыць «магутную, моцна спаяную сацыялістычную армію» прыняў Петраградскі Савет.
— Савет прыняў правільную пастанову. І я гатоў падпісаць такі дэкрэт. Але не гатова сітуацыя, Мікалай Ільіч. Па-першае, такі дэкрэт зусім разваліць старую армію, і фронт будзе аголены. А мір мы яшчэ не падпісалі. Па-другое, гэта яўна насцярожыць немцаў на перагаворах. Па-трэцяе, створыць ілюзіі ў нашых «левых». Бухарын закрычыць яшчэ гучней, што з рэвалюцыйнай арміяй трэба тут жа пачынаць «рэвалюцыйную вайну». А гэта лухта. Антымарксісцкая.
Неўзабаве прыйшла Марыя Ільінічна Ульянава. Сакратар «Правды» не магла даручыць паездку з Леніным камусьці іншаму. Яна была памочнікам брата і надзейным ахоўнікам. Ва ўсялякім разе, так яны лічылі — сястра і жонка, як напэўна лічаць усе жонкі і сёстры: іх прысутнасць як бы адводзіць ліха, што можа пагражаць роднаму чалавеку.
7
Міхайлаўскі манеж быў перапоўнены. Акрамя сямісот чалавек атрада, якіх праводзілі на фронт, прыйшлі прадстаўнікі многіх чырвонагвардзейскіх атрадаў, рабочыя заводаў, таварышы якіх добраахвотна ішлі абараняць рэвалюцыю, сем'і чырвонаармейцаў і проста цікаўныя.
Разнеслася чутка, што на мітынг прыехаў Ленін, і ўся дзвюхтысячная маса народа захвалявалася, як мора, шуганула хвалямі ў бок трыбуны.
Часовая трыбуна з невысокім бар'ерам, абабітым чырвонай тканінай, з лозунгам «Прывітанне першаму баявому атраду сацыялістычнай арміі!» знаходзілася амаль пасярод манежа. Людскія хвалі з усіх бакоў маглі б расплюшчыць хісткае дашчанае збудаванне, каб трыбуну не ачэпліваў ланцуг узброеных чырвонаармейцаў. Вінтоўкі ў іх былі на плячах, але яны. стаялі тварам да народа адзін пры адным, некаторыя нават для моцы ланцуга трымаліся за рукі, другі атрад, без вінтовак, пэўна, рабочыя-партыйцы, гэтак жа, узяўшыся за рукі, утварыў у натоўпе вузкі калідор. Па гэтым калідоры прайшлі да трыбуны Ленін, Падвойскі, Платэн, Ульянава, Вільямс, Біці, работнікі Наркамата па ваенных справах, прадстаўнікі Петраградскага Савета, заводскіх камітэтаў.
Людское мора калыхалася, напірала на ланцугі аховы. Усюды чуліся воклічы:
— Ленін!
— Ленін!
— Дзе?
— Каторы?
А следам за правадыром рэвалюцыі і яго таварышамі прабіваўся да трыбуны чалавек у вайсковым кажушку. Яго спынялі, хапалі за кажух.
— Таварыш, нельга.
Ён вырываў кажух, адказваў з нахабнай упэўненасцю:
— Я камісар Смольнага.
Яму верылі: спецыяльных пропускаў не было, а мандат камісара ніхто не спытаў. Такім чынам, чалавек прабіўся да ланцуга чырвонаармейцаў, што акружаў трыбуну.
Гэта быў страшны чалавек: яму было даручана забіць Леніна. У дэталёва спланаванай эсэрамі акцыі ўдзельнічала некалькі контррэвалюцыйных афіцэраў і салдат. Гэтаму, што прабіваўся да трыбуны, адводзілася галоўная роля. Пад кажухом у яго была бомба, у кішэні наган.
Пасля тэрарыст напісаў мемуары, якія так і назваў — «Замах», але ў якіх не пасмеў назваць сапраўднае сваё прозвішча, схаваўся пад псеўданімам Г. Рэшатаў. А быў гэта паручнік Ушакоў.
Ленін з таварышамі падняўся на трыбуну. Яго пазналі. Нехта крыкнуў:
— Таварышу Леніну — ура!
Пакацілася такое магутнае, тысячагалосае «ўра», што, здавалася, сарвецца высокі купал манежа.
«Ён стаіць велічна і проста. Ён усміхаецца і цярпліва чакае»,— піша пра Леніна Рэшатаў-Ушакоў.
Дамо яму слова і далей, бо людзям нашага часу, нават тым, хто валодае добрай фантазіяй, цяжка ўявіць, які ўздым, якое натхненне нараджала ў рабочых, чырвонагвардзейцаў з'яўленне Уладзіміра Ільіча на мітынгах, яго палымяныя прамовы. А гэта словы чалавека, які ўсё бачыў сам,— відавочцы-ворага: «Людзі ў шэрагах крычаць і крычаць, і не хочуць спыніцца, і цягнуць «ура», як малітву, і дух найвялікшага захаплення пануе над гэтым натоўпам і над гэтым чалавекам у незнаёмым, напаўасветленым цырку. І я чую, што я таксама крычу. Не рот разяўляю, як трэба рабіць, каб бачылі іншыя, што крычу; і не думаю благога, а нутром крычу, таму што крышыцца, таму што не магу не крычаць, таму што забыўся на ўсё, таму што рвецца з нутра нешта нястрымнае, стыхійнае, што затуманіла розум і рве душу, і нейкая сіла невядомая падхоплівае і нясе, і, здаецца, няма нічога — толькі адчуванне захапляючага прастору, неагляднай шырыні і бязмежнай радасці. Я бачу зусім блізка ад сябе добры і просты твар, усміхаюцца мне твар і вочы, якія гараць пяшчотай і любоўю».