У тым, што даручаны ім участак фронту ахоўваецца цалкам баявымі батальёнамі і ротамі, хоць і моцна парадзелымі, не ў меншай меры, чым слова, мела значэнне і тое, што неяк удавалася карміць людзей.
Было і яшчэ адно. Багуновіч нялёгка адважыўся ўзброіць мясцовы сялянскі атрад. Аднак з'яўленне такога атрада, страявая вучоба хлопцаў у лапцях і кажухах, заняткі на стрэльбішчы, далей ад лініі фронту — каб немцы не заяўлялі пратэсты з-за страляніны,— усё гэта на дзіва ўзняло дысцыпліну. Цяпер Багуновіч аддаваў атраду Рудкоўскага не менш увагі, чым уласнаму палку.
У той дзень ён паабяцаў Антону асабіста правесці колькі заняткаў па кулямёту «Максім», навучыць разбіраць, збіраць, наладзіць, калі «заесць» затвор.
Падмануць Рудкоўскага і чырвонагвардзейцаў ён не мог. Ды як пакінуць Міру на доўгі час? А галоўнае — дзе дастаць мёд і масла? Паехаць за дванаццаць вёрст у мястэчка? Але наўрад ці можна там купіць дарагі харч у такі галодны час.
Самы надзейны адрас — Бульба-Любецкі. У эсэра заўсёды ўсё ёсць. Але Багуновіч ведаў, якім чынам яно дастаецца: з навакольных сялян, з яўрэяў-местачкоўцаў Бульба збірае даніну. Гэта аддае рабаўніцтвам. Але Бульба апраўдвае сябе тым, што бярэ з багатых. «Экспрапрыюю экспрапрыятараў»,— смяецца ён. Аднак полк яго ад такой «экспрапрыяцыі» разлажыўся. Учора камандзір трэцяга батальёна Берасцень данёс, што на ўчастку «бульбаўцаў» пярэдняя лінія акопаў нікім не ахоўваецца. Устрывожыла гэта іх з Пастушэнкам. Дамовіліся, што нехта з'ездзіць да суседа, каб высветліць абстаноўку.
Есць прычына для паездкі. Але Багуновіч сур'ёзна баяўся, што размова з Назарам можа скончыцца так, што будзе не да таго, каб прасіць масла і мёд. Бульба бывае цяжкі. Ды і брыдка прасіць нарабаванае. Бог пашкадаваў яго і не разбэсціў нават на вайне, яго маральныя прынцыпы, выхаваныя бацькамі, засталіся непарушнымі. Праўда, жыццё хістае іх. Моцна. Мімаволі пойдзеш на змову з сумленнем. Але адна справа папрасіць пад Новы год пляшку шампанскага. Гульня. Афіцэрскае шыкаванне. Зусім іншае — прасіць масла... Брыдка, безумоўна. Але, урэшце, ён паедзе не красці, не рабаваць. Прасіць. Для ўратавання роднага чалавека. «Свет не без добрых людзей».
Пастушэнка звычайна з зайздроснай бадзёрасцю працаваў над зводкамі і тактычнымі картамі, хоць ніякіх дзеянняў не было, у становішчы палка мянялася толькі колькасць людзей — выбывалі без баёў, праўда, у апошнія дні такія «страты» раўняліся двум-тром чалавекам у дзень, не больш. Ды мяняліся катастрафічна мізэрныя харчовыя і фуражныя запасы. Нават Сцяпанаў някрыўдна кпіў са штодзённай варажбы начальніка штаба над картамі, хоць разумеў, што проста стары не можа не працаваць, нудзіцца без работы. Выступаць перад салдатамі, як Сцяпанаў ці Міра, баіцца, сам прызнаўся: «Каб не наблытаць чаго, у мяне старыя ўяўленні».
На гэты раз палкоўнік сядзеў за сталом, над газетай, з неўласцівым яму панурым выглядам.
— Пошта? — узрадаваўся Багуновіч, бо пошты не было ўжо колькі дзён, нават дэпешы са штаба фронту і са Стаўкі не прыходзілі, тэлеграф зрэдку адстукваў малазначныя ўказанні: «Вам паслана семдзесят пудоў аўса». Мізэрнасць. Праўда, і над аўсом думалі нямала — як яго спажыць: скарміць коням ці раздаць салдатам — няхай стаўкуць у ступах і вараць аўсяную кашу.
— Не, не пошта. А газета свежая,— адказаў Пастушэнка.— Прывёз сусед.
— А чаму ў вас такі выгляд, Пятро Пятровіч?
— Яны разагналі Устаноўчы сход.
— Хто?
— Бальшавікі.
— І вы... з-за гэтага ў такой жалобе? — здзівіўся Багуновіч. Раней яму здавалася, што да палітыкі Пастушэнка адносіўся спакойна, ва ўсялякім разе, трагедыю не рабіў ні з адной падзеі апошняга часу.
— А вы?.. Вас што... не кранае гэта? — дрыготкім голасам спытаў Пастушэнка.
— Абсалютна. Я знаў, што яго разгоняць. Тыдні два назад Міра паказала мне артыкул Леніна...
— Галубчык мой, я вас не разумею. Расія магла атрымаць парламент.
— Пятро Пятровіч, яшчэ два, калі не тры... гады назад я расчараваўся ва ўсіх парламентах свету. У нашых думскіх балбатунах. У французскім, англійскім парламентах. Да д'ябла парламенты, якія гоняць людзей на смерць! У акопы іх, свалачэй, гэтых краснабаеў! На аўсяную кашу! Вошай карміць!
Багуновіч рэдка так зрываўся, гаварыў з такой злосцю. Спахапіўся — і яму стала няёмка. Пастушэнка таксама здзівіўся, аднак як бы скінуў страшны цяжар, што гнуў яго да стала, выпрастаўся. Паспрабаваў спрачацца, але ўжо без роспачы, так, як спрачаліся часам раней.