Выбрать главу

Накінула кажушок і што мышка шмыгнула з хаты — не паспеў ён сказаць, што не трэба маці адрываць ад працы. Ён ведаў, што ў прыфрантавой паласе сяляне, у якіх не хапала рабочых рук, каб абмалаціць сабраную збажыну адразу і надзейна схаваць, малацілі яе малымі порцыямі: снапы кралі рэдка, а зерне выграбалі часта.

Багуновіч памацаў кішэні: ці няма сухара або драбка цукру? Пастушэнка не мог жыць без кіпню, а Сцяпанаў заварваў гэты кіпень падгарэлымі скарынкамі хлеба. Так камандаванне палка «чаёўнічала» ў штабе. Ведаючы гэта, Міра часам клала яму сухар і цукар.

У кішэні знайшлася толькі гільза патрона ад нагана. Магчыма, хлапчук, яму было сем-восем гадоў, узрадаваўся б гільзе, але дарыць такую цацку Багуновіч пасаромеўся. Падарыў карандаш, які намацаў у бакавой кішэні фрэнча.

У хлопчыка загарэліся вочкі.

— Ух ты! Які алавец! — і ён тут жа нарысаваў на белым коміне смешнага чалавечка.

— Не пэцкай,— строга сказала сястрычка, малодшая, але па-жаночаму практычная.— Будзе табе ад мамкі.

— Я прынясу табе паперы.

— Ух ты! Во пашэнціла! А я знаю цябе — ты камандзір!

— Яначка, хіба ж можна так! — з пакутлівай сарамлівасцю папракнула брата малодшая сястра.

У Багуновіча захраснуў у горле салёны камяк.

— Што вы будуеце?

— Крэпасць! — адказаў хлопчык.

— Царкву,— прапішчала самая малая.

— Царкву! — хмыкнуў будаўнік крэпасці.— Многа ты знаеш. Хіба царкву так будуюць? Дзядуня Калачык сказаў, што царкву бурыць будуць. На дровы.

— Надзярэ табе мамка вушы, Яначка,— з незвычайным шкадаваннем уздыхнула дзяўчынка.

Ад гэтай даросласці пяціці шасцігадовай жанчыны сапраўды хацелася плакаць: вочы набрынялі слязьмі.

— Будуйце, дзеці, лепш хату. Проста добрую хату, у якой вам будзе цёпла жыць.

Гэта ён сказаў не столькі ім, колькі сабе. У той міг яму сапраўды хацелася толькі аднаго — будаваць людзям хаты. Не, яму яшчэ хацелася вучыць дзяцей або лячыць хворых.

Маці дзяцей ускочыла ў хату апантана: хустка збілася з галавы, у бялявых валасах мякіна, асцё ячменю начаплялася на спадніцу, пашытую, мабыць, са старога андарака.

Стукнуўшы дзвярамі, тут жа прытулілася да вушака, задыхана хапала паветра, прыціснуўшы далоні да грудзей.

Была яна маладая, з прывабным тварам, але на твары гэтым ляжаў цень пакуты.

— Чаму ў вас такі спалоханы выгляд? Я вас спалохаў? Прабачце.

— Што вы, паночку! Я падумала: вы прыйшлі, каб сказаць пра майго Рыгора, паўтара года ні слыху ні дыху. Хоць бы вестачка, дзе галоўку паклаў.

Ведала, што ён камандзір палка, і па прастаце сваёй і непісьменнасці лічыла, напэўна, што да такога высокага чына прыходзяць звесткі пра салдат усяго вялізнага фронту.

Жанчына глядзела на яго са страхам і надзеяй.

Багуновічу стала няёмка і самотна.

— На жаль, не знаю я пра вашага Рыгора. Дайце яго апошні адрас. Я паспрабую высветліць.

Гаспадыня кінулася ў кут да стала, ускочыла на ўслон і дастала з-за іконы загорнутыя ў старую хусціну паперы.

Ён глядзеў, як ліхаманкава, застаўшыся стаяць на ўслоне пад іконамі, як статуя мадонны, яна зубамі развязала вузялок на хусціне, як дрыжалі яе рукі, калі яна сярод розных папер і салдацкіх пісем шукала апошняе. А Багуновічу стала нясцерпна сорамна, што з-за сваёй далікатнасці ён так жорстка зманіў няшчаснай салдатцы. Ён жа, як кожны франтавы афіцэр, добра ведаў, як адказвалі нават у першы год вайны на запытанні сямей пра тых, хто прапаў без весткі ці трапіў у палон. У лепшым выпадку — адпіскай. А цяпер, калі ўсё развалілася, усё дэзарганізавана — штабы, палявыя пошты,— гэта абсалютна безнадзейная справа. Ён можа напісаць. Не, ён абавязкова напіша — не можа яшчэ раз падмануць! Але будзе гэта пісьмо «на деревню дедушке».

Жанчына саскочыла з услона, дрыготкай рукой працягнула яму пісьмо.

Багуновіч памацаў кішэню, забыўшыся, што падарыў карандаш хлапцу. Звярнуўся да Янкі:

— Дай, калі ласка, карандаш.

Хлапец завагаўся — спалохаўся, што ён хоча забраць назад такую каштоўную рэч.

— Не бойся, я запішу адрас і вярну табе.

— Ужо выцыганіў? Ну, пачакай жа!

— Не, не, я падарыў яму.

Багуновіч запісаў нумар пошты, прозвішча, імя: Сухі Рыгор Мацвеевіч.

Вярнуўшы ёй пісьмо, а хлопцу карандаш, вінавата сказаў:

— Прабачце, я пайду.

— Але ж... паночку нешта хацеў?

Безумоўна, проста так, без патрэбы, ён не хадзіў бы па хатах, гэта яна, практычная сялянка, добра разумела. Таму нельга больш зманіць. Яна павінна паверыць у яго шчырасць!

Багуновіч даверліва паглядзеў жанчыне ў вочы.