Падвойскі, які вёў мітынг, абвясціў:
— Слова мае Старшыня Савета Народных Камісараў таварыш Ленін.
І зноў грыміць тысячагалосае «ўра», але нядоўга ўжо. Натоўп раптам змаўкае, як толькі Ленін падняў руку. Наступае надзвычайная цішыня. Прастуджаныя стрымліваюць кашаль, тояць дыханне.
Ніякіх тэхнічных сродкаў, якія ўзмацнялі б голас, не было. Але Леніна чулі ў самых дальніх кутках манежа.
— Таварышы! Я вітаю ў вашай асобе тых першых герояў — добраахвотнікаў сацыялістычнай арміі, каторыя створаць моцную рэвалюцыйную армію. І гэтая армія заклікаецца аберагаць заваёвы рэвалюцыі, нашу народную ўладу, Саветы салдацкіх, рабочых і сялянскіх дэпутатаў, увесь новы, сапраўды дэмакратычны лад ад усіх ворагаў народа, каторыя цяпер ужываюць усе сродкі, каб загубіць рэвалюцыю.
Рэшатаў-Ушакоў пісаў:
«Не помню ніводнага слова з таго, што ён сказаў тады. І ў той жа час ведаю, што кожнае з пачутых слоў тады нашу ў сабе».
У гэты момант яго камандзіры і хаўруснікі з «партызанскай шайкі», як ён называў сваю арганізацыю, займалі баявыя пазіцыі каля манежа і на дарозе, па якой праедзе Ленін назад у Смольны. Капітан, Тэхнолаг, Макс, Сёма — Ушакоў не адважыўся выдаць іх сапраўдныя прозвішчы,— адны з класавай нянавісці, другія, ашуканыя эсэраўскай хлуснёй, рыхтавалі найстрашнейшае злачынства.
Ленін кончыў прамову.
— Няхай таварышы, што накіроўваюцца ў акопы, падтрымаюць слабых, узнімуць дух тых, хто хістаецца, і натхняць сваім асабістым прыкладам усіх, хто стаміўся. Ужо прачынаюцца народы, ужо чуюць гарачы заклік нашай рэвалюцыі, і мы хутка не будзем адзінокімі, у нашу армію ўвальюцца пралетарскія сілы іншых краін!
У канцы мітынгу слова папрасіў Альберт Вільямс. За нейкія сем месяцаў сваёй журналісцкай дзейнасці ў Расіі Вільямс пры ўсіх намаганнях вывучыў мову слаба. Але, шчыраму інтэрнацыяналісту, які быў у захапленні ад Кастрычніцкай рэвалюцыі, ад дзейнасці бальшавікоў, Леніна, яму хацелася на такім мітынгу прывітаць ад амерыканскіх рабочых-сацыялістаў рускіх рабочых, першых салдат сацыялістычнай арміі па-руску. Выходзіла ў яго не вельмі складна, палавіна слоў было англійскіх.
Уладзімір Ільіч пачаў падказваць яму рускія словы, перакладаць англійскія фразы. Слухачы хораша ажывіліся і прыйшлі яшчэ ў большае захапленне: усё Ільіч ведае! Усе мовы.
Калі Вільямс скончыў, недзе схаваны за людзьмі духавы аркестр зайграў «Інтэрнацыянал». Тысячы галасоў падхапілі яго мелодыю.
Ленін таксама спяваў.
У людзей блішчалі ў вачах слёзы — ад спеву гэтага, ад таго, што разам з імі спявае Ленін.
Чырвонаармейцам прыйшлося зноў працаваць да поту, каб рассунуць натоўп і зрабіць праход.
Выйшаўшы з манежа, Ленін затрымаўся каля машыны — размаўляў з Вільямсам і Біці, даваў ім парады, як лепш вывучаць рускую мову, расказваў, як ён у эміграцыі вывучаў англійскую, італьянскую.
Ушакоў у гэты міг спахапіўся: банда не даруе, што ён не выканаў яе задання. Тэрарыст, каб апраўдацца, пачынае актыўна камандаваць іншымі. Гульнёй у высакароднасць з'яўляецца яго сцвярджэнне, што бомбы ён не кінуў каля машыны таму, што не хацеў «забіць дарэмна многа людзей». Хлусня! Проста ён добра ўсведамляў, што будзе тут жа разарваны людзьмі на часткі — за сваё жахлівае злачынства.
«Мы яго спынім і заб'ём на мосце цераз Мойку».
Магчыма, Ушакоў быў п'яны, магчыма, розум яго сапраўды быў затуманены, таму ва ўспамінах ён блытае і месца мітынгу, і мост. Ды і сябе абяліць стараецца перад народам, хоць тут жа апраўдваецца перад арганізатарамі замаху — эсэрамі, якія, ведаў, жывуць, дзейнічаюць недзе і могуць адплаціць нават са сметніка, куды іх выкінула рэвалюцыя.
Фрыц Платэн быў вельмі ўзрушаны тым, што ўбачыў і пачуў на мітынгу. Калі яны селі з Леніным на заднім сядзенні, Марыя Ільінічна села наперадзе іх, і аўтамабіль асцярожна выбіраўся з натоўпу на свабодную ад людзей заснежаную вуліцу, Платэн сказаў:
— Дарагія таварышы! Здаецца, я, сацыяліст, толькі цяпер пачынаю разумець, што такое рабочы клас. І што такое рэвалюцыя. Пралетарская. Пра такі энтузіязм у Швейцарыі можна толькі марыць.