«Добра туды пакласці лыжачку масла і лыжачку мёду. Паверце, самае лепшае лякарства».
Хто яму не верыў? Дзіцяці вядома, што ў такі галодны час малако з маслам і мёдам — найлепшае лякарства.
Але Сяргей убачыў, што ў Міры ад такога прызначэння сталі спалоханыя вочы. Зразумеў, пра што яна падумала. Дзе ў гэты час, у студзені, калі каровы яшчэ не пачалі цяліцца, узяць малака, не кажучы ўжо пра масла і мёд?
Ён таксама на нейкі час разгубіўся: сапраўды, дзе ўзяць? Але тут жа засаромеўся сваёй разгубленасці. Як гэта ён не можа дастаць шклянку малака чалавеку, што стаў такі ж дарагі, як маці, як сястра? Ды, нарэшце, проста сорамна думаць так пра сваіх людзей. Навокал жа свой народ, у дабрыню і шчырасць якога ён, народнік, заўсёды верыў. Было б горкім расчараваннем, каб ніхто не прадаў, не даў шклянкі малака для хворага чалавека.
Калі ўрач паехаў, Багуновіч пачаў апранаць афіцэрскую бекешу: на дварэ ціснуў добры студзеньскі мароз.
— Куды вы, таварыш палкоўнік?
Міра, акрамя навагодняга вечара, прадаўжала трымацца ў размове з ім жартаўліва-кеплівага тону, трохі паблажлівага, як гэта часта робяць жанчыны, якія ведаюць, што іх кахаюць. Але ў Міры гэта ішло яшчэ і ад маладога максімалізму, ад упэўненасці, што палітычна яна намнога больш адукаваная і павінна прасвячаць усіх навокал. Пасля бурнай размовы ў полі, калі ішлі ад немцаў, і яго мімавольнага, аднак шчырага прызнання, што ён зусім не супраць звання палкоўніка, што толькі з такім званнем ён меў бы маральнае і юрыдычна-вайсковае права камандаваць палком, Міра не ўпершыню вось так іранізавала: «Таварыш палкоўнік».
Сяргей прыняў такую гульню, зварот такі яго не крыўдзіў, урэшце, і сам ён дазволіў сабе такі жарт з сапраўдным палкоўнікам Пастушэнкам, спалохаўшы гэтым старога. Ва ўсялякім разе, яго радавала, што Міра за дні сваёй хваробы ні разу не ўзлавалася ка яго апалітычнасць і ні разу, як раней, не кінула: «пан паручнік», вось гэта яго якраз крыўдзіла. Няхай ужо лепш будзе «таварыш палкоўнік». Таксама горкая іронія, але па іншай прычыне: ад палка мала што засталося.
Сяргей адказаў проста, на дзіва па-бытавому, па-хатняму, як некалі казала маме кухарка:
— Па малако.
У Міры расшырыліся і без таго вялікія чорныя вочы, а пачырванелы ад жару твар яшчэ мацней запалаў. Здаецца, ёй хацелася засмяяцца, але смех перапыніў натужлівы кашаль. Кашаль быў сухі. Аднак Сяргей чамусь падаў ёй ручнік. Яна выцерла патрэсканыя вусны і ўсё ж пажартавала:
— Куды? Калі ты лічыш, што раўчак за вадакачкай малочны, дык не забывайся, што ён замерз. Разам з гладышкай вазьмі сякеру, каб прарубіць палонку.
— Я пайду ў сяло.
— Ты ашалеў! Камандзір палка, як баба, будзе хадзіць з гладышкай і клянчыць конаўку малака. Не смей! Не трэба мне малако!
Гэта Міра сказала сур'ёзна, загадна. І гэта было новае. Раней яна часам здзекавалася з яго афіцэрскага гонару. А тут раптам упершыню спалохалася за яго камандзірскі аўтарытэт. Такі паварот крануў яго. Ён апусціўся перад ложкам на калені і пацалаваў яе гарачую руку. З самага пачатку іх збліжэння Міру бянтэжыла, калі ён цалаваў руку. Аднойчы нават сказала:
«Ніяк з цябе не выветрацца панскія прывычкі».
Цяпер яна таксама збянтэжылася, але неяк зусім інакш — быццам узрадавалася, ад радасці засаромелася і па-дзіцячаму заплюшчыла вочы.
Ён паглядзеў на яе цудоўнае, як у «Святой Цэцыліі» Карла Дольчы, аблічча і падумаў, што, акрамя хіба маці, у яго няма болей роднага, болей блізкага чалавека, як гэтая дзяўчына, пра існаванне якой ён нават не ведаў усяго паўтара месяца назад.
— Не бойся. Я нешта прыдумаю, каб не ўраніць свой гонар. Магу паслаць салдата...
Яна імкліва расплюшчыла вочы, ад узмаху веек яе не шугануў вецярок.
— Не бойся. Я не буду загадваць. Я папрашу. Я навучыўся прасіць. А людзі добрыя.
Так, можна папрасіць салдата. Але ён усё ж, як і Міра, трохі баяўся, што гэта недэмакратычна, што ён як бы хітрасцю ператварае паслухмянага салдата ў ардынарца, якія адменены спецыяльным загадам, хоць з загадам такім, як і з многімі іншымі, яму нялёгка было згадзіцца. Урэшце, ёсць у гэтым небяспека: самы надзейны салдат, згаладалы, можа выкарыстаць просьбу камандзіра дзеля ўласнай карысці. Сяляне нярэдка скардзяцца на кражы, якія робяць салдаты. А людзі тут, калі не лічыць двух-трох кулакоў, вельмі бедна жывуць, у некаторых дзеці галадаюць, колькі разоў ён мусіў памагаць ім з палкавога катла.
Можна папрасіць пані Альжбету. Цяпер яна не адмовіць. Цяпер яна добрая. Уласна кажучы, толькі дзякуючы яе варэнню, яе наліснікам з пшанічнай мукі і крухмалу, Міра хоць трохі ды есць, хоць неяк падтрымлівае свае сілы. Не карміць жа хворую салдацкімі абедамі — хлебам з мякінай і перакіслай капустай.