Выбрать главу

— А мне казалі, што вы не бальшавік. Гэта ж бальшавікі ў бога не вераць.

— А вы верыце?

Стася сумна засмяялася і сказала пра іншае — пра сваё, жаночае:

— Я верыла, што спакушу вас. Вы мне падабаліся,— прызналася і засаромелася: — Ой, што гэта вы робіце са мной?

— Нічога я не раблю. Я быў бы вам удзячны, каб вы сказалі, у каго можна купіць малако.

— Вам не сорамна хадзіць па хатах?

Сяргей на міг задумаўся: што ёй адказаць?

— Вы знаеце, Стася, мне не сорамна. Калі чалавеку, які табе дарагі, блага — для яго зробіш усё. Зрабіць хочацца іменна самому. Хіба вы не перажылі такое?

Стася раптам закрыла твар чырвонымі рукавіцамі-самавязкамі.

Вагуновічу здалося, што яна плача. Разумеў, чаму яна магла заплакаць, пашкадаваў, што так неасцярожна нагадаў удаве пра яе горкі лёс. Супакойваць не стаў.

Яна выцерла вочы рукавіцамі, уздыхнула:

— Божа, як даўно гэта было. Я зайздрошчу вашай жонцы. Яна шчаслівая.

— Я шчаслівы.

— Але ўсё адно самі не хадзіце. Абгавораць бабы. Чаму вы не прыйшлі да нас? У камуне яшчэ не ўсіх кароў запусцілі. Запусцім. Дзецям малака не будзе,— яна крыва пасміхнулася з камунарскіх парадкаў.

Багуновіч зноў прызнаўся з нечаканай для сябе шчырасцю:

— Мне прыйдзецца прасіць у Рудкоўскага хлеб і бульбу для салдат. Каторы раз.

Стася жорстка ўпікнула:

— Сядзіць у вас панскае. Цяжка вам папрасіць мужыка. Не верыце, што ў нас ёсць сэрцы.

Яму зрабілася няёмка.

— Што вы!

— Ну, вось што, таварыш камандзір. Ідзіце займайцеся сваімі справамі. Малака я вашай...

— Міры,— падказаў ён.

— ...вашай Міры я сама прынясу. Мяне, праўда, не любіць пані начальніца. Набрахалі ёй, што, пакуль яна была ў бежанцах, я круціла з яе Пятрасам. Вот жа языкі! Не верце. Вельмі мне трэба яе лысы літвін! Які з яго мужчына! Стары дзед. Ну, з Альжбетай я дамоўлюся. Будзе прычына пагаварыць з ёй па душах. Так што ідзіце вучыце нашых страляць з кулямёта.

Багуновіч не ведаў, як дзякаваць.

Стася адмахнулася ад яго падзяк: маўляў, панскія штучкі! Але адчувалася, што па вуліцы ідзе з ім не без гонару, пазірала на вокны і, мабыць, шкадавала, што яны замерзлыя і мала хто ўбачыць, што яна гуляе з камандзірам палка.

А Сяргей расчулена думаў: недарэмна маці часта казала, што свет не без добрых людзей, і верыла, што гэта сапраўды так. Ён таксама пачынае верыць гэтаму нават тут, ка вайне. Выпадковая сустрэча памагла яму. Аднак пра мёд і масла сказаць не адважыўся. Падумаў, што Стася можа ўзяцца дастаць і такія ласункі. З яго боку гэта была б бесцырымонная эксплуатацыя яе дабрыні.

Спраў у яго сапраўды было многа. Як у дабрыню людзей, ён гэтак жа пачынаў верыць у сілу слова. Паназіраўшы, не мог не згадзіцца: у тым, што ў палку амаль спынілася самадэмабілізацыя і салдат засталося больш, чым у суседніх палках, немалая заслуга сухотніка Сцяпанава, які з раніцы да вечара — у ротах, ва ўзводах, спакойна, настойліва пераконвае салдат, што рэвалюцыю мала зрабіць — яе трэба абараніць ад ворагаў, знешніх і ўнутраных. Хораша ў яго атрымоўваецца, доказна. Пасля яго простыя словы як бы замацоўвае Міра сваімі палымянымі прамовамі аб сусветнай рэвалюцыі, аб будучым грамадстве роўнасці і брацтва, тлумачэннямі навуковага сацыялізму, прац Маркса, Леніна.

Сяргей амаль не ведаў іх прац, акрамя хіба апошніх газетных артыкулаў Леніна, але са сваёй адукацыяй і вопытам не мог не ўлаўліваць супярэчнасці ў Мірыных разважаннях. Калі звяртаў на гэтыя супярэчнасці яе ўвагу, яна ўпарта не згаджалася, называла яго апартуністам, меншавіком (меншавік для яе было самае абразлівае слова), аднак пасля ўпотай пакутліва шукала адказы на яго хітрыя і складаныя пытанні. Ён адчуваў, наколькі драматычныя яе пошукі, сумненні. Такую душэўную драму яна перажыла пасля сустрэчы з Троцкім у вагоне. Да таго нярэдка спасылалася і на Леніна, і на Троцкага, ставіла іх імёны побач. Пасля ён ні разу не пачуў з яе вуснаў імя наркома па замежных справах. Міра яўна страціла веру ў яго высокі аўтарытэт.

Салдаты, магчыма, не вельмі ўнікалі ў навуковыя глыбіні, але пафас гэтай маленькай дзяўчыны, яе вера ў тое, пра што яна расказвала — будучыня ў яе расказах выглядала казачнай,— захаплялі іх, натхнялі, падтрымлівалі аслаблены дух.

Паступова сам ён зрабіўся амаль такім жа агітатарам, як Сцяпанаў і Міра. Праўда, у яго не было іх красамоўнасці і пераконанасці ў бальшавіцкай праўдзе, але затое ў яго была іншая перавага — веданне вайсковай справы і псіхалогіі салдата. Салдаты, безумоўна, паважалі яго і Пастушэнку за тое, што ў такі час, калі армія рушыцца, развальваецца, яны, афіцэры, як капітаны карабля, які тоне, да канца застаюцца на баявым мосціку разам з камандай і застануцца, напэўна, нават тады, калі апошні радавы пакіне свой пост. Нялёгка пры такім становішчы матросы пакідаюць свайго капітана. Так, напэўна, і салдатам нялёгка пакінуць камандзіра, які, ведаюць, шчыра клапаціўся пра іх.