Выбрать главу

Але менавіта таму, што быў надзвычай удзячны пані Альжбеце і Юстыне, Багуновіч не мог звярнуцца яшчэ з адной просьбай, безумоўна, нялёгкай для іх, бо ў саміх іх малако ён бачыў вельмі рэдка; тады яшчэ, калі ў яго жыццё не ўвайшла Міра, сям'я начальніка станцыі разы два пачаставала яго ячменна-жалудовай кавай з малаком.

Урэшце, усе прычыны, з-за якіх ён не мог папрасіць кагось старонняга, былі другараднымі. Бо ўсе іх як бы адхіляла адна, галоўная прычына, якая вымушала былога ганарлівага афіцэра, цяперашняга камандзіра палка, пайсці самому шукаць малако. З'явілася тое, чаго некалі з-за юнацкага эгаізму ён не разумеў у маці сваёй,— для чалавека, якога любіш больш, чым сябе, і які захварэў, усё хочацца зрабіць самому: з-пад зямлі дастаць малако, мёд, паставіць банькі, папарыць ногі... Што яшчэ назначыў стары ўрач? Які ў яго стомлены выгляд быў!

«Гэта ваша жонка, камандзір?» — спытаў ён, выйшаўшы ў залу, дзе Багуновіч чакаў, пакуль доктар з дапамогай пані Альжбеты аглядаў хворую.

«Мая жонка»,— адказаў ён, адчуваючы, што чырванее.

«Галубчык мой, як спадзе тэмпература, адашліце, гэтае няшчаснае дзіця да мамы. Яна сказала, што мінчанка. Рукой падаць. Не будзьце эгаістам. Давайце без жонак дап'ём сваю франтавую чашу. Падпішуць мір — паедзем да жонак».

Вось яшчэ адзін, хто ўбачыў вайну ў аперацыйных і трупярнях шпіталя, прагне міру гэтак жа, як ён, як салдаты.

Не стаў тлумачыць, што гэтае «няшчаснае дзіця» прыслаў рэўком арміі, каб яно несла сваім і нямецкім салдатам бальшавіцкую праўду — так любіла казаць пра сваю місію Міра. Каб «агітавала за сусветную рэвалюцыю» — так часам кпіў ён, Багуновіч. Ніхто яе нікуды не здолее адаслаць. Ні да якой мамы. Яна лічыць сябе салдатам рэвалюцыі.

Снег галасіў пад ботамі. Стылі ногі. Вузкая вуліца вёскі выгіналася ўздоўж рэчкі — той, у якой «цячэ малако», як горка пажартавала Міра.

Занесеныя снегам, таму як бы прыплюснутыя да зямлі, хаты выглядалі сіратліва, адзінока, як бы нічым не звязаныя паміж сабой, ніякім жыццём. На вуліцы — ніводнага чалавека. Пуста — як у царстве мёртвых. Толькі там, дзе ў гародах раслі яблыні — чамусьці такія двары згрупаваліся ў дальнім ад маёнтка канцы вёскі,— было адчуванне нейкай еднасці чалавечага жытла. Ядналі дрэвы. Жывымі здаваліся і голыя вербы над рэчкай. У Багуновіча даўно, з маленства, было дзіўнае пачуццё: яму здавалася, што калі нават у самы моцны мароз дакрануцца да дрэва рукой, то пачуеш, што яно цёплае. Таму не хаты — дрэвы сведчылі аб прысутнасці жыцця, цеплыні.

Толькі ў вайну ўжо Багуновіч убачыў усё жахлівае жабрацтва польскіх, беларускіх, літоўскіх сялян, якіх да таго ж бязлітасна рабавала спачатку рускае «святое воінства», што памірала «за цара і айчыну», пасля — кайзераўскае; у часе некаторых удалых контрнаступленняў яны пераконваліся, як метадычна ўмелі рабаваць немцы: калі рускія салдаты былі дробнымі зладзеямі, дык нямецкія — разбойнікамі вышэйшага класа.

Ужо тады Багуновіч няспынна думаў пра сялян: «За што ваююць гэтыя людзі, калі іх апранаюць у шынялі?» І тым больш захапляўся гераізмам салдат. Ніводнага салдата свайго не даў у крыўду. Пра гэта ведала не толькі яго рота, але ўвесь полк, таму, напэўна, аднадушна назвалі яго імя, калі трэба было выбраць рэвалюцыйнага камандзіра.

Бедныя хаты ён абыходзіў — баяўся іх беднасці, баяўся выгляду рахітычных дзяцей, якія ўсюды глядзелі на яго галоднымі вачамі: дасць салдат нешта ці забярэ апошняе.

У багатыя кулацкія дамы — гэтых людзей ён ведаў з расказаў Рудкоўскага і Калачыка — не пайшоў з-за прынцыпу, хоць, няма сумнення, малако ёсць толькі ў гэтых абнесеных бярвенчатымі сценамі дварах: у хлявах, накрытых гонтай, чулася сытае рыканне кароў, рохканне свіней.

Яго цягнула ў тыя серадняцкія хаты, каля якіх меліся хоць маленькія сады; верыў у дабрыню людзей, што росцяць дрэвы. Але яму адразу не пашанцавала. У першай жа хаце, у якую ўвайшоў, яго якраз і сустрэла ажно пяць пар галодных дзіцячых вачэй. Адна з іх, старэйшая, гадоў дванаццаці, у лапцях і андараку сядзела за кудзеляй, прала; чэцвёра, зусім малых, абадраных, на печы будавалі з лучынак адмысловыя фартыфікацыі, ім яўна не было чаго абуць, каб спусціцца хаця б на гліняную падлогу, якая гэтай маленькай гаспадыняй была акуратна падмецена.

У хаце было чыста, але пад чыстым абрусам на стале не ўзвышалася і маленькая горка — хаця б акрайчык хлеба. Пабаяўся спы таць, дзе бацька. Спытаў, дзе маці. Дзяўчына паслужліва падхапілася:

— Яна ў пуні, вее ячмень. Я паклічу, паночку.