Задаволены мітынгам, Ленін у цемры ўпотай пасміхнуўся:
— Дарагі Платэн, не будзьце залішне самакрытычным. Пралетарыят... ён усюды пралетарыят. Яго трэба палітычна адукаваць. І правільна павесці.
Шафёр Цімох Гарахавік, сын беларускага селяніна, нядаўні рабочы «Сіменс і Гольске», вёў аўтамабіль павольна — пратораная рамізнікамі дарога слізкая і ўхабістая, не занясло б, вязе Леніна, не каго-небудзь. Гарахавік ганарыўся сваёй работай, з цікавасцю слухаў размовы Ілыча са сваімі спадарожнікамі, а ў тую паездку шкадаваў, што не ведае мовы, на якой гавораць Ільіч і яго госць.
Машына мінула Сімяонаўскі мост цераз Фантанку.
Піша Ушакоў-Рэшатаў:
«Аўтамабіль ідзе. Бомбай, толькі бомбай. Кідаюся ўперад — аўтамабіль павольна рухаецца. Амаль датыкаюся крыла. Ён у аўтамабілі. Ён глядзіць, у цемры я бачу вочы яго. Бомбу!.. Але чаму аўтамабіль адыходзіць, а бомба ў руках? Вось я бачу і ведаю, што бомба ў руках і аўтамабіль адыходзіць і што трэба бомбу ўзарваць. Быццам нехта звязаў рукі і ногі...
...І тут толькі зразумеў Капітан, што ён прайграў бітву. Салдаты яго «размякні» — ён не мог у гэтым не пераканацца, і ён пачаў адзінокую страляніну».
Тады і Ушакоў, зразумеўшы, што яго чакае, выхапіў рэвальвер і, страляючы, пабег за аўтамабілем.
Першая куля, відаць, Капітанава, трапіла ў кузаў. Гарахавіку і Марыі Ільінічне здалося, што з-пад шыны вылецеў лядзяш і ўдарыў у падножку ці ў крыло.
Ленін і Платэн былі заняты размовай.
Больш выразна ляснуў другі стрэл, і куля прасвістала над галовамі. Платэн, спартсмен і паляўнічы, раней, чым Ільіч, зразумеў, што страляюць па іх, і схапіў абедзвюма рукамі Леніна за галаву, за барашкавую шапку, рэзка нагнуў да пярэдняга сядзення.
Зноў дзынкнула куля і быццам разарвалася на перадзе — ажно зіхнулі іскры.
Платэн пачуў, што яму як бы абпаліла левую руку.
Гарахавік убачыў прабоіну ў ветравым шкле. Чуць прытармазіўшы, каб пры крутым павароце не пераку ліць машыну, ён павярнуў у першы ж завулак.
Ленін, нязручна нахілены, па сутнасці, прыціснуты Платэнам, намацаў яго руку, каб вызваліць сваю гала ву, і адчуў, што пальчатка госця мокрая, цёпла мок рая. Рашуча выпрастаўся, устрывожана спытаў:
— Платэн, вы паранены?
— Здаецца, драпнула. Думаю, што глупства. Але вы... таварыш Ленін. Як можна! Без аховы... без эскорту... Нельга так рызыкаваць! Нельга!..
— Эскорт? — здзівіўся Уладзімір Ільіч.— Платэн, вы мысліце буржуазна-манархічнымі катэгорыямі. Прыдворнай лейб-гвардыі ў нас ніколі не будзе!
Пятляючы па вуліцах, Гарахавік гнаў машыну з хуткасцю, якую раней не дазваляў сабе, калі вёз Леніна.
Уладзімір Ільіч, як звычайна, ветліва павітаўся з новай зменай вартавых і прайшоў у кабінет.
У Саўнаркоме пра замах ніхто нічога не ведаў. Праз некалькі мінут, у восем гадзін, павінна пачацца пасяджэнне Саўнаркома.
Ленін сеў за рабочы стол і пачаў накідваць тэзісы свайго даклада аб правакацыі румынскіх улад, аб тых мерах, якія былі зроблены ў адносінах пасольства, і аб мемарандуме дыпламатычнага корпуса.
Увайшла задыханая Надзежда Канстанцінаўна. Так яна ніколі сюды не ўваходзіла.
Уладзіміра Ілыча ўстрывожыў жончын выгляд, яе задыханаму, той дзень ёй нездаровілася, і ён яшчэ ўдзень званіў Веры Міхайлаўне Вялічкінай-Бонч-Бруевіч, каб тая, як урач, наведала Надзежду Канстанцінаўну, але не гаварыла, што гэта яго просьба: Крупская не любіла ўрачэбных аглядаў.
— Што здарылася, Надзя?
— Ты пытаеш у мяне?! Валодзя! Маша сказала у цябе стралялі.
— Здаецца, стралялі.
— Божа мой! Ты гаворыш пра гэта з такім спакоем?
— А ты стала такая набожная? — пасміхнуўся Уладзімір Ільіч і падышоў да жонкі, сказаў сур'ёзна: — Надзя, кожны з нас, бальшавікоў, павінен быць гатовы што ў яго могуць страляць. Мы на фронце, і мы не можам ухіліцца ад небяспекі. Лёгка параніла Фрыца Платзна. Праявіце з Маняшай, калі ласка, клопат пра яго, ён — наш госць.
Увайшлі наркомы Скварцоў-Сцяпанаў і Луначарскі; абодва, далікатныя інтэлігенты, трохі збянтэжыліся, што перашкодзілі размове Ілыча з жонкай. Папрасілі прабачэння.
— Сядайце, таварышы,— Ленін паглядзеў на гадзіннік.— Праз пяць мінут пачнём працаваць. А ты, Надзя, ідзі да таварыша Платэна. Напаіце яго самым харошым чаем.
Ленін усё ж прымусіў Бонч-Бруевіча паехаць адпачыць у «Халілу», таму старшыні Надзвычайнай камісіі па ахове парадку і па барацьбе з пагромамі ў той дзень на працы не было. Камісары славутага 75-га пакоя Смольнага, выслухаўшы Гарахавіка, тут жа далажылі аб здарэнні Дзяржынскаму, які тры тыдні назад узначаліў Усерасійскую Надзвычайную Камісію (ВЧК).